Logo Polskiego Radia
Print

Замак Мазавецкіх князёў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.11.2013 09:12
  • запрашаем.mp3
Замак у Чэрску - нямы сьведак гісторыі.

А сёньня, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы “Запрашаем у Польшчу” накіруемся ў мясцовасьць, якая разьмешчаная недалёка ад Варшавы, прыкладна ў кілямэтрах дваццаці. Гэта вёска Чэрск. А вядомая яна ў рэгіёне тым, што тут разьмешчаны замак Мазавецкіх князёў. Нагадаю, што Мазовія альбо па-польску Мазоўшэ (Mazowsze) – гэта цэнтральны рэгіён Польшчы з адміністрацыйным цэнтрам у Варшаве.

А вось гісторыя... На месцы сёньняшняга замку існаваў драўляна-земляны град, пабудаваны ў ХІ стагодзьдзі князем Баляславам Сьмелым. Гэты град быў адміністрацыйным цэнтрам Чэрскага княства. У XIV стагодзьдзі Мазавецкі князь Януш І загадаў замест старога драўляна-землянога ўмацаваньня пабудаваць цагляны замак. Яго будавалі працяглы час, бо з 1388 да 1410 года. Гэта была важнейшая рэзыдэнцыя князя Януша, які й памёр у замку ва ўзросьце 83 гадоў. Дарэчы, у тыя часы мала хто дажываў да такіх гадоў, бо людзі жылі мала й паміралі вельмі хутка, і, для прыкладу, саракагадовыя мужчыны лічыліся ўжо старымі.
У 1526 годзе замак перайшоў ва ўласнасьць польскага манарха. У 1547 годзе аб’ект стаў адной з рэзыдэнцый каралевы Боны. Гэтая італьянка пакінула ў польскай гісторыі значны сьлед, бо зьмяніла дыету каралеўскага двара. Калі Бона выйшла замуж за польскага манарха Жыгімонта Старога й прыехала ў Польшчу, то была шакаваная тым, як палякі харчуюцца, а менавіта, што ядуць амаль адно мяса. І вось, яна загадала прывезьці з Італіі й распаўсюдзіць у Польшчы агародніну. Менавіта дзякуючы ёй на польскія сталы трапілі памідоры, спаржавая фасоль, маркоўка, салата, шпінат ды іншая агародніна.

Але вернемся да Чэрскага замку... Падчас польска-швэдзкай вайны ў 1656 годзе замак быў сур’ёзна зьнішчаны. У другой палове XVIII стагодзьдзя аб'ект хацелі адбудаваць, але Польшча як краіна перастала існаваць, бо яе тэрыторыю падзялілі Расея, Аўстра-Вугоршчына ды Прусія. Часткова сьцены замка рэкаструявалі на пачатку XX стагодзьдзя, і ў такім стане ён знаходзіцца па сёньняшні дзень.
Замак адкрыты для наведвальнікаў і зьяўляецца папулярным пунктам на турыстычнай мапе Мазавецкага ваяводзтва. Мы вас таксама запрашаем у Чэрск, у замак Мазавецкіх князёў!

Валеры Саўко

foto:
foto: wikipedia
foto:
foto: wikipedia
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт