foto: wikipedia
1 і 2 лістапада ў Польшчы – важныя дні. Амаль уся краіны накіроўваецца на могілкі, каб ушанаваць памяць памерлых. 1 лістапада - Урачыстасьць усіх сьвятых альбо Сьвята ўсіх сьвятых. Традыцыя жыве і ў іншых краінах, дзе пераважае каталіцызм, аднак у Польшчы яна мае асабліва моцныя карані. А вось 2 лістапада памінаюцца ня толькі сьвятыя й мучанікі, але ўсе памерлыя.
Крыху гісторыі... Папа Рыгор ІІІ у 731 годзе ўстанавіў дзень памінаньня сьвятых на 1 лістапада, а ў 837 годзе папа Рыгор ІV загадаў, каб гэты дзень быў прысьвечаны памяці ня толькі мучанікаў, але й сьвятых. А вось на наступны дзень пасьля Ўрачыстасьці ўсіх сьвятых (2 лістапада) адзначаецца ўспамін усіх памерлых. Для хрысьціян гэта дзень малітваў за ўсіх веруючых ў Хрыста, якія адышлі з гэтага сьвету. У гэтыя дні хрысьціяне наведваюць магілы сваіх памерлых родзічаў і знаёмых, удзельнічаюць у Сьвятой Імшы, моляцца. Існуе старадаўняя традыцыя запальваньня сьвечак на магілах і складаньня кветак, вянкоў і іншых аздобаў, якія зьяўляюцца сымбалем памяці аб памерлых.
Дарэчы, Сьвята памінаньня памерлых мае таксама паганскія карані. Да пачатку ХХ стагодзьдзя ў Польшчы, перш за ўсё ў сельскіх раёнах, існавала традыцыя на 31 кастрычніка гатаваць розныя стравы. У той дзень гаспадыні пяклі хлеб, варылі кашу, боб, а вечарам частку ежы пакідалі на стале. На ноч дзьверы не зачынялі да канца, каб душы памерлых маглі наведаць сваю хату ды падсілкавацца пакінутай ежай. У некаторых рэгіёнах гаспадары гучна прамаўлялі імёны памерлых. Людзі верылі, што трэба дбаць пра памяць памерлых, а таксама накарміць іх душы, бо ў іншым выпадку яны могуць раззлавацца, прычыняць шкоду, пужаць ноччу альбо прычыніцца да няшчасьцяў, у тым ліку й сьмерці. Дарэчы, 1 і 2 лістапада забаранялася біць масла, квасіць капусту, прасьці ды ткаць, рэзаць сечку для жывёлы, выліваць помыі ды пляваць. Народ верыў, што выконваючы гэтыя працы выпадкова можна пакалечыць альбо абразіць душы памерлых, якія наведваюць дом. У цэлай Польшчы людзі багата частавалі жабракоў ды прыкасьцельных дзядоў, бо верылі, што душа іх памерлага сваяка магла ўсяліцца ў цела нейкага жабрака. Узамен жа за пачастунак жабракі й дзяды мусілі маліцца за памерлага чалавека.
Цяпер, зразумела, хутчэй за ўсё ніхто ў такое ня верыць. Але для памінаньня памерлых блізкіх палякі накіроўваюцца на могілкі, дзе паляць сьвечкі, зьнічы, пакідаюць кветкі, асабліва хрызантэмы. А вечарам, калі ідзеш па могілках альбо знаходзішся каля іх, бачыш тысячы агеньчыкаў, якія палаюць у прахладнай асеньняй цемры.
Валеры Саўко