"Rzeczpospolita": Паміж Расеяй і Эўропай
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
07.10.2013 10:54
Малдова й Прыднястроўе дасягнулі ў Брусэлі паразуменьня, хоць да ўрэгуляваньня канфлікту ўсё яшчэ далёка.
polskieradio.pl
На мінулым тыдні ў Брусэлі адбыўся чарговы раўнд перамоваў, якія доўжацца з 2011 г., а накіраваныя яны на вырашэньне праблемы Прыднястроўя -- самаабвешчанай аўтаномнай рэспублікі, якая аддзялілася ад тэрыторыі Малдовы і існуе дзякуючы падтрымцы Расеі. Перамовы вядуцца ў фармаце 5+2 з удзелам перамоўцаў ад АБСЭ, Расеі і Ўкраіны, назіральнікаў з ЗША і ЭЗ, а таксама прадстаўнікоў двух зацікаўленых бакоў: Малдовы ды Прыднястроўя.
-- У нас ёсьць падставы для аптымізму. Мы дамовіліся, што будзем паступова ажыцьцяўляць праграму па ўвядзеньні свабоды перамяшчэньня і гандлю, -- сказала пасьля сустрэчы Ніна Штанскі, перамоўца з Прыднястроўя. Пагадненьне пацьвердзіў малдаўскі прадстаўнік Яўген Карпаў.
Малдова павінна ўзмоцніць памежны кантроль, калі хоча падпісаць пагадненьне аб бязьвізавым рэжыме з Эўрапейскім Зьвязам. Карпаў паабяцаў, што гэта ня ўдарыць па жыхарах Прыднястроўя.
Цывілізаваныя размовы на нэйтральнай тэрыторыі, усьмешкі і дружалюбныя жэсты -- гэта хутчэй рэдкая зьява ў паводзінах бакоў замарожаных канфліктаў на тэрыторыях былога Савецкага Саюзу.
Прыднястроўскі канфлікт можна назваць мяккім, няма ў ім этнічнай нянавісьці або ваеннай напружанасьці. Нават Расея, галоўны ініцыятар праведзенага ў 1990 годзе аддзяленьня, сёньня выступае хутчэй за ўключэньне Прыднястроўя назад у Малдову, паколькі бяз гэтага Кішынёў яшчэ больш аддаліцца ад расейскай сфэры ўплыву. Аднак абавязковай умовай зьяўляецца стварэньне раўнапраўнай фэдэрацыі, у якой Прыднястроўе атрымае дастатковую аўтаномію, а яе палітычныя эліты -- важнае месца ў кіраваньні дзяржавай. Гэтага, у сваю чаргу, пабойваецца Малдова, ўсё яшчэ няўстойлівая ў сваім пра-эўрапейскім выбары. Таму да поўнага вырашэньня канфлікту яшчэ далёка.
Тым ня менш, Кішынёў адназначна імкнецца на Захад. Пра гэта сьведчыць нават назва кіроўнай кааліцыі: спачатку быў гэта Альянс за эўрапейскую інтэграцыю, а з траўня 2013 г. Праэўрапейская кааліцыя.
Менавіта гэтая праэўрапейская лінія робіць Малдову прывабнай для Прыднястроўя. Малдова эканамічна інтэграваная з рынкам ЭЗ, перад ёй пэрспэктыва бязьвізавага рэжыму, а гэта нямала важна для бізнэсу і жыхароў Прыднястроўя. Аднак у палітычным сэньсе справа надзвычай складаная, таму што Прыднястроўе застаецца прарасейскім.
Расея разглядае "Ўсходняе партнэрства", асабліва пагадненьні аб асацыяцыі з ЭЗ, як варожыя ініцыятывы. У якасьці папярэджаньня Кішынёву яна заблякавала імпарт малдаўскіх вінаў і пачала намякаць, што бліжэйшая зіма можа аказацца халоднай. Малдова ў 100 адсотках залежыць ад расейскай энэргіі.
rp.pl/эб