Вялікая спрэчка эканамістаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
30.08.2013 13:59
Пад сумнеў ставяцца ўсе перадкрызысныя догмы.
Магчыма, у Польшчы гэтага ня бачна, але сярод заходніх эканамістаў ідзе сапраўдная бітва. Пад сумнеў ставяцца ўсе перадкрызысныя догмы. Напрыклад, такая, што, чым менш дзяржавы ў эканоміцы, тым лепш. Пра гэта разважае Рафал Вось у выданьні „Dziennik – Gazeta Prawna”.
Прыхільнікі тэзісу “мала дзяржавы ў эканоміцы” прыводзілі аргумэнты й пра развал камуністычных сыстэм у краінах Цэнтральна-Усходняй Эўропы й пра атаесамліваньне свабоды ў эканоміцы з агульнай свабодай, якая добрая для ўсіх. Але цяпер пачынаецца сур’ёзная палеміка з прыхільнікамі няўмешваньня дзяржавы ў эканоміку. Найбольш вядомым рыцарам гэтай палеміка зьяўляецца ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Пол Кругман, а яго інтэлектуальным натхняльнікам стаў, відаць, польскі эканаміст Міхал Калецкі, які яшчэ ў 1943 годзе пісаў, чаму бізнэс змагаецца з умяшальніцтвам дзяржавы ў эканоміку. Паколькі бізнэс ведае, што гэтае ўмяшальніцтва патрэбнае й мае сэнс. Дзяржава пры разумным распараджэньні сваімі бюджэтам можа захаваць добрую кан’юнктуру ў эканоміцы. Але, калі гэта зразумее насельніцтва, прадпрымальнікі страцяць агромную ўладу. Яны ўжо ня змогуць паўстрымаць ад увядзеньня зьменаў палітыкаў і рабочы кляс. Аргумэнт бізнэсу – паўстрымайце прафсаюзы, паколькі павышэньне зарплатаў пагоршыць кан'юнктуру і выклікае рост беспрацоўя. Тое, што казаў Калецкі яшчэ ў часы вялікай вайны, застаецца ў сіле.
Гэта толькі адзін з бакоў вялікай бітвы эканамістаў, якая адбываецца на нашых вачах. Такога змаганьня сьвет даўно ўжо ня бачыў.
Dziennik – Gazeta Prawna/нг