Радавы жаўнер амэрыканскай арміі Брэдлі Мэнінг, які перадаў засакрэчаную інфармацыю выкрывальніцкаму сайту „Wikileaks”, быў прызнаны ўчора невінаватым па самым сур'ёзным пункце абвінавачваньня, то бок у дапамозе ворагу, - паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.
Судзьдзя Дэніз Лінд вырашыла, што перадача й публікацыя на партале „WikiLeaks” сакрэтных дакумэнтаў ня можа разглядацца як здрада. Тым ня менш, Мэнінг быў прызнаны вінаватым па 19 іншых абвінавачваньнях, між іншым, у шпіянажы, крадзяжы, кампутарным махлярстве ігд.
Спрэчка паміж пракурорамі й адвакатамі пра тое, ці Мэнінг зьяўляецца здраднікам, ці тым, хто папярэдзіў амэрыканскае грамадзтва пра небясьпечныя дзеяньні ўладаў ЗША ў Афганістане, Іраку й іншых рэгіёнах сьвету, падзяліла таксама саміх амэрыканцаў.
Паводле вынікаў апошняга апытаньня, праведзенага агенцтвам „Rasmussen”, толькі 52% амэрыканцаў лічаць Мэнінга здраднікам. Іншыя ўважаюць, што ён выканаў свой грамадзянскі абавязак. У тым жа дасьледаваньні 62% рэспандэнтаў прызнаюць, што публікацыя сакрэтных дакумэнтаў у пэўнай ступені пашкодзіла стратэгічным інтарэсам ЗША.
Падзел у амэрыканскім грамадзтве, да якога прычынілася справа Брэдлі Мэнінга, знайшоў сваё адлюстраваньне таксама ў падобнай справе былога аналітыка ЦРУ Эдварда Сноўдэна.
Паводле Рудзі Дэ Леона з „Center for American Progress” у Вашынгтоне, гэта сыгнал аб тым, што амэрыканцы па-рознаму ставяцца да мяжы паміж кантролем з боку дзяржаўных ворганаў ды неабходнасьцю захаваць сакрэтнасьць пэўных дзеяньняў разьведкі й дыпляматыі.
Паводле апытаньня, праведзенага дасьледчым інстытутам „YouGov” і „The Huffington Post”, 38% апытаных не падтрымліваюць дзеяньня Эдварда Сноўдэна. 33% апытаных лічаць, што ён паступіў правільна.
Так збалянсаваны падзел тым больш істотны, што колькасьць амэрыканцаў, якія абараняюць Сноўдэна, не зьмяншаецца цягам шматлікіх тыдняў, - чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.
аз