Амаль 1500 кілямэтраў па польскіх рэках праплыве на байдарцы падарожнік Дамінік Дабравольскі. А ўсё дзеля барацьбы з забруджаньнем наваколькага асяродзьдзя. Агульная ідэя “Рэцыклінг-рэйсу” – гэта інфармацыйныя сустрэчы зь лякальнымі супольнасьцямі на 20 адрэзках трасы.
Агулам гэта ўжо трэці “Рэцыклінг-рэйс”. Гэтым разам яго траса праходзіць па рэках Дунаец, Вісла, Нотэць, Варта й Одра. Эка-байдарка праплыве па пяці рэках, што адпавядае пяці прынцыпам, якія павінны суправаджаць сэгрэгацыю адкідаў. 1. Абмяжоўваньне. Гэта заклік карыстацца рэчамі так, каб адкідаў было як мага менш. 2. Паўторнае выкарыстаньне. 3. Сэгрэгацыя й накіраваньне на пераапрацоўку. 4. Атрыманьне асабліва энэргіі, якая ўтрымліваецца ў адкідах. 5. Пераапрацоўка. Гэты заклік асабліва скіраваны да вытворцаў.
“Рэцыклінг-рэйс” урачыста пачаўся на варшаўскім пляжы каля Нацыянальнага стадыёна, дзе маленькія эколягі ўзялі справу ў свае рукі й сабралі сьмецьце з пляжа.
Дзяўчынка: Мы прыбіраем, каб адчуваць сябе тут бясьпечна. Каб сьмецьце не ўяўляла пагрозы для нас і для іншых. Каб мы жылі ў чыстым навакольлі, а ня брудным.
Хлопчык: Мы прыбіраем, бо тут ходзяць дзеці, купаюцца, а потым у іх зьяўляюцца розныя праблемы.
Дзяўчынка: Каб вакол было чыста, каб людзі не ляжалі на такім брудным пяску.
Паводле галоўнага героя акцыі Дамініка Дабравольскага, самым галоўным зьяўляецца сьвядомасьць, што кожны без выключэньня мае агромны ўплыў на стан польскіх рэк, азёраў і мора.
Д. Дабравольскі: Калі мы хочам аберагаць мора, то трэба пачаць з крыніцы. Нават жыхар гораў на рацэ Белы Дунаец у стане паклапаціцца пра мора пры ўмове, што ён ня выкіне ў гэты Дунаец сьмецьце. Мя зьвяртаем увагу на тое, што сьмецьце, якое мы зьбіраем, зьяўляецца вельмі карыснай сыравінай. Яны зробленыя з нафты, а таму, калі мы выкідваем такія прадукты, гэта тое самае, каб мы вылівалі ў раку нафту, якую раней купілі за грошы.
Траса сплаву разьлічана на тры тыдні й закончыцца ў Марскім порце ў Шчэціне. Пра чысьціню польскіх вадаёмаў Дамінік Дабравольскі будзе размаўляць, між іншым, з жыхарамі Тарнава, Сандамежа, Торуні ці Быдгашчы.
ав