Супэрсучасныя цягнікі на польскіх рэйках (ФОТА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.06.2013 19:00
За 430 млн. эўра Польшча купляе новыя сучасныя цягнікі італьянскай вытворчасьці “Pendolino”.
Паважаныя радыёслухачы! Сёньняшняя рубрыка “Запрашаем у Польшчу” крыху нетыповая, бо пагаворым пра... транспарт. У нашай рубрыцы я апавядаю пра цікавыя месцы ў Польшчы, турызм, курорты, гістарычную спадчыну, а вось сёньня – пра чыгуначны транспарт. А чаму? Адказ вельмі просты: бо ад хуткасьці перамяшчэньня непасрэдна залежыць колькасьць турыстаў, якія наведваюць краіну, а таксама тое, колькі месцаў яны пасьпеюць наведаць за адзін раз. Дык вось, у Польшчы ў разьвіцьці чыгуначнага транспарту ды, зразумела, таксама ў павелічэньні колькасьці турыстаў павінны дапамагчы новыя сучасныя цягнікі італьянскай вытворчасьці “Pendolino”. Не сакрэт, што многія палякі скардзяцца на польскую чыгунку, на спазьненьні, вечныя рамонты, брудныя вагоны... І вось, кіраўніцтва краіны запэўнівае, што неўзабаве гэта зьменіцца. А зьменіцца тады, калі ў краіну прыбудуць першыя цягнікі “Pendolino”.
І так, паводле плянаў, у канцы 2014 года на трасы ў Польшчы выйдуць першыя чыгуначныя прыгажуны. Гэтыя цягнікі будуць разьвіваць хуткасьць да 200 км у гадзіну, дзякуючы чаму дарога з Варшавы ў Гданьск зойме ўсяго 2 гадзіны й 45 хвілін. Для параўнаньня: цяпер на гэтай трасе састаў цягнецца больш за 6 гадзінаў! А вось з польскай сталіцы ў Кракаў альбо Катавіцэ можна будзе дабрацца за 2 гадзіны й 15 хвілін. Сёньня на гэтую дарогу трэба патраціць 3 гадзіны. Што цікава, то цэны на білеты на “Pendolino” будуць рознымі й элястычнымі, у залежнасьць ад дня, гадзіны, кляса вагону й гэтак далей. Акрамя таго, будзе ўведзена сыстэма продажу квіткоў накшталт білетаў на самалёт: чым раней купляеш, тым менш плаціш. Згадзіцеся, што вельмі прывабная пэрспэктыва!
Кожнае крэсла ў цягніку, прычым незалежна ад кляса вагона, будзе раскладацца, а пры ім – разетка для ноўтбука. Што цікава, то месца для ног будзе больш, чым у самалёце. Цягнікі “Pendolino” будуць курсаваць паміж Варшавай ды буйнейшымі польскімі гарадамі, між іншым, Гданьскам, Уроцлавам, Познаньню, Катавіцэ, Кракавам.
Цяпер цягнікі “Pendolino” праходзяць у Польшчы выпрабаваньні. У суме дзяржаўная чыгуначная кампанія PKP Intercity плянуе закупіць 20 цягнікоў, іх агульны кошт – 430 млн. эўра. Грошы будуць выдаткаваны зь бюджэту кампаніі, дзяржаўнага бюджэту краіны ды фондаў Эўразьвязу. І на канец – цікавінка: зьнешні выгляд лякаматываў спраектавала вядомейшае італьянскае дазайнерскае бюро Giorgetto Giugiaro, якое зьяўляецца аўтарам дызайну большасьці мадэляў такіх аўтамабільных кампаній, як Ferrari, Maserati, Audi ды Alfa Romeo. Такім чынам, сябры да сустрэчы на борце польскага “Pendolino” ў недалёкай будучыні!
Валера Саўко
foto: 4rail.net
foto: swisspasses.com
foto: trojmiasto.pl
foto: kurierkolejowy.pl