Logo Polskiego Radia
Print

Прыгажосьць ад лекара - мэзатэрапія

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 02.03.2013 05:55
Адзін з сучасных мэтадаў амаладжэньня скуры - мэзатэрапія плязмай з высокім утрыманьнем трамбацытаў

/

Сучасная эстэтычная мэдыцына ўсё часьцей выкарыстоўвае рэчывы, узятыя ад пацыента. Хоць такія мэтады даволі дорага абыходзяцца, заўважана, што яны даюць трывалы эфэкт, а апроч таго яны больш бясьпечныя, чым хімічныя прэпараты.

Сёньня касмэтычная мэдыцына шукае спосабаў, каб стымуляваць размнажэньне ўласных тканак у арганізьме.

Адзін з такіх мэтадаў, які, дарэчы, апошнім часам карыстаецца вельмі вялікай папулярнасьцю, - мэзатэрапія плязмай з высокім утрыманьнем трамбацытаў. Гэтая працэдура дае проста захапляльны эфэкт. Заключаецца яна на атрыманьні з арганізму пацыента актыўныx рэчываў. Дзеля гэтага бярэцца кроў, зь якой пазьней лябараторным шляхам атрымліваецца плязма, узбагачаная трамбацытамі. Яна, на жаль, ня можа захоўвацца. Каб атрымаць пажаданы эфэкт, прэпарат уводзяць у скуру на працягу паўгадзіны ад яго атрыманьня. Выконваюцца дробныя праколы на шыі, твары і нават павеках, xоць у першую чаргу там, дзе ўтвараюцца выразныя маршчыны. У гэтых месцах падаецца большая колькасьць прэпарату. На час працэдуры скура пацыента або пацыенткі абязбольваецца адмысловым крэмам.

/

Як гэта дзейнічае? Узбагачаная плязма апроч трамбацытаў, якія ў арганізьме пабуджаюць рост, утрымлівае яшчэ рэгенэратыўныя й ствалавыя клеткі. Гэтыя рэчывы стымулююць размнажэньне клетак скуры й пабуджаюць у фібраблястаx вытворчасьць новага калягену й элястыну. Дзякуючы гэтаму павышаецца напружаньне скуры, павялічваецца яе шчыльнасьць і элястычнасьць, а маршчыны разгладжваюцца. Эфэкт – пацыентка на вачах маладзее на 10 гадоў.

Гэты амаладжальны мэтад стаўся гітом 2012 г. ня толькі з увагі на выдатны й трывалы вынік, а й з прычыны кароткага часу гаеньня. Працэдура ў Польшчы каштуе, у сярэднім, ад 300 да 450 эўра. Мэдыкі раяць паўтараць яе раз у квартал.

Варта адзначыць, што мэзатэрапія плязмай дапамагае таксама пры выпадзеньні валасоў. У такім выпадку лекары рэкамэндуюць прайсьці тры сэансы раз у месяц або раз на два месяцы. Пазьней трэба паўтараць працэдуру кожныя шэсьць месяцаў. Яе кошт складае каля 200 эўра.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт