Каталіцкія Каляды за намі, але наперадзе Новы год і праваслаўнае Раство. Навагодні пэрыяд характэрны поўнаю лядоўняй, агромністай колькасьцю страваў, але таксама й марнаваньнем ежы. Менавіта пра выкідваньне ежы й яго наступствы гаворка пойдзе ў экалягічнай рубрыцы.
У Польшчы штогод Банкі харчаваньня ладзяць акцыю “Не марнуй ежы – думай экалягічна!”. Для гэтага адмыслова створана інтэрнэт-старонка, на якой можна знайсьці парады, як рабіць пакупкі, а пасьля распараджацца прадуктамі харчаваньня так, каб не прыходзілася нічога выкідваць. Для тых, хто ведае польскую мову, называю старонку - www.niemarnuje.pl.
Марыя Гасеўска з Фэдэрацыі польскіх банкаў харчаваньня кажа, што хопіць ведаць некалькі важных і патрэбных рэчаў, а ежу не прыйдзецца выкідваць у сьметніцу.
М. Гасеўска: Напрыклад, бананы ці печыва на дражджах нельга трымаць у лядоўні, гэта скарачае іх прыдатнасьць. Таму, правяраючы інфармацыю аб тым, як трэба захоўваць прадукты харчаваньня, мы можам прадоўжыць іх тэрмін прыдатнасьці. Бігас можа вельмі доўга пастаяць у нашай лядоўні, а з рыбы можна зрабіць заліўное. Усе гэтыя ідэі можна знайсьці на старонцы - www.niemarnuje.pl.
Як кажа Марыя Гасеўска, пра марнаваньне ежы трэба думаць як пра выкідваньне грошай, за якія гэтыя прадукты былі купленыя.
М. Гасеўска: Банкі харчаваньня падкрэсьліваюць, што ёсьць пэўны парадокс. З аднаго боку, прадуктаў харчаваньня зашмат, яны даступныя 24 гадзіны ў суткі ў кожнай краме. Аднак, зь іншага боку, ёсьць патрабуючыя асобы, якіх у Польшчы больш за 2 мільёны. Калі паглядзець на праблему больш глябальна, то марнаваньне ежы таксама зьвязана з марнаваньнем вады й энэргіі, якія патрэбныя для вытворчасьці прадуктаў харчаваньня. Ёсьць цэлая маса рэчаў, якія марнуюцца разам з выкідваньнем ежы.
Прадстаўніца Банку харчаваньня падкрэсьлівае, што ежы магло б марнавацца значна менш, калі б людзі задумваліся перад пакупкамі – ці сапраўды гэты канкрэтны прадукт будзе выкарыстаны. А бліжэйшая нагода, каб пра гэта падумаць – Новы год і Раство паводле старога стылю.
М. Гасеўска: Мы часта купляем шмат, а потым ня ведаем, што з гэтымі прадуктамі зрабіць. Ажно 30% палякаў прызнаецца, што яны выкідваюць ежу. Таму можна зрабіць навагодняе абяцаньне, і варта памяняць свае звычкі – купляць крыху менш і толькі патрэбнае.
Заходжу на старонку www.niemarnuje.pl і сапраўды пераконваюся, што там зьмешчана шмат парадаў і каштоўнай інфармацыі. На жаль, старонка толькі на польскай мове. На ёй можна разьлічыць, колькі й чаго трэба на адну порцыю для канкрэтнай колькасьці чалавек. Тлумачыцца, як правільна рабіць пакупкі. Дадзеныя цікавыя рэцэпты, як з рэштак у лядоўні прыгатаваць нейкую страву. Ёсьць таксама адмысловая закладка, дзе апісваецца, як і які прадукт правільна захоўваць дзеля таго, каб ён даўжэй быў сьвежы.
Мы аднак засяродзімся на экалягічных наступствах марнаваньня ежы. Па-першае, трэба памятаць пра сьмецьце. Напрыклад, у Вялікабрытаніі выкідваецца больш прадуктаў, чым упаковак (больш за 25% выкінутых прадуктаў нават не распачатыя, ва ўпакоўцы).
Клімат: Энэргапатрабавальная вытворчасьць прадуктаў харчаваньня, а тым больш іх марнаваньне прысьпяшаюць зьмены клімату. Мэтан, які паходзіць з гнілых прадуктаў, зьяўляецца нават у 20 разоў больш небясьпечным цяплічным газам, чым вуглякіслы.
Вада: Марнаваньне ежы – гэта марнаваньне вады. Кіляграм выкінутай ялавічыны азначае марнаваньне 5-10 тон вады, выкарыстанай для яе вытворчасьці.
Энэргія: Вытворчасьць кожнай буханкі хлеба, пакета цукру ці пакета малака азначае канкрэтную колькасьць выкарыстаных кілават-гадзін. Выкідваньне ў сьметніцу непатрэбных прадуктаў азначае ня толькі непасрэдныя матэрыяльныя страты. Гэта таксама бессэнсоўнае марнаваньне так патрэбнай у кожнай краіне энэргіі.
Калі пералічыць 10 прадуктаў, якія марнуюцца найчасьцей, то іх клясыфікацыя выглядае наступным чынам: печыва, агародніна, вяндліны, бульба, садавіна, ягурты, гатовыя стравы, сыр, мяса, малако.
Марнаваньне прадуктаў таксама зьяўляецца праблемай з грамадзкімі наступствамі. Выкідваньне ежы павялічвае попыт, які ў сваю чаргу ўплывае на рост цэн прадуктаў харчаваньня. Вышэйшыя кошты азначаюць, што ня ўсе могуць купіць якасныя рэчы. Пакупка менш якасных ці меншай колькасьці ежы вядзе да зьмяншэньня якасьці харчаваньня.
Ну, і нарэшце, марнаваньне ежы зьяўляецца неэтычным з увагі на галечу й голад ва ўсім сьвеце.
ав/www.niemarnuje.pl