Польшча — самы буйны ў Эўропе экспартэр гусей
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
17.12.2012 19:25
Гускі даюць смачнае мяса і тлушч, а таксама выдатныя пух і пер’е.
Усё гэта цэніць у польскіх гусях сьвет, а палякі чамусьці недаацэньваюць, сьцьвярджае „Gazeta Wyborcza”.
Гусей немагчыма трымаць у замкнутым памяшканьні. Каб яны добра расьлі ў стадзе, ім патрэбна сонца і паветра. Гускі маюць нюх і смак. Яны не ядуць абы-чаго, а заўжды выбіраюць смачнейшыя кавалкі. Таму выган для гусей абсяваецца адпаведнаю травою, з канюшынаю й зёлкамі.
Гусі, якія трапляюць на наш стол, зазвычай растуць 100-120 дзён. За 2-3 тыдні да забою іх пачынаюць карміць чыстым аўсом.
У Польшчы штогод вырошчваецца ад 5 да 7 млн гусей, агулам блізу 22 млн тон мяса, з чаго палякі самі зьядаюць усяго 700 тыс. тон. Рэшта ідзе на экспарт у Нямеччыну.
Чаму палякі так мала ядуць гусяціны? Бо гэта дарагое мяса. Кіляграм каштуе 17-20 зл. (4-5 эўра). Калі гуска важыць 4-5 кг, то за яе трэба аддаць амаль 100 зл. (амаль 25 эўра).
Калісьці гусей трымалі ў кожнай гаспадарцы, пераважна дзеля пер’я, бо гаспадыні зьбіралі для дачок пасаг: падушкі, коўдры, пярыны. Сёньня ўжо ніхто сам ня шые падушак і коўдраў, а гусінае пер’е амаль цалкам ідзе на экспарт у Японію.
Ну, і на канец артыкулу „Gazeta Wyborcza” друкуе рэцэпт, як запячы сьвяточнага гуся. Тушу трэба нацерці сольлю, перцам і маяранам, а пад скуру ў разрэзы ўцісуць насеньне ялаўца. Усярэдзіну (замест трыбухоў) пакласьці цэлыя яблыкі, таксама з маяранам і ялаўцом, зашыць і пакінуць на ноч. Гуся пячэм у закрытай гусятніцы каля трох гадзін (200-220°). Агульны прынцып ёсьць такі: 1 кг гуся пячэцца 45 хвілін. У сярэдзіну замест яблыкаў можна пакласьці квашаную капусту, раіць „Gazeta Wyborcza”.
эб