Logo Polskiego Radia
Print

Жывы карп - традыцыя ці зьдзек

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 14.12.2012 12:35
  • Жывы карп - традыцыя ці зьдзек.mp3
Продаж карпа ў кавалках зьмяншае пакуты рыбы, якая зьяўляецца традыцыйнай стравай на польскім вігілійным стале.

/

У мінулай перадачы мы пачалі гаворку пра ініцыятыву польскіх эколягаў, якія імкнуцца пераканаць спажыўца купляць на сьвяточны стол не жывога карпа, але сьвежыя кавалкі ці замарожаную рыбу. Сёньня, згодна з абяцаньнем, мы больш падрабязна раскажам пра самую акцыю.

На ўступе коратка нагадаю зьмест мінулай перадачы. Экалягічна-культурніцкае таварыства “Клюб Гая” штогод перад сьвятамі Божага Нараджэньня змагаецца за гуманны падыход да карпаў. У сёлетняй акцыі таварыства традыцыйна заклікае купляць не жывога карпа, але ў падрыхтаваных кавалках. Продаж карпа ў сьвежых кавалках ці замарожаным выглядзе зьмяншае пакуты рыбы, якая зьяўляецца абавязковай традыцыйнай стравай на польскім вігілійным стале.

Сёлетняя кампанія таварыства “Клюб Гая” ў абарону карпаў праходзіць пад назвай “Яшчэ жывы карп”. Яе падтрымліваюць вядомыя польскія акторы – Магдалена Ружчка, Бартламей Топа, Юлія Пятруха, Магдалена Паплаўска, а таксама шоўмэн і кухар Робэрт Макловіч.

Асноўнымі элемэнтамі зьяўляюцца відэаролікі, на якіх выступаюць акторы і чытаюць кароценькія вершыкі ад імя карпаў, якія чакаюць сваёй сьмерці дзесьці ў ваннах ці ракавінах спажыўцоў. На відэароліку пара актораў стаіць насупраць адзін аднога, а на іх тварах намаляваныя карпы.

Бартламей Топа й Магдалена Ружчка: Адзін адному жадаюць карпы ў вадзе: посьпеху, шчасьця штодня. Каб плаваць у рыбім небе, а не ў ваньне ці ракавіне. Каб выбіць людзям з галавы – натоўп у аквырыюмах ці пакетах. І калі паміраць, то без пакутаў, асабліва калі гэта сьмерць ад рукі чалавека.

Пасьля зьяўляецца вядомы польскі шоўмэн і кухар Робэрт Макловіч і працягвае: Калі ўсё ж выжыць не ўдасца, то польскія карпы вераць у цуды, жадаючы адзін адному ў сьвежых кавалках дачакацца да вячэры.

На старонцы кампаніі Робэрт Макловіч тлумачыць, чаму ён вырашыў далучыцца да кампаніі “Яшчэ жывы карп”: “З кулінарнага пункту гледжаньня сьвежасьць рыбы зьяўляецца самай галоўнай. Аднак гэта не азначае, што дзеля гэтага рыбу трэба трымаць у агромнай колькасьці ў малых ёмкасьцях, а потым душыць іх у пакетах спажыўцоў. Спачуваньне такім рыбам – гэта адна справа. Але нават з чыста эгаістычнага, выключна спажывецкага пункту гледжаньня прыдушаная рыба, неміласэрна забітая – гэта горшы кулінарны матэрыял. Я да акцыі далучыўся па гэтых дзьвюх прычынах”.

Акрамя цікава й арыгінальна зробленых ролікаў і плякатаў, арганізатары ладзяць шэраг акцый, прэс-канфэрэнцый, хэпэнінгі. Так, напрыклад, сёньня на вуліцах Варшавы зьявіліся польскія акторы, твар якіх размаляваная ў выглядзе карпа. Удзельнікі хэпэнінігу гаварылі ад імя карпаў і прапанавалі кожнаму жадаючаму наклеіць на сваю твар татуіроўку ў выглядзе рыбы. Таксама раздаваліся арыгінальныя паштоўкі з выяваў амбасадараў кампаніі “Яшчэ жывы карп”.

Усе матэрыялы можна пабачыць на старонцы jeszczezywykarp.pl.

“Клюб Гая” вядзе кампанію ў абарону карпаў ужо 14 гадоў. Арганізатары кажуць, што з году ў год бачныя станоўчыя зьмены ў сьвядомасьці спажыўцоў. Яшчэ некалькі гадоў таму карпаў прадавалі й забівалі адразу на вуліцах, на вачах пакупнікоў. Цяпер такое не сустракаецца, а крамы вымушаныя прытрымлівацца строгіх правіл па продажы жывой рыбы.

Каардынатарка кампаніі Бэата Тарнава адзначае, што з кожным годам кампанію ў імя гуманнага стаўленьня да карпа падтрымліваюць новыя суб’екты.

Б. Тарнава: Штогод нашую кампанію падтрымлівае Гандлёвы інспэктарат з гораду Катавіцэ. Сярод прыхільнікаў – таварыства “Сьвет рыбакоў” - гэта цікава, што рыбакі сталі на наш бок. Напрыклад, на старонцы ёсьць выказваньне настаўніц зь дзіцячых садкоў. Для нас гэта вельмі важна, бо мы гэтую кампанію накіроўваем таксама да настаўнікаў. Нашыя акторкі напісалі й прачыталі апавяданьне пра карпаў, а мы запрапанавалі настаўнікам выкарыстаць аповед і правесьці лекцыі на тэму гуманнага стаўленьня да жывёлы, каб кшталтаваць такі падыход з наймалодшых гадоў. Мы ганарымся, што кампанія праводзіцца на розных узроўнях – адукацыя, грамадзкая актыўнасьць. Зьмена стаўленьня відавочная. Ёсьць шэраг гандлёвых сетак, якія больш не прадаюць жывую рыбу й прапануюць спажыўцам карпа ў кавалках.

Дзейнасьць “Клюбу Гая” сапраўды эфэктыўная. Адным з найважнейшых дасягненьняў зьяўляецца спрычыненьне да зьмены польскага заканадаўства. У выніку захадаў гэтай арганізацыі, рыба ў польскім заканадаўстве была прыроўненая да іншых пазваночных жывёл. Дзякуючы гэтаму, карп і кожная іншая рыба ахоўваецца законам на роўні з сабакамі, катамі ды іншымі гатункамі жывёлы.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт