„Мы заклікаем міністра навакольнага асяродзьдзя спыніць паляваньні на тэрыторыі Белавескай пушчы да моманту правядзеньня ацэнкі ўплыву паляўнічай дзейнсьці на яе тэрыторыю”, - гэты зварот да міністра стаў апошнім элемэнтам кампаніі польскіх эколягаў “Гон належыць аленям, а не паляўнічым”.
Больш за 20 польскіх эколягаў цягам тыдня жылі ў лягеры ў Белавежы, дзе абаранялі аленяў ад паляўнічых. Цяпер алені маюць час гону. У гэты час самцы ствараюць гарэмы, колькасьць самак у якіх вагаецца ад дзвюх да дваццаці. Падчас гону роў аленяў разносіцца далёка, на некалькі кілямэтраў і нагадвае гучаньне трубы. Гэты час зьяўляецца ўкаранаваньнем паляўнічага сэзону на аленяў. У сваю чаргу эколягі хочуць, каб гон атаясамліваўся выключна як прыродна-турыстычная падзея.
Сыльвія Шчуткоўска з таварыства „Pracownia na rzecz wszystkich istot” кажа, што мэтай іх акцыі было прапагаваньне гону як прыгожай прыроднай зьявы, за якою варта паназіраць, адмыслова для гэтага варта паехаць у Белавескую пушчу. Аднак зазвычай гон атаясамліваецца з канцом паляўнічага сэзону.
С. Шчуткоўска: У гэтым часе мы назіраем значную колькасьць паляваньняў, паколькі ў гэтым часе найпрасьцей забіць аленя. Яны ў часе гону вельмі галосныя, іх чуваць здалёк. Алені ў гэтым часе канцэнтруюць сваю ўвагу на тым, каб знайсьці партнэрку, каб прадоўжыць свой род. У аленяў цэлыя гарэмы, і яны канцэнтруюцца на тым, каб не дапусьціць іншых самцоў. Зьвяры як бы не зьвяртаюць увагі на тое, што адбываецца вокал. Таму вельмі лёгка забіць аленя, а Белавеская пушча зьяўляецца вельмі прываблівым месцам у гэтым пляне. Цягам нашай акцыі мы сустрэлі мноства паляўнічых-замежнікаў, якія прыехалі ў пушчу паляваць.
На пытаньне, ці ўдалося пераканаць паляўнічых прынамсі ў мінімальнай ступені, Сыльвія Шчуткоўска адказвае, што ў прынцыпе дыскісіі не адбылося.
С. Шчуткоўска: Мы тлумачылі, што мы, як грамадзяне, маем права знаходзіцца ў лесе й захапляцца яго жыцьцём, калі адчуваем такую патрэбу. Паляўнічыя звычайна нас разумелі й не было канфліктных сытуацый. Таксама здараліся сытуацыі, калі нас спрабавалі выгнаць зь лесу. У мінулым годзе была сытуацыя, калі арнітоляга з Гайнаўкі абвінавацілі ў наўмысным злосным пужаньні дзічы. Адбыўся суд і арнітоляга апраўдалі. Важнай стала заява суда, які адзначыў, што грамадзянская свабода зьяўляецца важнейшая, чым інтарэсы паляўнічых. Кожны грамадзянін мае права знаходзіцца ў лесе, а гэты інтарэс стаіць вышэй, чым камэрцыйнае паляваньне.
Сёлетняя акцыя “Гон належыць аленям, а не паляўнічым” праходзіла чацьвёрты раз. Сыльвія Шчуткоўска адзначае, што яе вынікі відавочныя. А цэлая акцыя пачалася ў выніку патрэбы ўтварэньня ахоўванай зоны для дзічы вакол Белавескага нацыянальнага парку.
С. Шчуткоўска: Да гэтага на мяжы нацыянальнага парку стаялі паляўнічыя, і калі зьвер перакрочваў мяжу, яны стралялі. Першыя два гады мы прысьвяцілі таму, каб такая зона была ўтвораная. Яна ўзьнікла ў мінулым годзе ў выніку распараджэньня міністра навакольнага асяродзьдзя. І гэта найбольш бачны эфэкт нашай дзейнасьці. Сёлета мы таксама бачым вынікі – у пушчы не страляюць. Мы прыехалі назіраць за гонам аленяў і можам з прыемнасьцю пацьвердзіць, што падчас нашага прабываньня ў пушчы не прагучаў ніводзін стрэл. Здаецца, што цяпер пушча зьяўляецца свабодным і прыемным месцам, а самае галоўнае - бясьпечным.
Эколягі зьвяртаюць увагу на тое, што да гэтага часу не дасьледаваны ўплыў паляўнічай дзейнасьці на прыроду ў Белавескай пушчы, якая ахоўваецца ў рамках праграмы Natura 2000.
С. Шчуткоўска: У рамках нашай акцыі мы таксама імкнемся пераканаць, што трэба ведаць, наколькі паляваньні ўплываюць на прыроду рэгіёна. Гэта адзін з нашых заклікаў. Акрамя гэтага, на канцы нашай акцыі мы заклікаем міністра навакольнага асяродзьдзя цалкам спыніць паляваньні на тэрыторыі Белавескай пушчы да моманту, пакуль уплыў паляваньняў ня будзе вядомым.
Удакладнім: паляваньне на дзіч у Белавескай пушчы дазволена й адбываецца легальна. Паляваньне забаронена на тэрыторыі Белавескага нацыянальнага парку.
ав