Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Грыцкевіч і Радзім Гарэцкі заклікаюць правесьці Ўсебеларускі зьезд. У адкрытым лісьце яны б’юць трывогу, што пэрспэктывы цывілізаванага разьвіцьця Беларусі й яе незалежнасьць знаходзяцца пад пагрозай. “Давайце схамянёмся. Давайце адумаемся. Давайце згуртуемся” - заклікаюць беларускія дзеячы культуры й інтэлектуалы.
Першы Ўсебеларускіх зьезд “За незалежнасьць” прайшоў у 2000 годзе. У ім ўзялі ўдзел 800 дэлегатаў з амаль усіх раёнаў краіны. Сход прыняў “Акт аб незалежнасьці”, У якім гаварылася пра небясьпеку й недапушчальнасьць страты дзяржаўнага сувэрэнітэту. Сход праходзіў пасьля падпісаньня саюзных дамоваў паміж Менскам і Масквой.
“Тады матывацыя была меншай”, - кажа экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, які першым на старонках “Народнай Волі” выказаўся за скліканьне зьезду. Паводле палітыка, сёньня пагрозы для беларускай незалежнасьці больш сур’ёзныя, чым 12 гадоў таму.
У. Някляеў: Сёньня без такіх дакумэнтаў і заяваў ідзе рэальны працэс паглыньня Расеяй Беларусі. Адбываецца эканамічная экспансія, а празь яе й палітычная. У гэтай сытуацыі я лічу проста неабходным сабрацца ўсім разам і прапанаваць нейкія контраргумэнты.
У адкрытым лісьце ініцыятары правядзеньня сустрэчы, яны ж дарэчы й сустаршыні першага Ўсебеларускага сходу, пішуць: “Фінансавы крызыс, дэвальвацыя рубля выявілі слабасьць айчыннай эканомікі. Распачаты продаж дзяржаўнай маёмасьці пагражае стратай нацыянальнага багацьця, нажытага многімі пакаленьнямі беларусаў. З-за непрадбачлівай і непасьлядоўнай замежнай палітыкі наша краіна нястрымна аддаляецца ад дэмакратычнага сьвету й ўпарта коціцца да міжнароднай ізаляцыі. Настойлівымі высілкамі чынавенства груба й няўхільна дыскрымінуецца нацыянальная культура, выціскаецца са штодзённага ўжытку беларуская мова й падсякаюцца карані нацыі. Няўмольна паглыбляюцца экалагічныя й дэмаграфічныя праблемы”.
“Народ павінен адрэагаваць на ўсе гэтыя працэсы” – кажа ў інтэрвію нашай радыёстанцыі Генадзь Бураўкін.
Г. Бураўкін: Да нас падбіраюцца расейскія алігархі, хочуць забраць нашую эканоміку, а вельмі высокія чыноўнікі ўжо нават пагаворваюць пра ўвядзеньне расейскага рубля. Я думаю, што ў нейкім сэнсе ідзе разьведка, маўляў, а як на гэта зарэагуе грамадзтва, ці прымуць гэта беларусы. Я думаю, што ўжо толькі дзеля гэтага ёсьць сэнс склікаць Усебеларускі сход.
Ужо ствараецца рабочая група, якая й зоймецца падрыхтоўкай зьезду. Як патлумачыў Уладзімер Някляеў, асноўную працу па падрыхтоўцы зьезду возьме на сябе грамадзянская супольнасьць. Палітычная апазыцыя будзе прадстаўленая выключна ў якасьці дэлегатаў, як гэта было й ў 2000 годзе. Над праграмай сустрэчы працы пачнуцца неўзабаве. Уладзімер Някляеў лічыць, што мэта сустрэчы павінна быць шырэйшай, чым толькі дэклярацыя ў падтрымку незалежнасьці. Аднак падрабязнасьцяў раскрываць пакуль ня стаў.
У. Някляеў: Там ёсьць абсалютна канкрэтныя прапановы. Калі гэты зьезд толькі для дэклярацый і перасьцярог, то зьбіраць яго нематэзгодна. Ён тады проста непатрэбны. Дэклярацыю можна й так агучыць, бязь зьездаў.
Правесьці сход плянуецца ў Менску. Калі ўлады адмовяцца прадаставіць арганізатарам памяшканьне, то яны разглядаюць магчымасьць правесьці яго ў адной з суседніх краін. Паводле папярэдняй інфрамацыі, зьезд можа адбыцца напрыканцы траўня альбо на пачатку лета. Арганізатары настойваюць на тым, каб склікаць сход як мага раней у сувязі з дынамікай падзей унутры й вакол Беларусі.
дг