Logo Polskiego Radia
Print

Культура -- польская марка ў Эўропе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.02.2012 16:20
  • Польская культура.mp3
У Польшчы падводзяць вынікі старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе. У тым ліку і ў сфэры культуры.


/Польшча пасьпяхова выканала сваё заданьне, заявіў міністар культуры Польшчы.

У другой полове мінулага году Польшча кіравала працамі Эўрапейскага Зьвязу. Дзеля пашырэньня ведаў пра Польшчу ды папулярызацыі іміджу краіны польскі ўрад падрыхтаваў Замежную культурную праграму польскага старшынства I, CULTURE-2011, якая рэалізоўвалася ў 10 сталіцах, як краінаў ЭЗ так і краінаў Усходняй Эўропы, у тым ліку і ў Беларусі. З рознымі праекты з гэтай праграмы пазнаёмілася больш за 19 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце. Паводле словаў міністра культуры Польшчы Богдана Здраеўскага, гэта была інвэстыцыя ў будучыню Польшчы.

Богдан Здраеўскі: Падчас польскага старшынства абшар культуры выдатна ўпісаўся ў абшар польскага лідарства ў ЭЗ. Рэакцыя, як унутры краіны, так і за мяжой, была вельмі пазытыўнай. Гэта была інвэстыцыя ў будучыню, у добры імідж Польшчы, польскіх дзяржустановаў, у папулярызацыю польскай культуры. Мы будзем шмат разоў вяртацца да гэтага. Дадзеная выстава зьяўляецца інаўгурацыяў да такіх вяртаньняў, да добрых успамінаў.

На мінулым тыдні Інстытут Адамі Міцкевіча, выканаўца Замежнай культурнай праграмы, прэзэнтаваў яе вынікі ў Польшчы. Прэзэнтацыю адчыніла выстава ў галерэі Захэнта, якая знаёміць з найвялікшымі культурнымі падзеямі, якія суправаджалі польскае старшынства ў ЭЗ. Больш падрабязна распавядае куратар выставы Юлія Леапольд зь Інстытуту Адама Міцевіча.

Юлія Леапольд: Выстава ў Захэнце, а таксама гэтая прэзэнтацыя, зьяўляецца адной са шматлікіх падзеяў, якія зачыняюць польскае старшынства. Першай падзеяй была выстава фотаздымкаў у Парку ў Лазенках. Яна будзе доўжыцца ўвесь люты. Другая падзея – гэта выстава ў Захэнце, а трэцяй падзеяй будзе ўстаноўка Вясёлкі Ёліты Вуйцік у Варшаве, раней гэтая інсталяцыя знаходзілася ў Брусэлі перад уваходам у Эўрапейскі парлямэнт.

Сярод 10 эўрапейскіх сталіцаў, дзе рэалізоўвалася польская замежная культурная праграма, быў і Менск. Польскі бок паставіў націск на разнастайнасьць ды шырыню сваёй культурнай праграмы на Ўсходзе, падкрэсьлівае каардынатар замежнай культурнай праграмы польскага старшынства Ольга Высоцка.

Ольга Высоцка: Менск, Кіеў і Масква, у гэтых сталіцах польская культурная праграма была паказвана з асаблівай стараннасьцю. Варта зьвярнуць увагу на праекты, якія ахоплівалі некалькі краінаў і датычылі шырэйшай усходняй пэрспэктывы. Адным з такіх праектаў быў праект I, CULTURE Orchestra. Ён быў ськіраваны да маладых музыкаў з краінаў Усходняга партнэрства й Польшчы. Яны сустрэліся ўпершыню, стварылі аркестр, які заграў у канцэртных залях Заходняй Эўропы. Гэты праект быў настолькі папулярны, што ён не канчаецца разам з польскім старшынствам у ЭЗ. Ён будзе працягвацца ў гэтым годзе. У рамках праекту прадугледжана турнэ па краінах Усходняга партнэрства.

Гэты шматнацыянальны аркестар зьяўляецца першай спробаў такога шырокага шматнацыянальнага супрацоўніцтва. Пра тое, што ён дае музыкам з Усходняй Эўропы апавядае ініцыятар гэтага праекту, экспэрт па клясычнай музыцы ў Інстытуце Адама Міцкевіча Лукаш Струсіньскі.

Лукаш Струсіньскі: На ўсходнім рынку ў нас быў канкурэнт у постаці аркестра СНД. Музыкі з тых краінаў уважліва нам прыглядаліся. Але рэакцыя была пазытыўнай. У аркестры загралі 116 музыкаў з 6 краінаў Усходняга партнэрства. Пасьля посьпеху гэтага праекту, аркестар будзе працягваць сваю дзейнасьць. Ён дае шмат пазытыўнага музыкам з Усходу. Між іншым, гэта павелічэньне ўзроўню аркестравай падрыхтоўкі, выхад на прафэсійны ўзровень.

Апроч музыкі польскую культуру ў Менску прадстаўляла і кінематаграфія. Высьветлілася, што мова польскага кіно вельмі блізкая беларускім гледачам, кажа Агнешка Сьвечка, арганізатарка фэстывалю польскіх фільмаў “Mowim” у Менску.

Агнешка Сьвечка: Публіка сустрэла фільмы з энтузіязмам. Усе білеты былі раздадзены перад фэстывалем. Мы паказвалі фільмы папулярныя ў Польшчы. Мы пытылі сябе, ці смяюцца беларусы з таго самага, што й палякі. Высьветлілася, што ў гэтым між намі няма розьніцы. Беларускія гледачы запрашалі нас прыязджаць яшчэ ды паказваць больш фільмаў.

Польская замежная культурная праграма вядома ж не абмяжоўвалася музыкай і кіно. Падчас польскага старшынства было рэалізавана больш за 400 праектаў з розных галінаў культуры й мастацтва. У выніку гэтай праграмы заходня прэса напісла, што “польскай марцы” можна давяраць.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт