Вядомы гісторык прыгадвае падзеі жніўня 1991 году, калі Дэклярацыя аб Незалежнасьці набыла статус Канстытуцыйнага закону
Дваццаць гадоў таму, 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэклярацыі аб сувэрнітэце статус Канстытуцыйнага закону. Гэта была фактычна юрыдычная працэдура, якая ўзвысіла прынятую за год да гэтага Дэклярацыю да рангу Канстытуцыі. Яно стала заканадаўчай абаронаю незалежнасьці краіны, выключыла яе ўваход у склад Расеі. Таму дата 25 жніўня ня меньш важная за дату 27 ліпеня, якую мы прызвычаіліся лічыць найноўшым Днём Незалежнасьці ў нашай гісторыі.
Мы гутарым зь гісторыкам Алегам Трусавым, які ў тыя жнівеньскія дні прымаў непасрэдны ўдзел у гэтых гістрарычных падзеях як дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ скліканьня.
Спадар Алег, як Вы лічыце, чаму ў грамадзтве 27 ліпеня стала больш папулярнай датай за 25 жніўня?
Алег Трусаў: Таму што 27 ліпеняя было 6 альбо 7 год дзяржаўным сьвятам, непрацоўным днём.
Можаце для слухачоў патлумачыць розьніцу між гэтымі дзвюма датамі?
Алег Трусаў: Розьніца значная. У ХХ стагодзьдзі было некалькі этапаў падыходжаньня беларусаў да Незалежнасьці. Першы – 25 сакавіка 1918 году. Другі этап – 1 студзеня 1919 году (гэта БССР). Потым зноў адрадзілася БССР летам 1920 году. Вельмі важны этап – гэта 1945 год, калі БССР выступіла заснавальнікам ААН. Дзякуючы гэтаму лёгка нас прызналі ўсе краіны сьвету адразу. Бо фармальна мы былі незалежныя з 1945 году – у адрозьненьне ад Туркменіі, Грузіі й г.д. І потым ужо ідзе 27 ліпеня 1990 году, 25 жніўня 1991 году й 8 сьнежня 1991 году. Лянцуг набыцьця незалежнасьці такі – з 1918 па 1991 год.
Спадар Алег, калі я пераглядаю здымкі тых падзеяў, дзе Вы з паплечнікамі на Плошчы Незалежнасьці, у Доме Ўраду… Адчуваньне, што за тыя некалькі гадоў падзеяў у нашай дзяржаўнасьці адбылося больш чым за наступныя сямнаццаць…
Алег Трусаў: А так заўсёды! Бо гэта быў пік, пад’ём – а вы ж ведаеце, што гісторыя цыклічна разьвіваецца. Спачатку ідзе падрыхтоўка, потым пад’ём (нядоўга, два–тры гады). Потым ідзе заняпад. А зараз – мы зноў выходзім на пад’ём. Я адчуваю, як гісторык, што наступны год будзе годам нейкіх вялікіх зьменаў у нашым жыцьці. І падзеі гэтага году сьведчаць пра гэта. І заўважце, што сьвяткаваньне дваццай гадавіны 25 жніўня заўважылі ўсе газэты, і правыя, і левыя: і “Звязда”, і “СБ”, і “Обозреватель”, і “Комсомольская правда”, на TUT.BY была мая прэс-канфэрэнцыя… Усе разумеюць, што хоць гэтай даты няма ў календары, але ўсе пра гэта напісалі. Нават спадар Антановіч сказаў у “Звяздзе” вельмі добра: што незалежнасьць назад не адбярэш.
Сёньня многія людзі баяцца выходзіць пратэставаць: раптам нічога не атрымаецца, але пацерпім за гэта, па галаве атрымаем, з працы звольняць. Ці не было Вам страшна тады? Бо не было ж пэўнасьці, што гэтая савецкая махіна дакладна лясьнецца…
Алег Трусаў: Страшна было ўвесь час, вельмі было. Гэты страх сядзіць у нашых генах. Вось напрыклад, калі я цалкам перайшоў на беларускую мову й прыехаў да свае бабулі ў Мсьціслаў, яна сказала: “Унучак, што ж ты робіш, на якой жа ты мове гаворыш, цябе ж заб’юць за гэта!..” Бо ў нашай сям’і людзі таксама загінулі ў 1930-х гадах. Гэта генэтычны страх, і выбілі яго зь мяне толькі бандыцкія дубінкі – калі мы, як дэпутаты Вярхоўнага Савета абвесьцілі галадоўку. Пасьля гэтага ўжо нічога не баюся. А раней генэтычная памяць спыняла: куды ты ідзеш, навошта, ты ж навуковец, зломіш сабе кар’еру…
У які момант, у якое імгненьне Вы поўнасьцю зразумелі, што вось яна – Незалежнасьць?..
Алег Трусаў: Гэта сталася ў канкрэтны час. 25 жніўня пачалося гэта ў 20.08, а скончылася ў 20.12. Вось гэтыя тры хвіліны й сталі – калі двума трацямі дэпутаты надалі Дэклярацыі аб незалежнасьци статус Канстытуцыйнага закону. Там ніводнага дэпутата не было супраць – былі хто ўстрымліваўся, не галасаваў. Але супраць было – ніводнага. Вось гэта важна – што здолелі правыя, левыя, кульгавыя, сьляпыя, глухія – усе здолелі аб’яднацца. Вось дзе моц нацыі – у “момант ікс” усе кідаюцца й галасуюць як трэба. Ніводнага супраць не было, ніводнага!..
Гісторык Алег Трусаў нагадваў нам пра падзеі 20-гадовай даўніны, калі 25 жніўня 1991 году Дэклярацыя аб Незалежнасьці Беларусі набыла статус Канстытуцыйнага закону.
Арцём Багданаў, Менск