Logo Polskiego Radia
Print

Польшча дэманструе свае дасягненьні ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.06.2019 16:03
  • Польшча дэманструе.mp3
Нагодай сталі ІІ Эўрапейскія гульні, што праходзяць у Менску.
Foto: PAP/Piotr Nowak

У пятніцу ў беларускай сталіцы пачаліся 10-дзённыя ІІ Эўрапейскія гульні. З нагоды гульняў польская каманда адчыніла ў беларускай сталіцы Алімпійскі цэнтар прамоцыі Польшчы.

Эўрапейскія гульні – гэта спартовая імпрэза, якая задумвалася, як Алімпіяда для Эўропы. Першыя гульні адбыліся ў Баку ў 2015-м годзе. Другія праходзяць у Беларусі. Тут у спаборніцтва за 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту змагаюцца 4 тысячы спартоўцаў з 50 краін. Таксама ў Менску разыгрываюцца ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіо і на чэмпіянат Эўропы (так ёсьць у выпадку боксу ды дзюдо).

Урачыстае адкрыцьцё гульняў прайшло ў Менску на стадыёне Дынама. На адкрыцьцё гульняў прыехалі прэзыдэнты Беларусі, Малдавіі, Сэрбіі, прэм'ер-міністар Расеі ды прадстаўнікі алімпійскіх камітэтаў эўрапейскіх краін. За цырымоніяй адкрыцьця назіралі 22 тысячы заўзятараў.

На адкрыцьці ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску прысутнічаў міністар спорту Польшчы Вітальд Банька. Польскі саноўнік заявіў, што глядзіць з аптымізмам на выступ польскай каманды ў складзе 151 чалавека.

Вітальд Банька: Цяжка палічыць дакладна, бо ўсё мы ведаем, што Эўрапейскія гульні – гэта новая падзея ў сьвеце спорту. Польская каманда мае больш за 150 спартоўцаў, таму спадзяюся, што мы прывязем мэдалі адсюль. Жадаю нашым спартоўцам посьпехаў.

Польскі міністар пазытыўна ацаніў падрыхтоўку Беларусі да імпрэзы.

Вітальд Банька: На маю думку, усё вельмі добра падрыхтавана. Беларусь хоча паказацца з найлепшага боку ў сьвятле Эўрапейскіх гульняў. Для арганізатараў – гэта важная спартовая падзея.

Пакуль польская каманда не здабыла ўзнагарод на спаборніцтвах у Менску. У камандным заліку пакуль лідзіруюць тры зборныя: Расеі, Беларусі ды Ўкраіны адпаведна з 40, 37 і 17 мэдалямі. Польская каманда пакуль ня мае ўзнагарод, але польскі Алімпійскі камітэт адчыніў у беларускай сталіцы Алімпійскі цэнтар прамоцыі Польшчы. Гэта фан зона для польскіх заўзятараў, якая будзе дзейнічаць усе гульні. Больш падрабязна перадае з Менску карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімеж Пац.

Уладзімеж Пац: У Польшчы ёсьць такая традыцыя, каб падчас важных спартовых падзей, папулярызаваць ды паказваць Польшчу. Тут будуць адбывацца сустрэчы з польскімі мэдалістамі, паказваць спартовыя дасягненьні, распавядаць пра эканамічныя посьпехі Польшчы, дэманстраваць польскую культуру. Гэта робіцца дзеля таго, каб зблізіць Польшчу зь яе суседзямі ў імя агульных каштоўнасьцяў. На ўрачыстым адкрыцьці цэнтра былі прадстаўнікі польскіх грамадзкіх арганізацый ды беларускай інтэлігенцыі.

Адкрыцьцё цэнтра прывіталі палякі, якія жывуць у Беларусі. Гэта выдатная форма прасоўваньня польскага спорту й Польшчы. Цэнтар адчыніўся ў палацы Ваньковіча. Гэта добрае месца й добрая ініцыятыва, сказала Польскаму радыё старшыня менскага аддзяленьня Таварыства «Polska Macierz Szkolna» Марына Рэпкіна.

Марына Рэпкіна: Выдатная ініцыятыва, якая зьвязана з культурай Польшчы. Палац Ваньковіча – гэта ідэальнае месца, найлепшае на такія сустрэчы.

У першыя дні гульняў стала вядомы, што трэція гульні пройдуць у Польшчы ў 2023-м годзе. Такое рашэньне было прынятае ў Менску падчас паседжаньня Генэральнай асамблеі Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт