У Польшчы фарміруюць войскі абароны ад кібэатакаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.06.2019 15:07
У гэтым месяцы адбудзецца першы прызыў добраахвотнікаў, якія хацелі б займацца кібэрбясьпекай.
pixabay.com/CC0 Public Domain
Пад канец чэрвеня павінен быць гатовы плян дзейнасьці войскаў абароны кібэрпрасторы. Гэта тайны дакумэнт, які ня будзе абнародаваны – паведамляе «Rzeczpospolita». Таму грамадзтва ня зможа даведацца, колькі жаўнераў і цывільных служачых будзе задзейнічана ў гэтых войсках.
У лютым бягучага году міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак прызначыў упаўнаважанага па пытаньнях войскаў абароны кібэрпрасторы, і з таго часу справы хутка ідуць наперад. Адно зь першых рашэньняў – кансалідацыя цэнтраў, якія займаюцца такімі пагрозамі – у склад Нацыянальнага цэнтра бясьпекі кібэпрасторы ўвайшоў Нацыянальны цэнтар крыпталёгіі ды інспэктарат інфарматыкі Мінабароны.
Паводле словаў віцэ-міністра абароны Томаша Зьдзікота, яшчэ ў гэтым месяцы адбудзецца першы прызыў добраахвотнікаў, якія хацелі б займацца кібэрбясьпекай у рамках войскаў тэрытарыяльнай абароны. На пачатак гэта будзе сто чалавек, якія працуюць у прыватных кампаніях, але могуць сумяшчаць прафэсійную дзейнасьць з дапамогай адзінкам Узброеных Сілаў.
Чым намераныя займацца войскі абароны кібэрпрасторы? Галоўныя задачы – маніторынг кібэрпагрозаў, іх нэўтралізацыя і прадухіленьне, падтрымка вайсковых апэрацый арміі, а таксама ахова сеткі тэлеінфармацыі. Ці войска намерана прымаць на працу таксама хакераў? Хутчэй за ўсё, так. Армія ўжо рыхтуе і вучыць будучых кібэржаўнераў. Гэта галоўным чынам маладыя выпускнікі факультэтаў праграмаваньня, у тым ліку з Вайсковай тэхнічнай акадэміі ў Варшаве. Дарэчы, зь верасьня пры акадэміі пачне працаваць вайсковы ліцэй, які будзе рыхтаваць будучых праграмістаў.
Rzeczpospolita/нг