Logo Polskiego Radia
Print

«АўгустВело» спалучыў Горадню з Польшчай

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.06.2019 17:12
  • АўгустВело.mp3
Гарадзенская вобласьць ды Падляскае ваяводзтва завяршылі рэалізацыі сумеснага праекту 50 кілямэтровага пеша-роварнага турыстычнага маршруту «АўгустВело».
Foto: pixabay.com/CC0

Аматараў роварных вандровак з Польшчы да Беларусі чакае цікавае падарожжа ўздоўж Аўгустоўскага каналу да Горадні. Жадаючыя паспрабаваць свае сілы на большыя адлегласьці, могуць даехаць да польскага веламаршрута «Green Velo» – гэта яшчэ 2000 км. роварных маршрутаў.

З нядзелі 2 чэрвеня афіцыйна можна карыстацца турыстычным маршрутам «АўгустВело», які вядзе ад польскай мяжы да Горадні ўздоўж Аўгустоўскага каналу. Урачыстае адкрыцьцё адбылося з удзелам маршалка Падляскага ваяводзтва Артура Касіцкага ды старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзіміра Краўцова.

Праект турыстычнага маршруту быў распрацаваны сумесна беларуска-польскай групай адмыслоўцаў з мэтай павышэньня турыстычнай прыцягальнасьці Аўгустоўскага каналу. Адпаведную дэклярацыю бакі падпісалі восеньню 2017-га года.

Чыноўнікі зазначалі тады , што «АўгустВело» стане турыстычным маршрутам з адпаведнай інфраструктурай, які спалучыць тры краіны Польшчу, Беларусь ды Летуву. Гаворыць Богдан Дыюк з Падляскага ваяводзкага ўпраўленьня.

Богдан Дыюк: Мы імкнемся пашыраць транспамежныя ініцыятывы. Менавіта гэтаму служыць дэклярацыя адкрыцьця пеша-роварнага маршрута «АўгустВело» уздоўж Аўгустоўскага каналу. Зацікаўленасьць выказвае летувіскі бок, каб працягнуць маршрут уздоўж Нёмана да Друскенік, каб спалучыць цікавы закутак трох краін.

Рэалізацыя праекту заняла два гады ды адбывалася ў рамках праекта «Падтрымка разьвіцьця прадпрымальніцтва ў турызьме праз будаўніцтва інфраструктуры гарадзенскай вобласьці». Рэалізацыяй дадзенай ініцыятывы займаліся сумесна Асацыяцыя вясковых гмін Падляскага ваяводзтва ды ўпраўленьне спорту ды турызму Гарадзенскага аблвыканкаму. Цяпер польскі ды беларускі бок хочуць разбудаваць турыстычную інфраструктуру ўздоўж «АўгустВело», зазначыў Богдан Дыюк.

Богдан Дыюк: Мы хочам пабудаваць цяпер вакол гэтага шляху разнастайную інфраструктуру, бо спадзяемся, што дадзены маршрут выкліча зацікаўленасьць сярод турыстаў.

У выніку цяпер аматары роварных і пешых вандровак могуць паехаць уздоўж Аўгустоўскага канала з вёскі Мікашоўка на польскай тэрыторыі да беларускай Горадні праз памежны пераход на шлюзе Кужынец. На трасе ёсьць шмат цікавага, кажа галоўны спэцыяліст па пытаньнях спорту ды турызму Гарадзенскага райвыканкаму Віктар Салома.

Віктар Салома: З нашага боку шмат цікавага. Гэта ўсе шлюзы Аўгустоўскага каналу на беларускай тэрыторыі ды музэй каналу. Таксама можна наведаць сядзіба Гурскіх у Радзівілках, наведаць Сапоцкіна, дзе ёсьць музэй пісанкі ды цікавыя пахаваньні, у тым ліку і магнатаў Гурскіх. Можна яшчэ наведаць архітэктурна-паркавы комплекс Сьвяцк, які цяпер аднаўляецца. Таксама можна наведаць два музэі ў Зарачанцы – гэта музэй ручніка ды формы. На трасе ёсьць месцы адпачынку, месцы для начлегу.

З польскага боку «АўгустВело» спалучаны з вядомы польскім роварным маршрутам «Green Velo», якія мае цягнецца праз усю Польшчу з Поўначы на поўдзень праз 2 тысячы кілямэтраў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт