Logo Polskiego Radia
Print

У трох беларускіх гарадах прадставяць інтэрнэт-бібліятэку "Камунікат"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.05.2019 12:17
  • Камунікат.mp3
Рэсурсы «Камунікату» – гэта некалькі дзясяткаў тысяч твораў мастацкай літаратуры, газэт і навуковых выданьняў.
kamunikat.org

З 2000 году ў інтэрнэце дзейнічае беларуская віртуальная бібліятэка «Камунікат», на старонках якой можна знайсьці тысячы беларускіх твораў: кніг, газэтных выданьняў, артыкулаў у розных фарматах. Гэта адзіная такая багатая рэсурсамі інтэрнэт-бібліятэка, якая стваралася выключна прыватнымі асобамі, і трымаецца на энтузіязьме свайго заснавальніка Яраслава Іванюка ды яго блізкіх супрацоўнікаў. Нядаўна праца нашага калегі, журналіста і гісторыка, была высока ацэненая ў Беларусі. «Камунікат» атрымаў узнагароду часопіса ЛітРаж «Празрысты ЭОЛ», а сёньня пачынаецца трохдзённая прэзэнтацыя бібліятэкі ў трох беларускіх гарадах.

Я. Іванюк: Прэзэнтацыя ў Беларусі былі заплянаваныя ў нашым праекце, які мы рэалізуем з канца 2018 г. Мы вырашылі, што добра было б паказаць інтэрнэт-бібліятэку ў Беларусі ў асяродках, з якімі мы супрацоўнічаем. На гэтым тыдні ў Беларусі пройдуць тры такія прэзэнтацыі – у Слоніме, Маладэчне і Віцебску. Ва ўсіх гэтых гарадах ёсьць газэты, а таксама пісьменьнікі, з якімі мы супрацоўнічаем. Падчас прэзэнтацый з намі будзе Віктар Шалкевіч, бард, актор, які супрацоўнічае з намі здаўна. Вельмі цешымся, што ўдалося нам наладзіць супрацоўніцтва з Дзяржаўным музычным каледжам і маладэчанскай рэгіянальнай газэтай, якая прынцыпова трымаецца беларускай мовы.

Рэсурсы «Камунікату» – гэта некалькі дзясяткаў тысяч твораў мастацкай літаратуры, выпускаў газэт і навуковых выданьняў. Удалося гэта ўсё сабраць і адлічбаваць за амаль два дзясяткі гадоў існаваньня бібліятэкі. Пра пачаткі і сёньняшні дзень «Камунікату» распавядае яго стваральнік.

Я. Іванюк: Усё пачалося з бюлетэню Беларускай рэдакцыі Польскага радыё для замежжа, які называўся Камунікат. Пазьней гэта разраслося, стала бібліятэкай, на дадзены момант у бібліятэцы сабраных амаль 40 тыс. беларускіх публікацый – кнігі, часопісы, газэты, відэа і г.д. Яны бясплатна даступныя, накіраваныя да ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай і друкам. Сустракаючыся з людзьмі, якія з намі супрацоўнічаюць, дасьледчыкамі, пісьменьнікамі, мы ўвесь час чуем, што наша праца вельмі важная і карысная для беларускай літаратуры і для дасьледчыкаў, паколькі на «Камунікаце» ёсьць архіўныя нумары беларускай прэсы, якая часта недаступная ў іншых месцах. Людзі карыстаюцца рэсурсамі бібліятэкі, дзякуючы гэтаму мы ведаем, што наша праца не ідзе ўпустую.

15 траўня – сустрэча ў рэдакцыі Слонімскай газэты, 16 чысла адбудзецца прэзэнтацыя «Камунікату» ў Маладэчне ў Дзяржаўным музычным каледжы, а ў Віцебску 17 траўня сустрэча пройдзе ў арт-пабе Торвальд.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт