Logo Polskiego Radia
Print

Страйк настаўнікаў закончыўся, але праблемы ў адукацыі засталіся

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.04.2019 17:02
  • круглы стол.mp3
Адным з наступстваў пратэсту настаўнікаў стала сустрэча на Нацыянальным стадыёне – круглы стол.
Матэвуш Маравецкі і Бэата Шыдла пасьля заканчэньня сустрэчы на стадыёнеМатэвуш Маравецкі і Бэата Шыдла пасьля заканчэньня сустрэчы на стадыёнеPAP/Radek Pietruszka

З панядзелку польскія школы і дзіцячыя садкі, якія 8 красавіка аб’явілі забастоўку, працуюць ужо ў нармальным рэжыме. Нагадаем, прафсаюзы: Зьвяз польскіх настаўнікаў і Форум прафэсійных саюзаў, прыпынілі страйк ад суботняй раніцы.

Адным з наступстваў страйку настаўнікаў стала сустрэча на Нацыянальным стадыёне – круглы стол прадстаўнікоў уладаў, настаўнікаў, бацькоў, муніцыпальных органаў, якія абмяркоўвалі праблемы адукацыйнай сыстэмы Польшчы. На жаль, на сустрэчу не прыйшлі прадстаўнікі прафсаюзаў настаўнікаў ды арганізацый працадаўцаў, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што на стадыёне немагчыма прыняць рацыянальныя рашэньні.

Па словах прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, выказваньні розных удзельнікаў сустрэчы стануць важнымі ўказаньнямі для ўладаў падчас асьветніцкай рэформы. Падсумоўваючы частку выступленьняў, Матэвуш Маравецкі адзначыў, што гэта былі важныя і каштоўныя для яго заўвагі.

М. Маравецкі: Узровень дэбатаў быў вельмі высокі. Многія могуць сказаць, што заўвагі некаторых удзельнікаў былі даволі павярхоўныя, але я так не лічу, і не лічу таксама, што яны былі ўзаемна супярэчлівыя. Я заўважыў у многіх прамовах шмат агульнага, і для мяне гэта важнае ўказаньне, якое паказвае напрамак, у якім неабходна рухацца, каб правесьці зьмены ў сыстэме адукацыі.

У канфэрэнц-цэнтры сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі ўраду, настаўнікі, вучні, бацькі ды экспэрты. Сабраныя былі згодныя, што пэдагогі павінны зарабляць больш, але не абавязкова павінна быць ураўнілаўка ў заробках. Меркаваньнем прафэсара Ежы Ляцкоўскага з Ягелёнскага ўнівэрсыстэту ў Кракаве, неабходна ўвесьці такую сыстэму заробкаў, каб найлепшыя настаўнікі маглі зарабіць больш. Сыстэма павінна матываваць да лепшай працы, – заявіў экспэрт.

Е. Ляцкоўскі: Можна спрабаваць, хаця гэта вельмі нялёгка, падрыхтаваць дакладныя ды аб’ектыўныя крытэры ацэнкі працы настаўнікаў. І павязаць павышэньне зарплаты з ацэнкай працы, якую выставіць дырэктар. І тады хай тую мітычную тысячу злотых атрымае толькі той настаўнік, якога дырэктар ацэніць на «выдатна». А таму, хто атрымае ніжэйшую адзнаку, павысіць зарплату на палову гэтай сумы.

Старшыня фундацыі «Бацькі – школе» Войцех Стажыньскі казаў пра ролю бацькоў у жыцьці школы. На ягоную думку, бацькі зьяўляюцца адным са стваральнікаў сучаснай сыстэмы адукацыі. Падчас пасяджэньня ўдзельнікаў круглага стала ён выразіў задавальненьне, што ў сустрэчы бяруць удзел бацькі школьнікаў.

В. Стажыньскі: Практычна ўсе ў Польшчы разумеюць, што немагчыма збудаваць сучасную сыстэму адукацыі, сучасную школу без удзелу бацькоў. Толькі з дапамогай бацькоў магчыма збудаваць такую школу, якая можа адказваць на выклікі 21-га стагодзьдзя, такую школу, пра якую мараць жыхары нашай краіны. Такую школу можна збудаваць толькі тады, калі будуць супрацоўнічаць усе суб’екты адукацыйнага праекту, а перш за ўсё настаўнікі, вучні ды бацькі.

Страйк настаўнікаў закончыўся, але праблемы, з якімі сутыкаецца школа, засталіся. Пэдагогам не ўдалося дабіцца павышэньня заробкаў, якога яны патрабавалі – 1000 злотых для кожнага настаўніка. Старшыня Саюзу польскіх настаўнікаў Славамір Броняж заявіў, што гэта не канец забастоўкі, яна цалкам не спыненая, а толькі прыпыненая на нейкі час, каб выпускнікі апошніх клясаў сярэдніх школ маглі спакойна здаць іспыты на атэстат сталасьці. Прафсаюзы мяркуюць узнавіць пратэст у верасьні.

На думку дэпутата парлямэнту ад кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» Марціна Гаралы ( Marcin Horała), страйк прынёс настаўнікам больш адмоўнага, чым пазытыўнага.

М. Гарала: Калі коратка падсумаваць забастоўку, што яна прынесла: паніжэньне заробкаў настаўнікаў, паколькі за час страйку яны не атрымаюць грошай, шматлікія сваркі паміж пэдагогамі, асабліва перасьлед тых, хто адмовіўся страйкаваць. Калі казаць пра станоўчыя бакі – можа крыху дзеці ўцешылася, што ў іх нечаканыя канікулы. Канешне, неабходна размаўляць пра тое, што настаўнікі зарабляюць мала, якім чынам павышаць заробкі. Хаця, трэба сказаць, што якраз гэты ўрад размарозіў заробкі, пачалося павышэньне – 5,75% летась, 5% у студзені гэтага году і тое, пра што дамовіліся з прафсаюзам «Салідарнасьць» без страйку – 9,6% у верасьні гэтага году.

Нагадаем, прафсаюз «Салідарнасьць» быў адзіным прафэсійным саюзам настаўнікаў, які не далучыўся да забастоўкі, два іншыя сарвалі перамовы з урадам. Згодна з вынікамі перамоваў ураду з «Салідарнасьцю», заробкі настаўнікаў павінны вырасьці ў сумарным пляне прыкладна на 15%, акрамя таго, будзе паскораны працэс атрыманьня вышэйшых настаўніцкіх ступеняў, а дадатак за працу кляснага кіраўніка будзе складаць ня менш за 300 злотых.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт