Польскія паштары ды паштаркі хочуць зарабляць больш
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Eduard Zholud
                        
                        25.04.2019 11:53
                    
                                 
                
                
                    Паштальёны патрабуюць павышэньня месячных заробкаў на 500 злотых (прыкладна 120 эўра).
                
                
                    
                         Photo: pocztapolska.pl
Photo: pocztapolska.pl
                     
                
                
                
               
                
                         Супрацоўнікі Польскай пошты ўжо рыхтуюць жоўтыя камізэлькі, папярэджвае Dziennik Gazeta Prawna.
Прафсаюз супрацоўнікаў Польскай пошты распачаў афіцыйную працэдуру спрэчкі з праўленьнем агульнанацыянальнага прадпрыемства. Калі перамовы прафсаюзу й праўленьня, заплянаваныя на 30 красавіка, праваляцца, паштары гатовыя распачаць пратэст, аздоблены жоўтымі камізэлькамі.
Паштальёны патрабуюць павышэньня месячных заробкаў на 500 злотых (прыкладна 120 эўра). У выпадку, калі праўленьне Польскай пошты адмовіцца пайсьці на саступкі, прафсаюз гатовы распачаць пратэст. Польская пошта зьяўляецца найвялікшым працадаўцам у Польшчы, яе штат налічвае 80 тысяч чалавек, больш за 12 тысяч зь іх ўваходзяць у прафсаюз «Салідарнасьць».
Перамовы паміж прафсаюзам і кіраўніцтвам Польскай пошты цягнуцца з пачатку гэтага году. Актывісты аб’яднаьня пераконваюць, што перамовы, якія адбудуцца 30 красавіка, гэта апошні шанец для працадаўцы, каб пазьбегнуць масавага пратэсту супрацоўнікаў Польскай пошты, піша Dziennik Gazeta Prawna.
эж