Logo Polskiego Radia
Print

Два прафсаюзы настаўнікаў байкатуюць круглы стол, які прапануе прэм'ер

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.04.2019 15:45
Байкот дэбатаў на стадыёне – гэта знак, што да канца страйку яшчэ далёка.
foto: pixabay.com

Як штодня, польскія выданьні інфармуюць пра ход забастоўкі настаўнікаў, якая працягваецца ўжо трэці тыдзень. Два прафэсійныя саюзы пэдагогаў адмовіліся ўдзельнічаць у круглым стале на тэму сыстэмы адукацыі, які адбудзецца ў пятніцу па ініцыятыве прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага – піша «Rzeczpospolita». Сустрэча заплянаваная на Нацыянальным стадыёне. Улады прапануюць, каб у ёй прымалі ўдзел ня толькі прадстаўнікі настаўнікаў ды ўраду, але таксама арганізацыі працадаўцаў, бацькі, муніцыпальныя чыноўнікі й экспэрты.

Байкот дэбатаў на стадыёне – гэта знак, што да канца страйку яшчэ далёка. Старшыня Зьвязу польскіх настаўнікаў Славамір Броняж заявіў, што спыненьне пратэсту «малаверагодна». Таксама іншыя прафсаюзы скептычна настроеныя наконт эфэктыўнасьці перамоў, калі будзе ў іх браць удзел некалькі тысяч чалавек.

Важнае рашэньне затое прыняў Школьны забастовачны камітэт настаўнікаў, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі страйкуючых сярэдніх школаў. Яны прынялі пастанову, што настаўнікі будуць кваліфікаваць выпускнікоў да матураў (іспыты на атэстат сталасьці, адпаведнік цэнтралізаванага тэставаньня ў Беларусі). Калі б вучні апошніх клясаў не атрымалі кваліфікацыі, яны не маглі б прыступіць да іспытаў.

Некалькі тысяч настаўнікаў прыйшло ўчора да будынку Міністэрства адукацыі, каб выразіць свой пратэст супраць палітыкі ўраду. Аўтобусы з настаўнікамі прыехалі з розных напрамкаў, між іншым з Вроцлава, Кракава, Каліша, Седлец ды іншых гарадоў Польшчы. Дэманстрацыі прайшлі таксама ў 22 іншых гарадах краіны.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт