Іспыты васьміклясьнікаў паказалі: вярнулася традыцыйная школа
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
17.04.2019 16:34
На думку настаўнікаў, узровень заданьняў быў вельмі высокі.
pixabay.com/Public Domain CC0
У выніку рэформы сыстэмы адукацыі, сёлета ўпершыню за шмат гадоў выпускнікі восьмых клясаў пішуць іспыты. Экзамэны працягваюцца тры дні, сёньня апошні з іх – па ангельскай мове – нагадвае «Dziennik Gazeta Prawna». Пры нагодзе выданьне шмат увагі прысьвячае страйку настаўнікаў, які трывае ўжо другі тыдзень, і прапанове ўладаў правесьці круглы стол, прысьвечаны зьменам у адукацыі.
Два іспыты ўжо адбыліся – па матэматыцы і польскай мове ды літаратуры. На думку настаўнікаў, узровень заданьняў быў вельмі высокі, ад выпускнікоў восьмых клясаў, 14, – 15-гадовых дзяцей, патрабавалася вельмі шмат. Напрыклад, трэба было добра ведаць зьмест звыш дзесяці літаратурных твораў, у тым ліку ўсяго «Пана Тадэвуша». Для падлеткаў гэта складаныя, часта архаічныя і незразумелыя творы. Таксама матэматыка была нялёгкая, задач было шмат, а часу мала, патрабаваньні высокія. Вярнулася традыцыйная школа, ад вучняў патрабуюць грунтоўных ведаў, нават можна параўнаць гэтыя патрабаваньні з той высокай плянкай, якая была перад вайною – адзначае выданьне.
Газэта друкуе таксама інтэрвію з кіраўніком Пастаяннага камітэту Рады міністраў Яцэкам Сасіным пра страйк настаўнікаў. Сасін згадвае, што ўрад прапануе павышэньне заробкаў, але ўзамен за рост абавязковай колькасьці гадзін працы настаўніка ў клясе. У Польшчы гэта 18 гадзін у тыдзень, сярэдні паказчык у Эўропе – 26 гадзін. Настаўнікі патрабуюць павышэньня зарплаты, але ня хочуць згадзіцца на павышэньне лічбы гадзін працоўнага тыдня. Сасін кажа таксама пра прапанову ўраду правесьці круглы стол, на які былі б запрошаныя ня толькі прадстаўнікі настаўніцкіх прафсаюзаў ды ўраду, але таксама бацькі вучняў і працадаўцы. Сустрэча была б нагодай паразмаўляць ня толькі пра заробкі, але агулам пра будучыню польскай сыстэмы адукацыі.
Dziennik Gazeta Prawna/нг