Logo Polskiego Radia
Print

Бізнэс можа і павінен кіравацца хрысьціянскімі каштоўнасьцямі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.04.2019 09:16
  • бізнэс.mp3
У Польшчы зладжаная канфэрэнцыя аб тым, якім чынам весьці свой бізнэс згодна божым запаветам.
pixabay.com/Public Domain CC0

Многія людзі мяркуюць, што бізнэс, таксама, як палітыка, гэта брудная справа, што немагчыма быць прадпрымальнікам і заставацца цалкам сумленным чалавекам. Вельмі моцна гэтае перакананьне распаўсюджана ў краінах былога Савецкага Саюзу, дзе бізнэс, асабліва вялікі, у значнай ступені карумпаваны, вельмі рэдка кіруецца хрысьціянскімі запаветамі. Польскія бізнэсоўцы вырашылі засьведчыць, што можа быць інакш.

У Польшчы вырашылі паказаць, што варта кіравацца хрысьціянскімі каштоўнасьцямі таксама ў бізнэсе, што бізнэс можа быць сумленным і шчодрым. На мінулых выходных у мясцовасьці Тарнаў Падгурны на захадзе краіны прайшла двухдзённая канфэрэнцыя пад загалоўкам «Бог, сям’я, фірма, шчодрасьць». Сустрэча была прызначаная для каталіцкіх прадпрымальнікаў і людзей, якія імкнуцца будаваць свой бізнэс, абапіраючыся на каталіцкую сыстэму каштоўнасьцяў.

На думку ксяндза Рафала Астроўскага з душпастырства прадпрымальнікаў і працадаўцаў «Талент» познанскай архідыяцэзіі, назоў канфэрэнцыі зьяўляецца лёзунгам, які можа яднаць бізнэсоўцаў.

Р. Астроўскі: Канфэрэнцыя распаўсюджвае веды аб тым, якім чынам весьці свой бізнэс згодна божым запаветам. Акрамя таго, адна з яе задач – яднаць каталіцкія асяродзьдзі. У нашыя часы ня толькі бізнэсоўцам, але агулам дарослым людзям цяжка прызнавацца, што яны вераць у Хрыста. А тут яны сустрэнуць шмат іншых людзей, якія ў яго вераць, кіруюцца ў жыцьці каталіцкімі каштоўнасьцямі. Калі мы разам, лягчэй пераадолець жыцьцёвыя цяжкасьці, мы ўсё больш сьмела прызнаемся ў нашай веры ў Хрыста.

Тэматыка канфэрэнцыі адносіцца да чатырох плоскасьцяў, у якіх павінен функцыянаваць прадпрымальнік. Нагадаем, гэта Бог, сям’я, фірма і шчодрасьць. Ксёндз Рафал Астроўскі тлумачыць, што найлепш аб тым, наколькі важная шчодрасьць, казаў папа рымскі, сьвяты Ян Павел Другі.

Р. Астроўскі: Чалавек вялікі не праз тое, што ў яго ёсьць, а праз тое, які ён ёсьць, не праз тое, што мае, а праз тое, чым дзеліцца з іншымі. Шчодрасьць – гэта, на нашую думку, неабходны элемэнт дзейнасьці кожнага бізнэсоўца. Калі прадпрымальнік забывае ў сваёй дзейнасьці пра шчодрасьць, то гэта азначае, што мамона поўнасьцю іх захапіла. Ісус Хрыстос калісьці казаў: вы ня можаце служыць Богу і мамоне. Гэта дзьве несумяшчальныя рэчы. Трэба служыць поўнасьцю Пану Богу, і тады грошы будуць прыходзіць так, як трэба.

Што значыць быць каталіцкім прадпрымальнікам? Гэта азначае перш за ўсё будаваньне чалавечага капіталу. Заснавальнік і сябра клюбу прадпрымальніцтва Гіпаліта Цэгельскага Дамінік Гурны падкрэсьлівае, што самыя важныя ў структуры прадпрыемства чалавек і пабудова партнэрскіх адносінаў па прынцыпах, агульных для ўсіх.

Д. Гурны: Неабходна памятаць пра калектыў, каб разам выпрацаваць грамадзкі капітал, якім будуць карыстацца людзі, якія не зьяўляюцца прадпрымальнікамі. Калі ты далучаесься да нас, будуеш сваю дзейнасьць згодна чатыром прынцыпам – Бог, сям’я, фірма і шчодрасьць, тады ты становісься вялікім прадпрымальнікам. А што азначае быць вялікім бізнэсоўцам? Гэта азначае, што ты ведаеш: можна збудаваць выдатны калектыў, асяродзьдзе, пры ўдзеле вялікай колькасьці людзей. І гэтыя людзі імкнуцца вучыцца адзін ад аднаго, пераймаць свой вопыт, давяраць іншым. І гэта азначае будаваньне партнэрскіх адносінаў.

У праграме канфэрэнцыі былі, у прыватнасьці, лекцыі на тэму сыстэмы ідэнтычнасьці прадпрымальніка, генія жанчыны і прадпрымальніцтва ў рамках адной сям’і. Сярод выступоўцаў былі госьці з замежжа, між іншым прафэсар Луіс Уэтэ (Luis Huete) з Гішпаніі, які прачытаў лекцыю пра давер да прадпрымальнікаў і Андрэас Уідмэр (Andreas Widmer) са Злучаных Штатаў Амэрыкі.

У канфэрэнцыі ўдзельнічала больш за 200 прадпрымальнікаў. Ганаровы патранат над мерапрыемствам узяў на сябе мітрапаліт познанскі арцыбіскуп Станіслаў Гандэнцкі. У сваю чаргу мэдыя-патранат быў у Польскага радыё 24.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт