Няма каму вучыць вучняў у прафэсійных вучылішчах
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Natalia  Szymkowiak
                        
                        29.03.2019 16:02
                    
                                 
                
                
                    Пэдагогі кідаюць працу ў школе і пераходзяць працаваць у фірмы, а старэйшыя – на пэнсію. 
                
                
                    
                         pixabay.com
pixabay.com
                     
                
                
                
               
                
                         Польскія ўлады ў верасьні гэтага году плянуюць увесьці рэформу прафэсійна-тэхнічных вучылішчаў. Асноўная прадпасылка рэформы – каб навучаньне адбывалася ў блізкім супрацоўніцтве з працадаўцамі. Дырэктары школ у сваю чаргу апасаюцца, што рэформа можа закончыцца нічым, паколькі няма жадаючых вучыць у прафэсійных школах – паведамляе «Rzeczpospolita».
Рэформа – гэта, канешне, крок у добрым напрамку, але выкананьне пакідае жадаць лепшага – адзначае экспэрт Канфэдэрацыі працадаўцаў Левятан Якуб Гантарэк. На ягоную думку, рэформу неабходна адкласьці як мінімум на адзін год.
У выніку рэформы зьменіцца статус некаторых настаўнікаў, якія выкладаюць прафэсійныя прадметы ў ПТВ. У выніку частка з іх страціць дзьве гадзіны працы ў тыдзень і, адпаведна, частку заробкаў. Пэдагогі абураныя гэтымі зьменамі, некаторыя кідаюць працу ў школе і пераходзяць працаваць у фірмы, а старэйшыя – на пэнсію. Дырэктары школ баяцца, што ў верасьні ня будзе каму выкладаць практычнае навучаньне ў вучылішчах. Заробкі ў сфэры адукацыі ў Польшчы такія нізкія, што немагчыма прыцягнуць працаваць у школу добрых прафэсіяналаў – праграмістаў, кінэматографаў або інжынэраў будаўніцтва. Вакансіі школ не цікавяць нават выпускнікоў ВНУ.
Магчыма, праблему адсутнасьці працоўных кадраў можна было вырашыць, калі б у справу больш актыўна падключыліся наймальнікі. Цяпер у Польшчы назіраецца рынак працаўнікоў, цяжка знайсьці працоўныя рукі, таму працадаўцы павінны быць зацікаўленыя падрыхтоўкай сваіх будучых супрацоўнікаў – кажа Якуб Гантарэк.
Rzeczpospolita/нг