Logo Polskiego Radia
Print

29.03.2019 г. Вялікабрытанія плянавала канчаткова пакінуць ЭЗ (абноўлена)

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.03.2019 15:24
  • brexit.mp3
Да сёньняшняга дня невядома, на якіх умовах дзяржава выйдзе з супольнасьці, і калі.
Брытанская прэм'ер-міністар Т. МэйБрытанская прэм'ер-міністар Т. МэйPAP/EPA/FACUNDO ARRIZABALAGA

29 сакавіка павінен быў стаць тым днём, калі Вялікабрытанія перастане быць сябрам Эўрапейскага Зьвязу. Аднак яшчэ ў чацьвер, 28 сакавіка, не было вядома, на якіх умовах дзяржава пакіне супольнасьць, ці агулам гэта адбудзецца, і калі.

Надзея памірае апошняй, і да апошняй хвіліны прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй спадзявалася правесьці галасаваньне над дамоўленасьцю дзяржавы з Эўрапейсікм Зьвязам аб выхадзе Вялікабрытаніі з супольнасьці. Яшчэ ў чацьвер яна не выключала, што Палата абшчын (ніжняя палата парлямэнту) на наступны дзень прыме пад галасаваньне дамоўленасьць аб выхадзе з Эўрапейскага Зьвязу. Падрыхтоўка дамовы заняла прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі больш за два гады. Яна абяцала, што падасьць у адстаўку, калі дэпутаты прагаласуюць за дакумэнт. Згодна пагадненьню, прынятаму на мінулым тыдні, калі ў пятніцу Палата абшчын не прыме дакумэнту, то Вялікабрытанія 12 красавіка тэарэтычна выходзіць з Эўразьвязу без ніякага паразуменьня.

Палата абшчын стаіць перад простым выбарам – казаў галоўны юрыдычны дарадчык брытанскага ўраду Джэфры Кокс. Адкрываючы дэбаты на тэму выхаду краіны з Эўрапейскага Зьвязу, ён пераконваў дэпутатаў, што яны павінны прагаласаваць сёньня за прыняцьце дамоўленасьці, паколькі гэта дазволіць ім захаваць кантроль над выхадам Вялікабрытаніі з ЭЗ.

Д. Кокс: Па-першае, палата можа адобрыць пагадненьне, маючы сьвядомасьць, што такім чынам яна гарантуе сабе права перакласьці брэксіт на пазьнейшы тэрмін. Па-другое, можа галасаваць супраць, памятаючы, што на будучым тыдні ня будзе ўжо права аўтаматычна падоўжыць тэрмін выхаду. Умовай будзе тады прыняцьце далейшай стратэгіі і стабільная большасьць дэпутатаў у яе падтрымку. Акрамя таго, 27 іншых дзяржаў ЭЗ маюць права накласьці вэта.

У іншых краінах Эўрапейскага Зьвязу ўважліва сочаць за тым, што адбываецца ў Вялікабрытаніі. Таксама для Польшчы вельмі важна, ці ўдасца правесьці «развод» цывілізаваным чынам, паколькі ад гэтага залежаць адносіны краіны з брытанскімі выспамі. Трэба быць падрыхтаваным да найгоршага, да такога сцэнару, калі ангельцам не ўдасца падпісаць дамову аб выхадзе з ЭЗ і працэс адбудзецца хаатычна, без адпаведных пагадненьняў.

Па словах прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, Польшча гатовая да такой сытуацыі, калі брэксіт адбудзецца без адпаведнай дамоўленасьці. Прэм’ер правёў сустрэчу з галоўным перамоўцам Эўрапейскай камісіі па пытаньнях брэксіту Мішэлем Барнье, і пасьля спатканьня заявіў, што польскі ўрад рыхтуецца да такога разьвіцьця падзей ужо здаўна.

М. Маравецкі: У дадзеных рамках вельмі важна будзе падрыхтаваць карысныя для абодвух бакоў міжнародныя адносіны. Гаворка ідзе пра пытаньні, зьвязаныя з двухбаковым гандлем, бясьпекай, а таксама фінансаваньнем розных праектаў.

Улады Польшчы паклапаціліся таксама пра інтарэсы польскіх кліентаў брытанскіх фінансавых устаноў. Адпаведны закон па дадзеным пытаньні падпісаў прэзыдэнт Анджэй Дуда. Гаворка ідзе пра сытуацыю, калі не ўдасца заключыць пагадненьне паміж Эўразьвязам і Вялікабрытаніяй і адбудзецца выхад дзяржавы з супольнасьці без дамоўленасьці. Закон дае магчымасьць падоўжыць дзейнасьць дакумэнтаў, аформленых перад выхадам Вялікабрытаніі з ЭЗ. Гаворка ідзе між іншым пра крэдытныя дамовы або страхавыя полісы.

Калі б дамоўленасьць паміж Вялікабрытаніяй ды Эўрапейскім Зьвязам была адобраная на гэтым тыдні, то Лёндан мог бы падоўжыць сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе да 22 траўня. У іншым выпадку трэба будзе выбраць або брэксіт без ніякай дамоўленасьці 12 красавіка, альбо зьвярнуцца да Эўразьвязу з просьбаю прадоўжыць перамовы, магчыма, нават на год. Згода залежыць ад уладаў ЭЗ.

Калі не ўдасца прыняць дамову, падрыхтаваную Тэрэзай Мэй, то паміж Эўрапейскім Зьвязам і Вялікабрытаніяй можа быць падпісаны мытны саюз. Дзякуючы гэтаму ня быў бы патрэбны кантроль на мяжы паміж Ірляндыяй ды Ульстэрам, не было б гіганцкіх чэргаў у партах Кале і Дуўра, а кампаніям, якія зьвязаныя з фімамі Эўрапейскага Зьвязу, не прыйшлося б пераносіць вытворчасьць у ЭЗ. З іншага боку, паміж Вялікабрытаніяй ды Эўразьвязам не было б ужо свабоды перамяшчэньня тавараў і людзей. Падобны мытны саюз зьвязвае Эўразьвяз і Турцыю ўжо 23 гады.

Каля 17.40 паводле беларускага часу стала вядома, што Палата абшчын адхіліла дамоўленасьць з Эўрапейскім Зьвязам.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт