Logo Polskiego Radia
Print

ЗША не дамовіліся з Паўночнай Карэяй

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.02.2019 15:55
  • ЗША не дамовіліся.mp3
Віетнамскі саміт лідараў абедзьвюх дзяржаў завяршыўся безвынікова.
Foto: EPA/WALLACE WOON Dostawca: PAP/EPA

Бакі абяцалі працягнуць размовы пра разбраеньне.

27-28 лютага ў сталіцы Віетнама Ханоі адбыўся амэрыканска-паўночнакарэйскі саміт. На «сяброўскія» размовы прыехалі Дональд Трамп ды Кім Чэн Ын, якія меліся дамовіцца пра ядзернае разбраеньне Паўночнай Карэі. Дамовіцца не атрымалася.

Саміт завяршыўся заўчасна і без паразуменьня. Галоўнай прычынай спыненьня перамоваў стала патрабаваньне Паўночнай Карэі адмяніць усе міжнародныя санкцыі, якія дзейнічаюць у дачыненьні гэтай краіны. У замен Пхеньян запрапанаваў дэмантаж комплексу ядзерных дасьледаваньняў у Йонбёне.У Вашынгтоне палічылі, што гэтага замала.

Дональд Трамп: Кім прадставіў такую прапанову, але ў замен запатрабаваў адмяніць санкцыі. Як вядома ў Карэі ёсьць яшчэ шмат іншых комплексаў. Я адчуваў, што гэтага недастаткова. Я размаўляў пра гэта з Майкам Пампэа. Гэта буйны комплекс, але для нас гэтага замала.

Амэрыканскі бок дамагаўся, каб Паўночная Карэя пагадзілася яшчэ на дэмантаж комплексу па ўзбагачэньні ўрану. ЗША спынілі перамовы заўчасна, паведаміў амэрыканскі прэзыдэнт.

Дональд Трамп: Яны хацелі адмены ўсіх санкцыі, што мы не маглі зрабіць. Яны абяцалі, што правядуць дэмілітарызацыю тэрыторый, пра якія мы прасілі. Аднак у адказ мы не маглі адмовіцца ад усіх санкцый. Будзем далей працаваць, але сёньня мы мусілі адыйсьці ад стала перамоў.

Афіцыйны камэнтар з паўночнакарэйскага боку не паступіў. Падчас саміту ў Ханоі Кім Чэн Ын заявіў, што не выключае поўнай ліквідацыі ядзернай зброі на паўвысьпе.

Кім Чэн Ын: Калі б я не думаў пра гэта, мяне б тут не было.

У сваю чаргу амэрыканскі прэзыдэнт распавёў, што размовы прыйшлі ў сяброўскай атмасфэры, ён мае добрыя адносіны з карэйскім лідарам. Уладар КНДР паабяцаў Трампу, што ня будзе праводзіць новыя выпрабаваньні ядзернай зброі, нават ва ўмовах адсутнасьці дамоўленасьцяў з Захадам. Бакі зьбіраюцца працягнуць перамовы. Пры гэтым пакуль ня вызначана дата наступнай сустрэчы.

Дональд Трамп: Магчыма такая сустрэча неўзабаве адбудзецца, а можа паўза зацягнецца на даўжэйшы час. Я спадзяюся, што будзе хутчэй, але ўсякае можа здарыцца. Сёньня мы маглі падпісаць паразуменьне, але я быў бы незадаволены ім, ды іншыя таксама. У нас былі магчымасьці ціску, але гэта было б неадпаведным. Мы хацелі ўсё добра зрабіць.

На завяршэньне саміту амэрыканскі бок заявіў, што прэзыдэнты маюць добрыя асабістыя адносіны, а сытуацыя вакол Паўночнай Карэі палепшылася ў параўнаньні з мінулым годам.

Пра вынікі перамоў Вашынгтон паведаміць падрабязна прэзыдэнту Паўднёвай Карэі ды прэм’ер-міністру Японіі. Амэрыканскі лідар пакінуў ужо Ханой ды ляціць назад у Вашынгтон.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт