Кантрольная палата прапануе адмяніць абавязковыя іспыты па матэматыцы
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Natalia  Szymkowiak
                        
                        20.02.2019 14:00
                    
                                 
                
                
                     У апошнія гады гэты прадмет на экзамэне сталасьці правальваў кожны шосты выпускнік.
                
                
                    
                         geralt/pixabay.com/CC0
geralt/pixabay.com/CC0
                     
                
                
                
               
                
                         Вышэйшая кантрольная палата правяла праверку сыстэмы выкладаньня матэматыкі ў польскіх школах. І прыйшла да высновы, што сыстэма кульгавая – паведамляе «Gazeta Wyborcza». У апошнія гады гэты прадмет на экзамэне сталасьці правальваў кожны шосты выпускнік. 42% вучняў сярэдніх школаў, у якіх правяла праверку палата, мелі ў атэстаце двойку па матэматыцы.
На думку адмыслоўцаў з палаты, крыніцай праблемы зьяўляецца сам працэс вучобы. Вучняў ня дзеляць на групы, настаўнікі не бяруць пад увагу здольнасьцяў і тэмпу працы розных вучняў. Большасьць школьнікаў, якія паўтараюць кляс, робяць гэта менавіта з-за нэгатыўнай адзнакі па матэматыцы. А настаўнікі патрабавальныя, паколькі гэты прадмет зьяўляецца абавязковым падчас іспытаў на атэстат сталасьці. У дакладзе Вышэйшай кантрольнай палаты гаворыцца, што матэматыка зьяўляецца істотнай цяжкасьцю для амаль адной трэцяй выпускнікоў сярэдніх школ, ім прыходзіцца прызначаць нямала сродкаў і часу на рэпэтытараў.
Палата выступае з прапановаю памяняць праграму па матэматыцы і мэтодыку навучаньня. Акрамя таго, неабходна абмеркаваць магчымасьць адмены абавязковых іспытаў па матэматыцы пасьля сярэдняй школы (на гэтак званай матуры – экзамэнах на атэстат сталасьці).
Прапановы палаты зьдзіўляюць матэматыкаў. Аўтар падручнікаў па матэматыцы Дарыюш Кульма адзначае, што з кожным годам усё больш вучняў здае на матуры паглыбленую матэматыку. І нагадвае, што сярод прэстыжных і высокааплатных прафэсіяў дамінуюць тэхнічныя спэцыяльнасьці, дзе неабходна разьбірацца ў матэматыцы.
На прапановы Вышэйшай кантрольнай палаты адказала Міністэрства адукацыі. «Матэматыка далей застанецца прадметам, які вучні будуць здаваць на атэстат сталасьці» – гаворыцца ў паведамленьні.
Gazeta Wyborcza/нг