Варшава й Вашынгтон - арганізатары канфэрэнцыі па Блізкім Усходзе
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
13.02.2019 13:29
Анкара, так і Бэрлін маюць уласны погляд на сытуацыю на Блізкім Усходзе, які кардынальна адрозьніваецца ад палітыкі Вашынгтону.
Сродкі бясьпекі ў Варшаве ў сувязі з канфэрэнцыяйPAP/Rafał Guz
Dziennika Gazeta Prawna публікуе даволі вялікі артыкул, прысьвечаны саміту па Блізкаму Ўсходу. Міжнароднае мерапрыемства адбываецца ў польскай сталіцы 13-14 лютага. Паводле польскіх крыніц, удзел у форуме прымуць прадстаўнікі 50-60 дзяржаў. Дарэчы, у сувязі з канфэрэнцыяй адбыўся даволі сур’ёзны дыпляматычны канфлікт паміж Тэгеранам і Варшавай. Справа ў тым, што ў польскай сталіцы будзе разглядацца пытаньне Ірану, прычым у такім кантэксьце, што гэтая краіна ўяўляе пагрозу для міру на Блізкім Усходзе. Зразумела, Тэгеран так ня лічыць, што й стала прычынай дыпляматычнай спрэчкі.
У канфэрэнцыі даволі прадстаўнічай будзе дэлегацыя ЗША, у склад якой увойдуць дзяржсакратар Майк Пампэа і віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс. Дарэчы, побач з Польшчай менавіта ЗША зьяўляюцца арганізатарам саміту, а нефармальным – таксама Ізраіль, якога ў Варшаве прадставіць прэм’ер Біньямін Нетаньяху. Сярод удзельнікаў – кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў многіх краін Эўразьвязу, а таксама дзяржаў, якія зьяўляюцца саюзьнікамі ЗША, напрыклад, Украіны. З Блізкага Ўсходу на канфэрэнцыі прыедуць перш за ўсё прадстаўнікі дзяржаў, якія знаходзяцца ў сяброўскіх адносінах з Вашынгтонам, такіх як Саудаўская Арабія ды Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Але ёсьць таксама краіны, якія высылаюць у Варшаву на канфэрэнцыю прадстаўнікоў ніжэйшага ўзроўню. Для прыкладу, Турцыю, якая зьяўляецца рэгіянальнай імпэрыяй, будзе прадстаўляць усяго толькі пасол у Польшчы, а Нямеччыну – віцэ-міністар замежных спраў. Справа ў тым, што як Анкара, так і Бэрлін маюць уласны погляд на сытуацыю на Блізкім Усходзе, які кардынальна адрозьніваецца ад палітыкі Вашынгтону.
Dziennika Gazeta Prawna таксама паведамляе, што канфэрэнцыя перш за ўсё патрэбная Злучаным Штатам, якія хочуць, каб ролю паліцэйскага, што сочыць за парадкам на Блізкім Усходзе, выконвала Саудаўская Арабія.
вс