Прадстаўнікі 60 краін прыедуць у польскую сталіцу, каб узяць удзел у арганізаванай сумесна Польшчай ды ЗША міжнароднай мірнай канфэрэнцыі па Блізкім Усходзе. Прадстаўнікі польскага ўраду выказвалі спадзяваньне, што дадзены форум стане пачаткам працэсу мірнага ўрэгуляваньня канфліктаў у гэтым рэгіёне. Ідзецца пра грамадзянскую вайну ў Сырыі ды Емэне, ізраільска-палестынскі канфлікт, тэрарызм ды гібрыдныя пагрозы. У Варшаве спадзяюцца, што магчымае ўрэгуляваньне атрымае назву «Варшаўскага працэсу». Пра гэта распавёў Польскаму Радыё міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч.
Яцэк Чапутовіч: Мы хацелі б, каб дадзеная канфэрэнцыя ініцыявала працэс, які мы б хацелі назваць «Варшаўскім працэсам», то бок паглыбленай дыскусіі на тэму вырашэньня сытуацыі на Блізкім Усходзе, абмеркаваньня падыходаў па вырашэньні дадзеных праблем, каб сьцішыць канфлікты ды аднавіць мір і стабільнасьць. Плянуецца, што будуць створаныя працоўныя групы па гэтых справах, якія будуць сустракацца ды абмяркоўваць тэмы ў розных краінах.
Польшча – гэта добрая пляцоўка для такіх размоў, бо не зьяўляецца бокам у ніводным з блізкаўсходніх канфліктаў, падкрэсьліў былы міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі.
Вітальд Вашчыкоўскі: Размовы будуць тычыцца ня толькі Ірану, але і вайны супраць тэрарызму, і ізраільска-палестынскаму канфлікту, пытаньня гуманітарнай дапамогі. Гэта будзе тэматычна вельмі разнастайная канфэрэнцыя. Рэакцыя Ірану перабольшаная. У Варшаве мы прапануем нэўтральнае месца на зьмястоўныя дыскусіі пра розныя праблемы Блізкага Ўсходу.
Аднак, не ўсе краіны ставяцца так прыхільна да варшаўскай канфэрэнцыі. Іран, Палестына ды Сырыі выступілі з крытыкай варшаўскай канфэрэнцыі, называючы яе прасоўваньнем інтарэсаў Злучаных Штатаў у рэгіёне. Прадстаўнікі Ірану нават заявілі, што калі на канфэрэнцыі будуць прынятыя антыіранскія рашэньні, Тэгеран адкажа на іх любымі сродкамі.
Польскія дыпляматы апошнія тыдні імкнуліся пераканаць Іран, што канфэрэнцыя не скіравана супраць гэтай краіны. Бакі дасягнулі кампраміс.
Аднак, польскі ўрад вырашыў падстрахавацца. Ад панядзелка на тэрыторыі Варшавы дзейнічае рэжым трывогі першага ўзроўню ALFA, ды рэжым кібэрбясьпекі другога ўзроўню BRAVO-CRP. Рэжым трывогі ўведзены ў зьвязку з канфэрэнцыяй, дадзеныя дзеяньні маюць папераджальны характар. Польская паліцыя ня мае сыгналаў пра магчымую пагрозу, заявіў прэсавы сакратар Галоўнай камэндатуры польскай паліцыі Марыюш Цярка.
Марыюш Цярка: У зьвязку з канфэрэнцыяй прым’ер-міністар увёў рэжым узмоцненай гатоўнасьці. На тэрыторыі Варшавы дадзены рэжым будзе дзейнічаць цэлы тыдзень. Таксама дадзены рэжым распаўсюджваецца на кібэрпрастору, уводзіць забарону на нашэньне зброі на тэрыторыі Варшавы, увядзеньне праверак на ўсіх польскіх межах: водных, кантынэнтальных і паветраных. Таксама павялічаны паліцэйскія патрулі.
Таксама польскі ўрад на час канфэрэнцыі вярнуў памежныя праверкі на ўсе польскія межы, у тым ліку з краінамі ЭЗ, дзе памежны кантроль адсутнічае. Гэты рэжым будзе дзейнічаць да суботы. Ужо ёсьць першыя эфэкты дадзеных крокаў, заявіў віцэ-міністар унутраных спраў ды адміністрацыі Яраслаў Зяліньскі.
Яраслаў Зеліньскі: Пасьля ўвядзеньня часовых праверак на вонкавых межах Польшчы, 40 асобам адмоўлена ва ўезьдзе ў Польшчу. У сьпіс небясьпечных асобаў унесеныя яшчэ 130 чалавек. Калі яны паспрабуюць прыехаць у Польшчу, іх затрымаюць ды ня пусьцяць. Таксама гэта добрая магчымасьць затрымаць людзей, якія ў вышуку.
13-14 лютага ў Варшаве пройдзе міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная пытаньнямі бясьпекі ды міру на Блізкім Усходзе. У зьвязку з гэтай сустрэчай польскі ўрад прыняў дадатковыя меры бясьпекі. На межах з ЭЗ адноўленыя праверкі пашпартоў, у сталіцы ўведзены рэжым трывогі.
Юры Ліхтаровіч