15 гадоў таму пайшоў з жыцьця выдатны польскі музыкант і сьпявак Чэслаў Немэн. Ён быў адным зь вядучых прадстаўнікоў польскай музычнай сцэны ХХ стагодзьдзя. Самыя вядомыя творы – гэта «Сон пра Варшаву» й «Дзіўны гэты сьвет».
Нарадзіўся будучы музыкант у польскай сям’і ў Старых Васілішках (сёньня Шчучынскі раён Гарадзенскай вобласьці) у лютым 1939 года як Чэслаў Юліюш Выджыцкі, пазьней узяў псэўданім Немэн. Дарэчы, у доме, дзе нарадзіўся й жыў артыст, працуе музэй Чэслава Немэна, які ў мінулым годзе наведала 7 тыс. чалавек.
Пасьля заканчэньня школы паступіў у Гарадзенскае музычнае пэдагагічнае вучылішча, у якім навучаўся па клясе домры. Як узгадваюць яго аднакурсьнікі, ён быў выключна адукаваным і культурным маладым чалавекам. Пры гэтым часта сумаваў па Старых Васілішках, і пры кожнай нагодзе туды езьдзіў, прапускаючы заняткі. Пасьля году навучаньня Чэслава Выджыцкага выключылі з вучылішча з-за непасьпяховасьці. Калі будучаму артысту споўнілася 19 гадоў, яго чакала вайсковая служба ў Савецкай арміі, таму, скарыстаўшыся апошняй магчымасьцю рэпатрыяцыі, ён зь сям’ёй у 1958 годзе пераехаў у Польшчу, у балтыйскі горад Гданьск.
«Калі я стаў загадчыкам гэтага музэя, то Чэслаў Немэн у многім зьмяніў мяне, зьмяніў погляды на жыцьцё. Напрыклад, ён ніколі не саромеўся, што паходзіць з такога маленькага мястэчка», – сказаў нейкі час таму Польскаму радыё дырэктар музэя Ўладзімір Сянюта.
«Калі ў яго пыталіся, адкуль ён родам, Чэслаў Немэн заўсёды адказваў: «Старыя Васілішкі». А калі ў яго пыталіся, хто для яго ёсьць аўтарытэтам, узорам у жыцьці, каго ён шануе, то ён адказваў: «Гэта мой бацька. Іншых аўтарытэтаў у мяне няма», – згадвае постаць артыста Сянюта.
У Гданьску Чэслаў закончыў вышэйшую музычную школу й на пачатку 1960-х гадоў пачаў выступаць на польскай эстрадзе. У 1962 стаў удзельнікам ансамбля Niebiesko-Czarni, дзе быў ня толькі вакалістам, але й пісаў песьні. Група карысталася посьпехам як у Польшчы, так і за яе межамі, і нават выступала ў парыскай «Алімпіі». Менавіта ў гэты пэрыяд Выджыцкі ўзяў сабе псэўданім Немэн – у гонар ракі Нёман, непадалёк ад якой ён вырас.
Першае прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую вэрсію яго песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». Ну й з таго часу можам гаварыць пра кар’еру Чэслава Немэна як вядомага артыста, які зь вялікім посьпехам выступаў ня толькі ў Польшчы, але і ў Савецкім Саюзе, сацыялістычных краінах ды на Захадзе.
Чэслаў Немэн – удзельнік шматлікіх міжнародных і айчынных фэстываляў. Пачынаючы з 1970 гадоў ён быў пастаянным удзельнікам вядомага музычнага форуму польскай песьні ў Аполі. У 1979 годзе ў Сопаце атрымаў гран-пры фэстывалю «Інтэрбачаньне» за песьню «Да прыходу вясны». У 1980-х Немэн экспэрымэнтаваў з электронным гучаньнем, а потым захапіўся кампутарнай графікай.
Няма сэнсу пералічваць усе творы артыста, таму што каб гэта зрабіць, звычайна ня хопіць часу. Але варта нагадаць, што песьні Немэна ахвотна выконваюць іншыя артысты, сярод якіх ёсьць і беларус Пётр Ялфімаў.
Свае родныя Старыя Васілішкі ўпершыню пасьля рэпатрыяцыі Чэслаў Выджыцкі наведаў толькі ў 1979 годзе, будучы ўжо вядомым артыстам, праз 21 год пасьля таго, як пакінуў Беларусь.
З самага пачатку творчасьці Немэна часта можна было пачуць, што ў артыста сумныя й пэсымістычныя песьні. Сам музыкант не згаджаўся з такімі закідамі, пра што гаварыў ужо ў 1976 годзе.
Чэслаў Немэн: Многія кажуць, што я – пэсыміст, а мае песьні – сумныя. Гэта няпраўда, таму што ўсьведамленьне сваёй недасканаласьці й сьмяротнасьці не прымушае разумнага чалавека да пэсымістычнага погляду на жыцьцё, бо ўсьведамленьне гэтага сьведчыць пра мудрасьць чалавека.
Чэслаў Немэн памёр пасьля працяглай хваробы 17 студзеня 2004 года ў Варшаве. Пахаваны ён на варшаўскіх могілках «Павонзкі».
вс