Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ажыятаж вакол высокіх заробкаў у Цэнтральным банку

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.01.2019 14:47
Пачалося з інфармацыі, што адна з блізкіх супрацоўніц старшыні банку зарабляла летась звыш 15 тыс. эўра ў месяц.
Прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная заробкам у НБППрэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная заробкам у НБПphoto: PAP/Radek Pietruszka

Усе выданьні закранаюць тэму заробкаў дырэктараў у Нацыянальным банку Польшчы. Скандал узьнік, калі ў прэсе зьявілася інфармацыя, што адна з блізкіх супрацоўніц старшыні банку Адама Глапіньскага Мартына Вайцехоўска зарабляла ў мінулым годзе 65 тыс. злотых у месяц (стаўка плюс розныя дадатковыя элемэнты зарплаты). Гэта звыш 15 тыс. эўра. Акрамя таго, журналісты вінавацілі жанчыну, што ў яе няма эканамічнай адукацыі і адпаведнай кваліфікацыі.

Цэнтральны банк не жадае выявіць памер заробкаў сваіх супрацоўнікаў. Прадстаўнік банку заявіў толькі, што Вайцехоўска зарабляе значна менш, чым паведамляла прэса. У сераду была скліканая адмысловая прэс-канфэрэнцыя з мэтаю адказаць на пытаньні, хвалюючыя грамадзтва – паведамляе "Rzeczpospolita". На сустрэчы журналісты пачулі толькі, што сярэдняя заработная плата дырэктара ў банку складала ў мінулым годзе 37 тысяч злотых бяз выліку падаткаў. Ці гэта ўся зарплата, ці толькі тая сума, якая была прапісаная ў кантракце?

Выданьне піша, што ў банку апошнімі гадамі зьмяншаецца працаўладкаваньне, але пры гэтым выдаткі на заработную плату рэзка вырасьлі. Гэта хутчэй за ўсё вынікае з таго, што супрацоўнікі атрымліваюць шмат дадатковых элемэнтаў заробку, якія знаходзяцца паза афіцыйным графікам зарплат.

У камэнтары выданьне піша: пару дзён таму здавалася, што кіруючая партыя «Права і справядлівасьць» вырашыць праблему, паколькі неафіцыйна вядома, што старшыня Яраслаў Качыньскі загадаў кіраўніцтву банку пазбыцца ад невыгодных асоб, з-за якіх пачаўся скандал. Але цяпер відаць, што гэта ня будзе лёгка, паколькі старшыня банку Адам Гляпіньскі не падпарадкоўваецца кіраўніцтву партыі.

У сваю чаргу «Dziennik Gazeta Prawna» піша, што старшыня Адам Гляпіньскі адмовіўся прадставіць больш падрабязную інфармацыю пра заробкі дырэктараў у Цэнтральным банку, паколькі гэта забараняе закон аб ахове пэрсанальных дадзеных. Партыя «Грамадзянская плятформа» унесла на разгляд у парлямэнт законапраект, які дазволіў бы публікаваць інфармацыю пра памер зарплат у банку. Меркаваньнем Гляпіньскага, калі такі закон пачне дзейнічаць, гэта вельмі ўскладніць установе пошук супрацоўнікаў.

Rzeczpospolita/Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт