Ужо чвэрць стагодзьдзя ў рамках Польскага радыё дзейнічае Цэнтар народнай культуры. Цяпер прыхільнікі фальклёру вырашылі выйсьці на вышэйшы ўзровень, пайсьці з духам часу і стварыць адмысловы інтэрнэт-партал, на якім можна будзе знаёміцца з дасягненьнямі народнай культуры.
У структуры Польскага радыё 8 студзеня пачаў дзейнічаць адмысловы інтэрнэт-партал Цэнтру народнай культуры (Radiowe centrum Kultury Ludowej). На партале можна пазнаёміцца з фрагмэнтамі розных твораў, якія прадстаўляюць народную культуру, як польскую, так і замежную. Гэта ў першую чаргу народная музыка.
Галоўны рэдактар Цэнтру народнай культуры Польскага радыё Пётр Кэндзёрэк нагадаў, што ў гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў з моманту пачатку дзейнасьці гэтай культурнай установы. Важнейшыя задачы цэнтру – захоўваньне нацыянальнай спадчыны, якой зьяўляецца народная культура, а таксама яе прэзэнтацыя і папулярызацыя на хвалях Польскага радыё. У сваю чаргу інтэрнэт-партал павінен сабраць у адным месцы ўсе даступныя зьвесткі на дадзеную тэматыку.
П. Кэндзёрэк: Ёсьць шмат новай інфармацыі, новых ведаў, ня толькі тое, што паяўляецца ў эфіры Польскага радыё ў розных праграмах. Мы будзем распавядаць пра польскі каляндар народных сьвятаў, будзем рыхтаваць рэцэнзіі кампакт-дыскаў, у тым ліку будзем паведамляць пра кружэлкі, якія вядомыя толькі ў вельмі вузкіх колах, але варта іх прасоўваць і пра іх нагадваць. Мы будзем распавядаць, што сёньня адбываецца ў той галіне творчасьці, якая натхняецца народнай культурай.
Паралельна з інтэрнэт-парталам Цэнтар народнай культуры дае магчымасьць пазнаёміцца з рознымі запісамі на канале YouTube і на патокавым музычным сэрвісе Spotify.
П. Кэндзёрэк: Там музычныя журналісты, зьвязаныя з Цэнтрам народнай культуры Польскага радыё, будуць паказваць, што іх цікавіць у галіне музыкі. Гэта часьцяком будуць тэмы, з якімі дадзеныя радыёжурналісты ніколі не выступаюць у эфіры іншых праграм Польскага радыё – скажам, Першай ці Другой праграмы.
Рэдактар парталу Польскага радыё, прысьвечанага фальклёру і нацыянальнай культуры тлумачыць, што народная культура – гэта зусім не абавязкова толькі мінуўшчына. Пётр Кэндзёрэк кажа, што гэта таксама сучасныя запісы, і прапануе пазнаёміцца з імі на сайце, пацікавіцца імі тым асобам, якія ніколі раней не цікавіліся дадзенай тэматыкай.
П. Кэндзёрэк: Гэта тэматыка, якая застаецца вельмі актуальнай, хаця магло б здавацца, што яна датычыць мінулых часоў. Не, на маю думку, гэтая тэматыка не датычыць толькі мінулага, а зьяўляецца таксама крыніцай натхненьня для самых выбітных у нашыя часы мастацкіх зьяў. Выдатныя артысты карыстаюцца ў сваёй творчасьці элемэнтамі народнай культуры, польскай ці замежнай. Таму варта праверыць, што зьяўляецца крыніцай такіх мастацкіх зьяў, часта вельмі папулярных.
На сайце Цэнтру народнай культуры можна пазнаёміцца, між іншым, з відэа- і гуказапісамі Фэстывалю народных выканаўцаў і капэл у Казімежы, фэстывалю «Новая традыцыя», справаздачамі з выступленьняў палякаў за межамі. У прыватнасьці, ёсьць кампазыцыі гурту «Kirszenbaum». Вашай увазе песьня калектыву, навеяная славутым м'юзыклам пра лёс габрэйскага малочніка «Скрыпач на даху». Малады гурт стаў ляўрэатам фальклёрнага фэстывалю «Новая традыцыя», а цяпер ён запісвае сваю новую кружэлку. Запісы можна паслухаць на сайце Цэнтру народнай культуры.
слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл зь песьняй «Kirszenbaum»
нг