У Польшчы адбываецца мерапрыемства, зладжанае з думкаю пра маладых палякаў, якія пражываюць за ўсходняй мяжой Польшчы – ва Ўкраіне ды Беларусі. Дзякуючы акцыі яны змогуць, між іншым, выехаць на летні адпачынак.
«Паляк з сэрцам» – так называецца акцыя, якую зладзілі актывісты Каталіцкага таварыства моладзі. Таварыства дзейнічае ў структурах рыма-каталіцкага касьцёла Польшчы. Моладзь зладзіла збор прадуктаў харчаваньня, сродкаў гігіены і грошай для сваіх равесьнікаў з Гарадзенскай вобласьці Беларусі ды Львоўскай вобласьці Ўкраіны. Збор сродкаў пачаўся 11 лістапада. Каталіцкае таварыства моладзі, акрамя перадачы прадуктаў і тавараў першай неабходнасьці палякам за мяжою, хоча сабраць грошы на канікулы для маладых палякаў зь Беларусі ды Ўкраіны, – распавядае каардынатар акцыі Патрык Чэх.
П. Чэх: Мы хочам зьбіраць грошы на арганізацыю летняга адпачынку для маладых палякаў з Гарадзеншчыны і Львоўшчыны, каб яны маглі прыехаць у Польшчу, пазнаёміцца з польскай культурай, польскай гасьціннасьцю, польскай традыцыяй. Акцыя накіраваная да нашых равесьнікаў. Наша таварыства гуртуе моладзь ад 14 да 30 году жыцьця, і мы хацелі б, каб прыехалі маладыя людзі ў такім жа ўзросьце. Наша мерапрыемства таксама павінна падкрэсьліць сотую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Польшчы. Унутры краіны праходзіць шмат акцый дапамогі з гэтае нагоды, а мы хочам дапамагчы нашым равесьнікам, якія жывуць за ўсходняй мяжой.
Ганаровы патранат над мерапрыемства ўзяла на сябе намесьніца старшыні Сэнату (вышэйшай палаты парлямэнту) Марыя Коц, якая цікавіцца праблемамі палякаў за мяжою і стараецца аказваць ім падтрымку (запіс прагучаў у перадачы Польскага тэлебачаньня "Panorama Lubelska").
М. Коц: Вельмі каштоўная акцыя. Мяне цешыць таксама тое, што яна была ўрачыста пачатая ў 100-ую гадавіну абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Польшчы. Я спадзяюся, што мерапрыемства будзе адбывацца таксама на працягу наступных гадоў. Галоўная мэта акцыі – збор прадуктаў харчаваньня, а таксама фінансавых сродкаў, каб маладыя палякі, якія пражываюць у Беларусі ды Ўкраіне, маглі наведаць Польшчу, каб маладыя людзі з Польшчы ды тыя, хто пражывае за нашай усходняй мяжой, маглі пазнаёміцца.
Актывісты Каталіцкага таварыства моладзі намераны шукаць асоб, якім патрэбная падтрымка, праз сьвятароў каталіцкага касьцёла, якія працуюць у Беларусі ды Ўкраіне. І таксама віцэ-маршал Сэнату Марыя Коц выступіла з прапановаю ахапіць дапамогай менавіта палякаў на Гарадзеншчыне і Львоўшчыне. Менавіта ў гэтых абласьцях пражывае найбольш асоб польскага паходжаньня. Аднак, адзначае Патрык Чэх, гэта толькі пачатак, а пазьней, калі акцыя прыжывецца і будзе адбывацца чарговы раз, тэрыторыя дапамогі можа быць пашырана.
П. Чэх: Мы адкрытыя на прапановы. Калі будзе патрэбная дапамога, накіраваная ў іншым напрамку, то, зразумела, мы гатовыя аказваць падтрымку таксама іншым асобам. Пакуль што мы праводзім збор сродкаў, а толькі пазьней вызначым канкрэтныя месцы, дзе будзем шукаць асоб, якім дапамога патрэбная або людзей, якіх мы запросім правесьці летні адпачынак у Польшчы.
Па словах Патрыка Чэха, яго многія пытаюць, ці тыя маладыя асобы, якія прыедуць на летні адпачынак з Беларусі ды Ўкраіны, павінны валодаць польскай мовай. На жаль, вядома, што з моваю чым далей, тым горш, у кожным наступным пакаленьні маштаб валоданьня мовай продкаў меншы. На думку арганізатара акцыі, мова не зьяўляецца перашкодай.
П. Чэх: Я атрымліваю шмат такіх пытаньняў – ці гэтая моладзь павінна гаварыць па-польску. На маю думку, не абавязкова. Як сьведчыць сам назоў акцыі, мы хочам быць «палякамі з сэрцам». Мы хочам сардэчна прыняць нашых суайчыньнікаў з-за ўсходняй мяжы, паказаць ім нашу гасьціннасьць. Ёсьць унівэрсальная мова – ангельская, якая дазваляе дамовіцца людзям з розных куткоў сьвету, акрамя таго, беларуская мова падобная на польскую. Я бываю на Кангрэсе палянійнай моладзі, прыяжджаюць людзі зь Беларусі, некаторыя не валодаюць польскай мовай, але нам удаецца знайсьці агульную мову.
Пра акцыю дапамогі маладым палякам у Беларусі ды Ўкраіне нам распавёў старшыня прэзыдыюму рады Каталіцкага таварыства моладзі, каардынатар акцыі Патрык Чэх. Больш дэталёва пазнаёміцца з акцыяй можна на сайце таварыства.
нг