"Маці А. Коржыча зрабіла вялікую справу, выклікала рэзананс"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
11.10.2018 15:48
Моладзь БНФ ладзіць акцыю супраць дзедаўчшчыны ў арміі і на карысьць кантрактнага войска.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
Цягам апошніх месяцаў у Беларусі шмат гаворыцца пра дзедаўшчыну ў войску. Прычынай сталі трагічныя выпадкі сьмерцяў маладых салдат у арміі, між іншым сяржанта Аляксандра Коржыча, які служыў у Пячах і быў знойдзены павешаным. Камандаваньне часьці спачатку спрабавала выдаць гэты выпадак за суіцыд, але не ўдалося замяць справу і прыхаваць праўду аб тым, што Коржыча жорстка забілі.
У суседніх з Беларусяй краінах няма ўсеагульнага прызыву ў войска, армія прафэсійная, кантрактная. Так сытуацыя выглядае ў Польшчы, ва Ўкраіне, у Прыбалтыцы... І таго ж хочуць дабіцца актывісты з Моладзі БНФ, якія пачалі кампанію пад назваю «Білет на той сьвет». Асноўная мэта кампаніі – паказаць людзям усе рэаліі сучаснага войска ў Беларусі, а таксама даказаць перавагі кантрактнай службы. Адкуль узяўся назоў кампаніі, тлумачыць лідар Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.
Д. Мандзік: Людзі, якія ідуць служыць, атрымліваюць ваенны білет. Але для некаторых гэта становіцца білетам на той сьвет. Мы мяркуем, што вельмі варта прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтай тэмы. Па справе Коржыча яшчэ ідуць суды, але пасьля гэтага было ўжо некалькі выпадкаў, падобных да таго, але яны амаль не былі пад увагай. Чым часьцей мы будзем закрываць вочы, тым больш такіх выпадкаў ня будзе выходзіць з войска, мы пра гэта ня будзем ведаць. Гэта вельмі дрэнна, так быць не павінна.
Выпадак А. Коржыча быў найбольш гучным, самым рэзанансным, але ж у апошнім часе гэта не адзінае падобнае здарэньне ў войску, нават у той жа часьці. Грамадзтва можа і ведае пра гэта, кожны чуў пра нейкі выпадак дзедаўшчыны ў арміі, але ўвага на гэтым не акцэнтуецца. І вы хочаце гэта зьмяніць?
Д. Мандзік: Так, мы хочам гэта зьмяніць. Адна з магчымасьцяў перамагчы дзедаўшчыну – зрабіць кантрактнае войска ў Беларусі. Калі ў войска будзе ісьці чалавек, які сапраўды гэтага жадае, то і дысцыпліна будзе іншая, і такіх выпадкаў будзе нашмат менш альбо можа зусім ня будзе.
Якім чынам вы хочаце гэтага дабіцца?
Д. Мандзік: Мы плянуем зрабіць шэраг круглых сталоў, на якія запросім дэпутатаў, а таксама бацькоў загінулых салдат, у тым ліку тых, пра якіх няшмат людзей ведае, каб яны распавялі, што адбывалася з іх сынамі. Пасьля гэтага мы падрыхтуем некалькі пэтыцыяў, каб назьбіраць як мага больш подпісаў і даслаць у савет дэпутатаў, каб ён разгледзеў гэтае пытаньне.
Вядомае стаўленьне беларускай улады да кантрактнага войска. Такая армія больш дарагая, чым абавязковы вайсковы абавязак, акрамя таго, нават кіраўнік дзяржавы, А. Лукашэнка заявіў, што армія добрая, бо «робіць з хлопцаў мужыкоў».
Д. Мандзік: Думаю, гэтыя ягоныя словы вельмі моцна паўплываюць на грамадзтва, а мы зможам акцэнтаваць на іх увагу, прыцягнуць увагу грамадзкасьці да гэтых словаў нашага прэзыдэнта.
Ці беларусы ў сваёй агульнай масе гатовыя да кантрактнага войска?
Д. Мандзік: Пасьля выпадку сяржанта Коржыча беларусы ўжо больш гатовыя станоўча адказаць на гэтае пытаньне. Калі раней выпадкі дзедаўшчыны замоўчваліся, то зараз маці Коржыча зрабіла вялікую справу, выклікала вялікі рэзананс. Маім меркаваньнем, калі людзі пачалі ўжо пра гэта размаўляць, то яны гатовыя да зьменаў.
У хуткім часе Моладзь БНФ плануе правесьці ў межах кампаніі некалькі пэрфомансаў на вуліцах Менску.
нг