Logo Polskiego Radia
Print

«Халодная вайна» - польскі кандыдат на прэмію «Оскара»

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.09.2018 15:41
  • Халодная вайна_Оскар.mp3
Рэжысэр Павал Паўлікоўскі ўжо раз атрымаў «Оскара», а «Халодная вайна» - «Залатую пальмавую галінку» Канскага фэстывалю.
Кадр з фільму «Холодна війна»Кадр з фільму «Холодна війна»youtube.com/screen

Польскім кандыдатам на прэмію «Оскара» вылучана кінастужка «Халодная вайна» (Zimna wojna). Камісія ў складзе 13 чалавек пад кіраўніцтвам Яна А.П. Качмарэка выбрала «Халодную вайну» сярод 33 прапановаў.

Чальцы польскай камісіі, якая высоўвае фільмы да ўзнагароды, аднагалосна вырашылі, што на прэмію Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва ў катэгорыі найлепшы неангламоўны фільм будзе пададзеная найноўшая кінакарціна Паўла Паўлікоўскага з Яаннай Куліг і Томашам Котам (Joanna Kulig i Tomasz Kot) у галоўных ролях. Кінаапэратарам зьяўляецца Лукаш Жаля.

Ян А.П. Качмарэк адзначыў, што «Халодная вайна» - гэта ўнікальны фільм.

Я.А.П.Качмарэк: Гэты фільм аказаў на мяне вялікі ўплыў: у ім расказваецца пра каханьне, якое ня можа мець шчасьлівага заканчэньня, яно трагічнае. Я ня згодны зь некаторыямі меркаваньнямі наконт таго, што не існуе полымя каханьня. У часе, які паказаны ў кінастужцы, каханьне было іншым. Дарэчы, ролі дасканала выканалі Яанна Куліг і Томаш Кот. Паводле мяне, у гэтым фільме няма слабых бакоў - гэта карціна, у якой паказаная геніяльна жорсткая й аўтэнтычная мова. Кінастужка ўтрымлівае й перадае гледачу вялікія эмоцыі, гэтак як камэрцыйнае кіно, але гэта не камэрцыйнае кіно.

Сябра камісіі, якая высунула фільм на «Оскара», кінакрытык Барбара Галендэр (Barbara Hollender) сказала, што «Халодная вайна» - беззаганны фільм.

Б.Галендэр: Гэта аповед пра складанае каханьне, унівэрсальная гісторыя, якая ўсім зразумелая. У кінакарціне паказаная складаная гісторыя Польшчы паловы ХХ стагодзьдзя. Паводле мяне, гэта дасканалы кінатвор, зроблены вельмі дакладна. Па-другое, гэта ўнікальны фільм, у якім акторы геніяльна выканалі свае ролі. Дарэчы, імі ўжо цяпер зацікавіліся ў іншых краінах. Шчыра кажучы, у кінастужцы ўсё дасканалае, разам зь майстэрскімі здымкамі кінаапэратара Лукаша Жаля.

Кінарэжысэр і музыкант Марыя Садоўска (Maria Sadowska), таксама член камісіі, зьвярнула ўвагу на нязвыклую музычную й візуальную сілу «Халоднай вайны».

М.Садоўска: Сіла гэтага фільму – гэта фантастычная музыка, якая своеасаблівым чынам спалучае мінулае й сучаснае. З аднаго боку паказвае нашыя карані, народную культуру, а зь іншага - цудоўныя аранжыроўкі фальклёрнай музыкі, падрыхтаваныя сучасным музыкантам Марцінам Масэцкім. Я думаю, што гэта вельмі прыгожая візытка польскай культуры. Акрамя таго, гэты фільм прыгожы ў візуальным пляне, у ім - вялікая сіла карціны. Гэта фільм, які нельга забыць.

Цяпер «Халодную вайну» чакае доўгая дарога прамоцыі за акіянам. Дырэктар Польскага інстытуту кінамастацтва Радаслаў Сьмігульскі абяцаў падтрымку аўтарам карціны.

Р.Сьмігульскі: Гэты фільм ужо знайшоў прызнаньне ў сьвеце і ў Польшчы. Мы бачым у ім вялікі патэнцыял для пасьпяховай прамоцыі. Непасрэдна прамоцыяй будзе займацца прадзюсар і дыстрыб’ютар, а Польскі інстытут кінамастацтва фінансава падтрымае акцыю. Калі прадзюсар зьвернецца па якую-небудзь іншую падтрымку, мы дапаможам. Мы неўзабаве прымем удзел у амэрыканскім галіновым мерапрыемстве й там таксама будзем аб гэтым інфармаваць.

У кінакарціне «Халодная вайна» апавядаецца гісторыя каханьня двух чалавек, якія ня могуць жыць з сабою й адначасова ня могуць безь сябе жыць. Падзеі адбываюцца ў часы халоднай вайны, у 1950-я гады ў Польшчы, Югаславіі, Бэрліне ды Парыжы.

«Халодная вайна» прызнаная найлепшай польскай кінакарцінай бягучага году падчас Фэстывалю польскіх мастацкіх фільмаў, які пару дзён таму закончыўся ў Гдыні. Фільм таксама атрымаў «Залатую пальмавую галінку» Канскага кінафэстывалю ў катэгорыі «рэжысура».

Кінарэжысэр «Халоднай вайны» Павал Паўлікоўскі ў 2015 годзе атрымаў «Оскара» у катэгорыі неангламоўны фільм за кінакарціну «Іда».

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт