Logo Polskiego Radia
Print

Палякі замежжа сустракаюцца ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.09.2018 16:21
  • Палякі замежжа.mp3
«Нас яднае незалежнасьць» - пад такім лёзунгам праходзіць V Сусьветны Зьезд палякаў замежжа.
Foto: PAP/Jacek Turczyk

У Варшаве пачаўся V Сусьветны зьезд палякаў замежжа, які праходзіць у 100 гадавіну адраджэньня польскай незалежнасьці. Афіцыйная ўрачыстасьць адкрыцьця зьезду пачалася сьвятой імшы ў сталічнай архікатэдры. З казаньнем зьвярнуўся да прыбылых палякаў біскуп Веслаў Ляховіч, які падкрэсьліў, што супольнасьць умацоўвае нацыянальная прыналежнасьць.

Веслаў Ляховіч: Сёньня, не пасьля дзесяці, а пасьля ста год з моманту здабыцьця Польшчай незалежнасьці мы рады вас усіх вітаць з надзеяй, што супольная малітва і праведзеныя дні ўзмоцняць у нас пачуцьцё любові на нашай супольнай Маці-Айчыны.

Зьезд ладзіцца, каб абмеркаваць праблемы палякаў, якія жывуць за межамі краіны, а таксама каб умацаваць сувязі з Польшчай, узмацніць пачуцьцё нацыянальнай тоеснасьці. Пра гэта распавёў Польскаму радыё Раман Врубель з таварыства «Wspólnota Polska«, адзін з суарганізатараў падзеі.

Раман Врубэль: Умацаваць повязь з Бацькаўшчынай, паразмаўляць пра сваю нацыянальную тоеснасьць – вось мэта Зьезду. Тым больш, што сустрэча праходзіць у юбілейны год незалежнасьці. Да нас прыехалі 600 чалавек з 43 краін сьвету, з амаль усіх кантынэнтаў, калі не лічыць Антарктыду. Палякі сёньня жывуць на ўсёй плянэце.

Арганізатары падрыхтавалі мноства сустрэч ды панэльных дыскусій, у тым ліку ў Сэйме ды Сэнаце. Адна зь іх датычыцца палякаў замежжа ў кантэксьце сотай гадавіны адраджэньня польскай незалежнасьці.

Раман Врубэль: Падчас зьезду адбудзецца дыскусія, каб абмяняцца досьведам, распавесьці, як захоўваецца ды падтрымліваецца нацыянальная тоеснасьць, сувязі з Польшчай. Дзеля гэтага мы ладзім сем дыскусійных пляцовак. Спачатку будзе дзень агульных размоў, урачыстасьцяў, у тым ліку ў Парлямэнце. Два наступныя дні пройдуць у дэбатах пра тое, як падтрымліваць польскую тоеснасьць, як абменьвацца досьведам у захаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці. Тут у палякаў вельмі багаты і розны досьвед.

Палякі замежжа – гэта вельмі разнастайная група. Напрыклад, найстарэйшая эміграцыя з Паўднёвай Амэрыкі – гэта чарговае пакаленьне палякаў, якія хоць і не заўсёды добра размаўляюць па-польску, далей адчуваюць повязь з Радзімай продкаў.

Раман Врубэль: Асабліва цікавыя сытуацыя ў краінах Паўднёвай Амэрыцы, дзе цяпер нараджаецца сёмае пакаленьне польскіх мігрантаў. Яны ў большасьці не гавораць па-польску, але маюць моцнае пачуцьцё тоеснасьці з Бацькаўшчынай. Іншая і больш складаная сытуацыя ў Нямеччыне. Тут ёсьць мноства палякаў, эканамічных мігрантаў, якія цяпер спрабуюць атрымаць статус нацыянальнай меншасьці, які быў да вайны. Лепшую сытуацыю маюць палякі ў Швэцыі, дзе яны атрымоўваюць датацыі, як нацыянальная меншасьць. Добра арганізаваныя палякі ў Летуве. У Беларусі ды Ўкраіне ў палякаў больш складаная сытуацыя.

З удзельнікамі Зьезду сустрэнецца прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Сустрэча пройдзе ў садзе прэзыдэнцкага палацу. Зьезд будзе доўжыцца да 23 верасьня.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт