Logo Polskiego Radia
Print

Намесьнік старшыні Сэнату наведала палякаў на Гарадзеншчыне

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 10.09.2018 17:03
  • М.Коц на Гарадзеншчыне.mp3
Марыя Коц уручыла мэдалі вэтэранам АК, чытала "Правесьне" і ўдзельнічала ў адкрыцьці навучальнага году ў польскай школе.
PR24/MR

На здымку Марыя Коц на Польскім радыё

У суботу намесьнік старшыні Сэнату - вышэйшай палаты польскага парлямэнту, - Марыя Коц з двухдзённым візытам наведала Горадню. Сэнатар сустрэлася з палякамі, якія жывуць на Гарадзеншчыне.

Віцэстаршыня Сэнату Марыя Коц падчас візыту ў горадзе на Нёмане ўручыла мэдалі вэтэранам Арміі Краёвай.

Урачыстасьць адбылася ў Генэральным Консульстве Польшчы ў Горадні. Ордэн Крыжа Незалежнасьці атрымалі пяць вэтэранаў Арміі краёвай, якія жывуць у Беларусі. Марыя Коц падзякавала ім за барацьбу за вольную Польшчу.

Віцэстаршыня Сэнату сказала Польскаму радыё, што гэтыя людзі зьяўляюцца вельмі мужнымі жаўнерамі Арміі краёвай, якія пасьля вайны мусілі жыць паза межамі радзімы. Аднак яны засталіся польскімі патрыётамі і пастаянна трымаюць Польшчу ў сваім сэрцы.

М.Коц: Гэта нашыя героі, мы ім павінны ўдзячнасьць за незалежнасьць, бо тое, што цяпер Польшча зьяўляецца свабоднай і незалежнай дзяржавай гэта заслуга тых жаўнераў, якія змагаліся за свабоду і незалежнасьць падчас Другой сусьветнай вайны, змагаліся таксама тут – на Гарадзеншчыне.

Ад імя ўзнагароджаных падзякавала старшыня Таварыства Жаўнераў Арміі краёвай у Беларусі Вэраніка Сэбастыяновіч.

В. Сэбастыяновіч: У нас была мара – вяртаньне Радзімы. Мы марылі застацца жывымі, калі былі ў сталінскіх турмах і лягерах. Не ўсім, але нам удалося. Мы выжылі. Мы марылі пра свабодную Польшчу і Польшча існуе, Польшча жыве і будзе жыць.

У суботу ў польскім консульстве ў Горадні адбылося Нацыянальнае чытаньне раману Стэфана Жаромскага «Прадвесьне». У ім удзельнічалі вэтэраны, польскія дыпляматы і палякі з Гарадзеншчыны, у тым ліку чальцы непрызнаванага афіцыйнымі ўладамі ў Менску Саюзу палякаў Беларусі.

Мультымэдыйная заля польскага консульства ў Горадні запоўнілася да апошняга месца. Марыя Коц адзначыла, што такія акцыі дапамагаюць аб’ядноўваць суродзічаў. У дзень Нацыянальнага чытаньня палякі ствараюць вялікае нацыянальнае адзінства, сказала прадстаўнік польскага Сэнату

М.Коц: Для мяне гэта вялікі гонар, вялікае шчасьце, я заўсёды з радасьцю еду ў Горадню дзеля таго, каб сустракацца з маімі суродзічамі. І я лічу, што сёньняшняя нагода зьяўляецца асабліва важнай для таго, каб быць разам.

Старшыня непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс адзначыла, што чытаньне «Прадвесьня» ў сотыя ўгодкі вяртаньня незалежнасьці Польшчы мае сымбалічнае значэньне.

У сваю чаргу намесьнік старшыні арганізацыі Польска Мацеж школьна Тэрэса Крышынь лічыць, што дылемы паказанаыя ў рамане «Прадвесьне» актуальныя для польскай моладзі ў Беларусі.

Т.Крышынь: Мы чытаючы бачым, што нашая моладзь таксама мусіць адказаць на пытаньне: вывучаць толькі дзяржаўную мову, ці вывучыць таксама польскую, які зрабіць выбар, дзе застацца жыць, па якім баку быць?

Падчас візыту ў Беларусь Марыя Коц была госьцем арганізацыі, якая займаецца навучаньнем польскай мовы Польска Мацеж Школьна ў Горадні.

У нядзелю прадстаўнік польскага парлямэнту прыняла ўдзел у адкрыцьці навучальнага году ў Грамадзкім ліцэі імя Элаізы Ажэшка ў Горадні. Гэтую найбольшую ў Беларусі польскую навучальную ўстанову стварыла якраз Польска Мацеж школьна.

Марыя Коц лічыць гэты ліцэй агромністым посьпехам. Сёлета запісалася ў гэтую школу больш за 2 тысячы вучняў.

М.Коц: Я вельмі рада, што магу ўдзельнічаць у гэтай урачыстасьці пачатку навучальнага году ў Горадні ў школе, якую стварыла Польска Мацеж школьна. Вельмі многа маладых палякаў у Беларусі хочуць вывучаць польскую мову. Яны адкрываюць свае карані, сваю тоеснасьць.

Старшыня Польскай Мацежы школьнай Станіслаў Сянкевіч не скрываў задавальненьня вялікім зацікаўленьнем вучняў польскай школай. Адначасова ён баіцца, ці ўсе вучні памесьцяцца ў невялікім будынку.

С.Сянкевіч: Мы стараемся прыняць усіх. Пабачым як гэта будзе. Я вось толькі што быў у зале, дзе настаўніца ў роспачы, бо ў яе клясе больш за 40 вучняў.

Вучні апошніх клясаў ужо думаюць пра будучыню.

Эмілія Краўчук, вучаніца кляса 11-М, думае вучыцца далей у Польшчы на факультэце Міжнародныя адносіны. Кацярына Лісоўска не плянуе вучыцца ў Польшчы, але вельмі хацела вывучыць польскую мову. Яна вырашыла стаць доктарам.

Падчас двухдзённага візыту на Гарадзеншчыну намесьнік старшыні Сэнату - вышэйшай палаты польскага парлямэнту- Марыя Коц адкрыла таксама выставу «Польскія збройныя фармацыі падчас Першай сусьветнай вайны» і сустрэлася з прадстаўнікамі мясцовых беларускіх уладаў.

Візыт закончыўся ў нядзелю.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт