Logo Polskiego Radia
Print

У Крыніцы закраналася шырокая тэматыка палякаў замежжа

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.09.2018 14:31
  • форум палякаў замежжа.mp3
Улады Польшчы зацікаўленыя ў тым, каб асобы польскага паходжаньня вярталіся на Айчыну.
Прэм'ер-міністар М. Маравецкі на форуме ў КрыніцыПрэм'ер-міністар М. Маравецкі на форуме ў КрыніцыPAP/Darek Delmanowicz

У чацьвер завяршаецца штогадовы Эканамічны форум, які адбываецца ў мясцовасьці Крыніца-Здруй на поўдні Польшчы. У рамках мерапрыемства, якое называюць «польскім Давосам», прайшоў форум, прысьвечаны пытаньням палякаў замежжа.

У рамках сёлетняга Форуму палякаў замежжа адбыліся пяць панэльных дыскусій: «Абарона добрага імя Польшчы і палякаў, «Маладая эміграцыя – час вяртацца», «Полькі – жанчыны ў бізнэсе на сьвеце», «Посьпех польскіх тавараў за мяжой – як гэта робіцца» і «Разам значыць больш – супрацоўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў на карысьць будаваньня іміджу Польшчы за мяжою». У сустрэчах прынялі ўдзел палітыкі, прадпрымальнікі, прадстаўнікі муніцыпальных органаў, журналісты, палякі замежжа, прадстаўнікі арганізацый трэцяга сэктару.

Форум палякаў замежжа ладзіцца ўжо трэці раз у рамках Эканамічнага форуму ў Крыніцы. У сваю чаргу палянійны форум ладзіцца кожны год Сэнатам – вышэйшай палатай польскага парлямэнту. Старшыня Сэнату Станіслаў Карчэўскі гаворыць пра ідэю форуму, прысьвечанага палякам замежжа.

С. Карчэўскі: Я вельмі рады, што нашы дыскусіі карыстаюцца вялікім зацікаўленьнем удзельнікаў форуму. Гэта значыць, што агулам тэматыка палякаў замежжа вельмі цікавіць прадстаўнікоў розных галін. Адна з тэмаў сёлетняга форуму – абарона добрага імя Польшчы за мяжой. Гэта вельмі важна, каб асобы польскага паходжаньня, якія жывуць у іншых краінах, памяталі пра Польшчу, стараліся прадстаўляць яе з добрага боку, і каб яны актыўна пратэставалі, калі пра Польшчу кажуць дрэнна. Мы таксама пацікавіліся тэматыкай вяртаньня палякаў з-за мяжы, ці існуе такая магчымасьць, каб пачалася хваля масавага вяртаньня. Мяне цешыць, што нямала палякаў вяртаецца з-за мяжы, паглядзім, як будзе далей. Іншая важная тэма на форуме – дасягненьні польскіх жанчын у бізнэсе за мяжой. Гэта лекары, навукоўцы, прадпрымальніцы, якія сьведчаць аб сіле нашага бізнэсу, інтэлекту, польскай навуковай думкі.

Важнай інфармацыяй, якая прагучала падчас форуму, было абяцаньне маршала Станіслава Карчэўскага, што неўзабаве ён прадставіць прапановы канкрэтнага новаўвядзеньня, якое аблегчыць кантакты паміж польскім урадам і палякамі замежжа – гэта пастаянны прадстаўнік польскіх замежных асяродзьдзяў у Сэнаце Рэчы Паспалітай. Дзеля гэтага неабходна ўвесьці зьмены і папраўкі ў Выбарчы кодэкс.

С. Карчэўскі: Гэта пастулят, з якім палякі замежжа зьвяртаюцца да нас ужо даўно. Мы абяцалі, што палякі замежжа атрымаюць свайго прадстаўніка ў Сэнаце Польшчы. Адпаведнае палітычнае рашэньне ўжо прынятае. Цяпер неабходна падрыхтаваць заканадаўства, зьмяніць Выбарчы кодэкс. Сярод сотні сэнатараў, абраных у будучым годзе, будзе адзін чалавек, выбраны палякамі замежжа. Я перакананы, што за закон прагаласуюць усе палітычныя сілы, у тым ліку апазыцыя.

Палітыкі кіруючых сілаў стараюцца зрабіць усё магчымае, каб палякі замежжа хацелі вяртацца на Айчыну. У гэтым Польшча вельмі зацікаўленая, паколькі недахоп працоўных рук можа неўзабаве пачаць тармазіць эканамічны рост. Канешне, у заходніх краінах заработная плата ўсё яшчэ вышэйшая, чым у Польшчы, таму палякі зьяжджаюць на заробкі на Захад, але апошнія дадзеныя статыстыкі сьведчаць аб тым, што тэндэнцыя пакрысе пачынае мяняцца, – кажа прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі.

М. Маравецкі: 45 гадоў камунізму і 25 гадоў Трэцяй Рэчы Паспалітай – гэта вельмі дрэнны пэрыяд, асабліва той першы, пра які я згадаў. Мы пакрысе даганяем Захад, але ўсё яшчэ заробкі ў Польшчы значна ніжэйшыя, чым у заходніх краінах. Таму людзі зьяжджаюць. Аднак паявіліся першыя дадзеныя, што цягам апошніх двух гадоў упершыню з часоў вайны больш чалавек у Польшчу вяртаецца, чым з яе выяжджае.

Адна з важнейшых тэм форуму – абарона добрага імя Польшчы і палякаў. У панэльнай дыскусіі прымалі ўдзел, акрамя маршала Сэнату, таксама навукоўцы. Гэта вельмі важная для Польшчы праблема – адзначае прадстаўнік Унівэрсытэту Мікалая Капэрніка ў Торуні доктар гістарычных навук Зьбігнеў Гіжыньскі.

З. Гіжыньскі: Ніколі не бывае занадта многа барацьбы за тое, каб пра Польшчу на сьвеце казалі з як мага лепшага боку, каб жыхары іншых краін ведалі пра нашы моцныя бакі, пра тое, што цікава для іншых у Польшчы. Асобы польскага паходжаньня пражываюць у самых розных кутках сьвету. Гэта як прадстаўнікі гэтак званай старой эміграцыі, так і тыя, хто выехаў з нашай краіны, калі Польшча ўвайшла ў склад Эўрапейскага Зьвязу. Гэта нашы натуральныя паслы на сьвеце. Ніводзін прадстаўнік польскай дыпляматычнай пляцоўкі ня зробіць столькі добрых рэчаў, колькі могуць зрабіць мільёны палякаў, раскіданых па ўсім сьвеце. Вельмі важна, каб наш супольны дом, незалежна ад таго, ці мы ў ім жывем, ці з яго зьехалі, пазытыўна ўспрымалі на сьвеце, бо ад гэтага таксама залежыць, як людзі з іншых дзяржаў будуць успрымаць нас саміх.

Нагадаем, форум палякаў замежжа адбыўся ў рамках Эканамічнага форуму ў мясцовасьці Крыніца-Здруй на поўдні Польшчы. Мэдыя-партнэрам мерапрыемства зьяўляецца Праграма для замежжа Польскага радыё.

Польская служба ПР (Нalina Ostas)/IAR/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт