Польскія пажарныя, якія на працягу двух тыдняў дапамаглі гасіць пажары ў цэнтральнай Швэцыі, вярнуліся на бацькаўшчыну. Расказвае Віктар Корбут.
Увечары 21 ліпеня ў Швэцыі пажарамі былі ахоплены 74 мясцовасьці. На тушэньне агню акрамя пажарных былі накіраваны армія і грамадзянская абарона. Да выратаваньня лясоў падключыліся і добраахвотнікі. Больш за дзьве тысячы валянтэраў накіраваў Чырвоны Крыж. Але гэтага было недастаткова.
З 22 ліпеня да ратаўнічай акцыі ў Швэцыі далучыліся 160 польскіх пажарных: дапамагалі тушыць лясныя пажары, абараняць населеныя пункты, якім пагражала распаўсюджваньне агню. Яны гасілі пажары ў цэнтральнай частцы краіны на паверхні 20 тыс га. Палякі прыбылі ў Швэцыю з усім неабходным — палаткамі, харчаваньнем і лякарствамі. У красавіку 2010 года польскія пажарныя ўжо ўдзельнічалі ў падобнай апэрацыі ў Сібіры.
У дарозе па Швэцыі польскіх пажарных сардэчна віталі мясцовыя жыхары, сьведчыць кіраўнік групы пажарных, малодшы брыгадзір Міхал Лянгнэр.
Міхал Лянгнэр: Мы былі сьведкамі сытуацый, калі на эстакадах стаялі швэдзкія пажарныя і мясцовыя жыхары, якія віталі нас. Таксама нас сустракалі мясцовыя палякі — з пачастункам і падзякамі. Нас суправаджалі пачуцьці сымпатыі.
5 жніўня польскія пажарныя разьвіталіся са швэдзкім берагам і адплылі на бацькаўшчыну з порта Трэлеборг (Trelleborg).
Паром са 139 пажарнымі і цяжкай тэхнікай, што выкарыстоўвалася ў апэрацыі тушэньня пажараў у Швэцыі, каля 5-й гадзіны раніцы 6 жніўня прыплыў у польскі порт Сьвінавуйсьце. Тут пажарных сустракалі прэм'ер-міністар Матэвуш Маравецкі і міністар унутраных спраў Яахім Брудзіньскі.
6 жніўня 2018 г. Польскія пажарныя машыны прыбылі са Швэцыі ў порт Сьвінавуйсьце
Матэвуш Маравецкі сказаў, што польскія пажарныя далі суайчыньнікам нагоду ганарыцца імі. Прэм’ер-міністар адзначыў, што ўдзел палякаў у выратавальнай акцыі ў Швэцыі напомніў сьвету пра тое значэньне, якое мае ў Польшчы слова “салідарнасьць”.
Матэвуш Маравецкі: Мы адчуваем незвычайны гонар за вашу працу, за тое, што вы пацьвердзілі нашу нацыянальную адметнасьць, якой зьяўляецца салідарнасьць — салідарнасьць зь іншымі ў цяжкіх момантах. Калі вы ехалі ў Швэцыю, то нашы сэрцы трымцелі ад страху, але таксама і ад гонару. Бо мы ведалі, што вы выканаеце сваю задачу. Дзякую вам за ваш прафэсіяналізм, за незвычайную трываласьць. Польшча вамі ганарыцца. Вялікі вам дзякуй!
“Было цяжка, але мы адчуваем вялікую радасьць”, — так пасьля вяртаньня дамоў гавораць польскія пажарныя.
Старшы капітан Гжэгаж Баровец, намесьнік кіраўніка спэцыяльнай групы па тушэньні лясных пажараў, расказаў, што першыя дні ў Швэцыі былі бязьветраныя і гасіць агонь было лягчэй. Аднак пазьней умовы працы ўскладніліся.
Гжэгаж Баровец: Празь некалькі дзён склалася непрадбачаная сытуацыя. Вецер пачаў дзьмуць у нашым кірунку і з досыць моцнымі парывамі. Гэта стала прычынай павелічэньня маштабу пажару. Гэта быў пераломны момант, калі мы мусілі добра сабрацца і пільнаваць, каб нічога дрэннага ня здарылася.
Малодшы брыгадзір Томаш Грэляк прызнаўся, што самым цяжкім момантам у змаганьні з агнём была абарона вёскі Корбале (Kårböle).
Томаш Грэляк: Мы павінны былі абараняць ад агню сямікілямэтровы адрэзак у лесе. Гэта была апошняя лінія абароны перад вёскай Корбале. На нашых плячах ляжала вялікая адказнасьць. Калі б не ўдалося абараніць гэту мясцовасьць, то існавала б пагроза таго, што яна згарэла б. Пакідаючы Швэцыю, мы былі ўпэўнены, што добра выканалі сваю працу. Не было ўжо ніякіх зараваў агню ў месцы, дзе мы працавалі.
Гжэгаж Баровец расказаў, што швэды шчыра віталі польскіх пажарнікаў, якія прыяжджалі да іх з дапамогай.
Гжэгаж Баровец: Мы прывыклі да таго, што нас чакала мноства людзей, якія віталі з польскімі сьцягамі. Вадзіцелі, якія ехалі нам насустрач на дарогах, віталі нас, міргаючы сьвятлом фар, махаючы з аўтамабіляў. Мы такога ніколі ня бачылі. Гэта была найлепшая падзяка за тую працу, якую мы выканалі.
6 жніўня 2018 г. Польскія пажарныя машыны прыбылі са Швэцыі ў порт Сьвінавуйсьце
“Многія пажарныя тужылі па сем’ях”, — прызнаўся малодшы капітан Рафал Саловей, сувязны афіцэр ратаўнічай групы ў Швэцыі.
Рафал Саловей: Але тая матывацыя, якая намі кіравала, каб дапамагчы калегам са Швэцыі, дапамагчы мясцоваму насельніцтву, давала нам сілы, каб далей цяжка працаваць.
Апрача Польшчы яшчэ сем краін Эўрапейскага зьвязу ўдзельнічалі ў тушэньні пажараў у Швэцыі. Да апэрацыі далучылася таксама Нарвэгія. Усе гэтыя краіны накіравалі на змаганьне з агнём рознае абсталяваньне. Польшча адправіла ў Швэцыю 44 пажарныя машыны Дзяржаўнай пажарнай службы.
IAR/вк
Фота: PAP/Marcin Bielecki
Слухайце далучаны гукавы файл