9 ліпеня а 16-й гадзіне паводле беларускага і турэцкага часу Рэджэп Таіп Эрдаган прыняў прысягу як пераабраны прэзыдэнт Турцыі. Цырымонія адбылася на пасяджэньні парлямэнта, які, аднак, ужо ня будзе мець тых паўнамоцтваў, якімі валодаў раней. Усе рычагі кіраваньня краінай зь сёньняшняга дня цалкам перайшлі да Эрдагана.
Рэджэп Таіп Эрдаган ужо на працягу пяці гадоў зьяўляецца прэзыдэнтам Турцыі. Аднак зь сёньняшняга дня ён стаў самым магутным кіраўніком краіны з часоў заснавальніка Турэцкай Рэспублікі Кемаля Атацюрка.
На цырымоніі інаўгурацыі Эрдагана знаходзіліся кіраўнікі многіх краін, сярод іх толькі адзін прадстаўляў дзяржаву Эўрапейскага саюза — Баўгарыю. Ад Беларусі ва ўрачыстасьці ўдзельнічаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясьніковіч.
Два тыдні таму, 24 чэрвеня, Эрдаган выйграў прэзыдэнція выбары, у якіх, паводле даных турэцкага цэнтарвыбаркама, дзеючы кіраўнік дзяржавы атрымаў галасы больш як 26,3 млн выбаршчыкаў (52,59%). Сам Эрдаган назваў вынікі трыюмфам дэмакратыі і адзначыў, што пераможцамі сталі ўсе грамадзяне Турцыі. А ў гэтай краіне жыве 81 млн чалавек.
Зьмены, якія сёньня адбыліся ў Турцыі, рыхтаваліся Эрдаганам ужо даўно. Яшчэ год таму ён правёў рэфэрэндум. Тады, у выніку волевыяўленьня большасьці выбаршчыкаў, ён атрымаў магчымасьць перайсьці ад парлямэнцкай да прэзыдэнцкай формы кіраваньня краінай, у якой прадугледжана, што пасады прэзыдэнта і кіраўніка ўрада належаць адной асобе.
Абдурахман Йілдырым (Abdurrahman Yıldırım), журналіст праўдарадавай газэты Haber Turk: Зьмена дзяржаўнага ладу з парлямэнцкай на прэзыдэнцкую рэспубліку азначае канцэнтрацыю ўлады ў руках аднаго чалавека. Гэта вельмі істотная зьмена. Бо ў такой сытуацыі, калі б нават апазыцыя мела большасьць у парлямэнце, яна не змагла б адмяніць рашэньні прэзыдэнта. Новы лад будзе больш эфэктыўны, бо лягчэй будзе кіраваць краінай.
Абдурахман Йілдырым. Фота: haberturk.com/htyazar/abdurrahman-yildirim-1018
Зь сёньняшняга дня Эрдаган можа адклікáць міністраў і кіраваць з дапамогай дэкрэтаў. Пасада прэм’ер-міністра ў Турцыі скасавана. Скарочана і колькасьць міністраў — з 21 да 16. Прэзыдэнт атрымаў права прызначаць высокапастаўленых чыноўнікаў, у прыватнасьці, віцэ-прэзыдэнтаў і міністраў. Паўнамоцтвы прэзыдэнта пашырыліся і ў сфэры судовай улады.
Апазыцыя і крытыкі Эрдагана за мяжой гавораць пра тое, што ён стварыў аўтарытарны лад, бо ўлада сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека.
Пасьля няўдалага путчу і пачатых Эрдаганам чыстках ахаладзіліся адносіны Турцыі з ЗША і ЭС.
Між тым, Эрдаган зьбіраецца адмяніць надзвычайнае становішча, уведзенае два гады таму. Экспэрты мяркуюць, што гэта прычынілася да пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне.
Эрдаган лічыцца нацыяналістычным палітыкам. Да таго ж, ён выказвае часам вельмі неардынарныя погляды.
Вітальд Шаблоўскі, польскі журналіст, аўтар кніг пра Турцыю: Прэзыдэнт Эрдаган перакананы, што туркі паслалі ў космас першага касманаўта. І задоўга перад расейцамі і амэрыканцамі — ажно ў XVII стагодзьдзі. Як у Польшчы ёсьць легенда пра пана Твардоўскага, які пабываў на Месяцы, так і ў Турцыі існуе вялікая група людзей, да якой належыць і турэцкі прэзыдэнт, якія вераць у гісторыю пра турка, якога адправілі ў космас, што ён абляцеў Зямлю і вярнуўся. І яны ў гэта вераць.
Ня ўсе туркі, аднак, вераць Эрдагану. Два гады таму вайскоўцы спрабавалі адсунуць прэзыдэнта ад улады і арганізавалі путч, які, аднак, праваліўся. З таго часу Эрдаган толькі ўзмацняе сваю ўладу і помсьціць праціўнікам.
Пасьля путчу было арыштавана або звольнена працы больш за 200 тысяч чалавек. Перш за ўсё пацярпелі ад рэпрэсій чыноўнікі, паліцэйскія, салдаты, урачы, журналісты і настаўнікі.
Літаральна ўчора была звольнена чарговая група дзяржслужачых — больш як 18 тысяч супрацоўнікаў МУС, ВПС, марскога флёту, паліцыі, Міністэрства юстыцыі. Акрамя таго, урад спыніў паўнамоцтвы васьмі намесьнікаў губэрнатараў і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў. Спынена дзейнасьць 12 няўрадавых арганізацый, трох газэт і аднаго тэлеканала.
Усе звольненыя, на думку прэзыдэнта, мелі сувязі зь яго галоўным палітычным апанэнтам — мусульманскім мысьліцелем і духоўным лідарам Фэтуляхам Гюленам. Менавіта яго Эрдаган лічыць арганізатарам няўдалага путчу, пасьля якога ў Турцыі пачаўся імклівы працэс канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго чалавека.
IAR/вк