Logo Polskiego Radia
Print

Трамп рыхтуе новы мірны плян для Блізкага Ўсходу

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 06.07.2018 19:19
На супярэчнасьцях паміж двума лягерамі ў палесьцінскім руху можа быць дасягнута пагадненьне з Сэктарам Газа.
Дональд ТрампДональд ТрампФота: EPA/MICHAEL REYNOLDS

ЗША рыхтуюць новы мірны плян для Блізкага Ўсходу. Паводле прэзыдэнта Дональда Трампа, гэта будзе “справа стагодзьдзя”. Зяць і дарадчык Трампа Джэрэд Кушнэр і пасланьнік Дэйсан Грынблат у чэрвені наведалі арабскія сталіцы і Ізраіль, праводзячы зандзіраваньне глебы для падтрымкі ініцыятывы Вашынгтона.

Ад сустрэчы адмовіліся ўлады Палесьцінскай аўтаноміі. Яны байкатуюць амэрыканскіх дыпляматаў з таго часу, як Трамп перанёс пасольства ЗША ў Ізраілі з Тэль-Авіва ў Ерусалім.

Фатах, партыя, якая кіруе на Заходнім беразе, пачала кампанію, якая павінна дыскрэдытаваць плян Трампа, які разглядаецца як спроба аддзяленьня Заходняга берага ад Сэктара Газа. Але парадокс заключаецца ў тым, што два кавалкі палесьцінскай аўтаноміі і так на працягу многіх год кіруюцца рознымі ўрадамі і нават варагуюць паміж сабой.

Праўда, плян Трампа афіцыйна не аб’яўлены. Можна толькі здагадвацца пра яго акалічнасьці. Амэрыканцы прасілі арабскія манархіі, каб тыя выдаткавалі грошы на паляпшэньне ўмоў жыцця ў Газе. Анкляў ізаляваны Ізраілем і Эгіптам. Там бракуе працы, электрычнасьці, сродкаў на адбудову інфраструктуры зьнішчанай падчас войнаў. Дагэтуль партыя Хамас, якая кіруе ў Газе, байкатавалася Захадам па прычыне сваёй варожасьці да Ізраіля і падрыхтоўкі супраць яго тэрарычтычных актаў. “Добрым палесьцінцам” дагэтуль быў прэзыдэнт аўтаноміі — Заходняга берага — Махмуд Абас, які ўмеў дамаўляцца з Ізраілем і атрымліваў усе сродкі, якія накіроўваліся ў Палесьціну.

Цяпер Абас баіцца, што ўсё зьменіцца. Таму ён прапагандуе думку, што кожны, хто будзе ўдзельнічаць у амэрыканскіх плянах, — гэта здраднік народа. Прэс-сакратар Абаса заявіў, што “дарога да міру ясная” — гэта прызнаньне Палесьцінскай дзяржавы ў граніцах 1967 года са сталіцай у Ерусаліме.

Відавочна, што Трамп хоча рызграць складаную гульню. Ён пайшоў на перагаворы з Кім Чэн Ынам, а значыць, можа дасягнуць выніку і на Блізкім Усходзе. Для гэтага ёсьць пэўныя падставы. Хамас у 2017 годзе зьмяніў свой статут: цяпер ворагам абвешчаны не габрэі ўвогуле, а толькі “агрэсіўны сіянізм”. Дапускаецца ўзьнікненьне Палесьцінскай дзяржавы на тэрыторыях, акупіраваных Ізраілем у 1967 годзе, але ў працэсе перагавораў, а не на ўсёй гістарычнай Палесьціне.

Ходзяць чуткі, што ў Эгіпце рыхтуюць праект мірнага пагадненьня паміж Хамасам і Ізраілем. Праект прадугледжвае, што Хамас перастане будаваць тунэлі, па якіх пасылае тэрарыстаў у Ізраіль. А Ізраіль даў бы доступ Газе да марскога порта і аэрапорта. Гэта дазволіла б уладам Газы выйграць суперніцтва з кіраўніцтвам Заходняга берага. На супярэчнасьцях паміж двума лягерамі ў палесьцінскім руху і будзе разыграны плян Трампа.

Gazeta Wyborcza/vk

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт