Logo Polskiego Radia
Print

Кніжныя навінкі зь Менску прадаюць у Варшаве (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 18.05.2018 15:47
  • Варшаўскі кніжны кірмаш.mp3
На Варшаўскім кніжным кірмашы Беларусь упершыню прадстаўлена на двух стэндах.
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дому ў Варшаве. Зьлева направа: З. Вішнёў, А. Янушкевіч, А. Пашкевіч, У. Кобец.
Фота: Віктар Корбут/radyjo.net.17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дому ў Варшаве. Зьлева направа: З. Вішнёў, А. Янушкевіч, А. Пашкевіч, У. Кобец. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net.Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Варшаўскі кніжны кірмаш праходзіць 17-20 траўня на Нацыянальным стадыёне. Беларусь упершыню прадстаўлена на двух стэндах — ад Міністэрства інфармацыі і ад Беларускага дому ў Варшаве. Два беларускія стэнды разьмешчаны ў розных месцах кірмашу.

Афіцыйнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь тут зьяўляецца ўжо другі год запар па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі і пасольства Беларусі ў Варшаве.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь. Зьлева направа: Ілона Юрэвіч, кіраўнік Культурнага цэнтру Беларусі ў Варшаве, Л. Быкава

Людміла Быкава, кансультант упраўленьня выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь: Мы атрымалі ад польскага боку прапанову аб узаемным прадстаўленьні выставачных плошчаў на бясплатнай аснове: мы ім, а яны нам. Палякі прыяжджалі да нас у лютым на Менскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. І мы цяпер прыехалі, і нам прадставілі стэнд бясплатна.

17
17 траўня 2018 г. Нацыянальны стадыён, дзе праходзіць Варшаўскі кніжны кірмаш

Беларускі дом у Варшаве ўпершыню выставіў свой стэнд на Варшаўскім кніжным кірмашы. Ён меншы за афіцыйны па плошчы, але па колькасьці выданьняў больш разнастайны.

Улад Кобец, сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве: Мы запрасілі шэсьць выдавецтваў зь Беларусі: “Галіяфы”, “Тэхналёгія”, “Кнігазбор”, “Янушкевіч”, “Arche”, “Лімарыус”.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дому ў Варшаве

Сродкі на стэнд Беларускага дому на Варшаўскім кніжным кірмашы далі фонд RITA, амэрыканскі Фонд Маршала і Пасольства Польшчы ў Беларусі.

Улад Кобец: Беларускі дом у Варшаве лічыць арганізацыю гэтага стэнду сваім грамадзянскім абавязкам. Спадзяёмся, што наш стэнд будзе рэгулярна зьяўляецца на Варшаўскім кніжным кірмашы. А праз год, магчыма, стане трохі большы. На жаль, пакуль нам нестае сродкаў, каб зрабіць стэнд такім вялікім, як, напрыклад, афіцыйны стэнд Рэспублікі Беларусь.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь. Выданьні польска-беларускіх пісьменьнікаў з сэрыі “Мая беларуская кніга”

Абодва беларускія стэнды аб’ядноўвае багатая палітра кніг на тэмы гісторыі і культуры як Беларусі, так і Польшчы.

Людміла Быкава: Мы прывезьлі бібілятэчку кніг польска-беларускіх аўтараў, якія выдаваліся ў Беларусі ў сэрыі “Мая беларуская кніга”: Салямэі Пільштыновай-Русецкай, Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Элізы Ажэшка, Вайніслава Казімера Сулімы Савіч-Заблоцкі, Юзафа Ігнацы Крашэўскага.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Беларускага дому ў Варшаве

На стэндзе Беларускага дому можна знайсьці кнігі па дыскусійных тэмах гісторыі, якія пакуль адважваюцца публікаваць у Менску толькі недзяржаўныя выдавецтвы.

Аляксандар Пашкевіч, прадстаўнік часопісу “Arche”: Мы выдаём шмат кніг пра Другую сусьветную вайну, зьмест якіх разыходзіцца з дамінуючай у беларускай дзяржаве ідэалёгіяй. Адна з нашых навінак — гэта пераклад на беларускую мову працы польскага гісторыка, які працаваў у Нямеччыне і выдаў там кніжку пра савецкіх партызан на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гадах.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь

На беларускіх стэндах прадстаўлены кнігі пра Ігната Дамэйку, Юзафа Пілсудскага, Міхала Клеафаса Агінскага, іншых вядомых дзеячаў нашай супольнай гісторыі.

Зьміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва “Галіяфы”: У нашым выдавецтве ў апошні час выйшлі кнігі польскіх аўтараў Томаша Самойліка “Бортнік Ігнат і скарб пушчы”, Славаміра Копэра “Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай”, Эльжбеты Інеўскай “Калёны славы”.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Інстытуту нацыянальнай памяці. Кніга Гжэгажа Ранкоўскага „Kresowe rezydencje. Województwo wileńskie”


Варшаўскі кніжны кірмаш прымеркаваны да 100-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Польшчы. Сёлета споўнілася таксама стагодзьдзе стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдавецтва “Янушкевіч” прывезла на кірмаш новую кнігу гарадзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча “БНР. Триумф побежденных”.

Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва “Янушкевіч”: Гэта сынтэтычная праца, у якой сабраны апошнія напрацоўкі па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Я раю прачытаць гэту кнігу кожнаму беларусу, нягледзячы нават на тое, што яна напісана на расейскай мове.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь

Жыхарка Варшавы Анна Манкевіч прыйшла на беларускі стэнд, каб даведацца пра лёс сваёй сям’і, якая была вымушана ўцячы зь Беларусі ў Польшчу ад бальшавікоў роўна сто год таму. Частка сям'і была замардавана бальшавікамі, а ўласнасьць спалена.

Анна Манкевіч: Я цікаўлюся той часткай Беларусі, адкуль паходзяць карані маёй сям’і. Гэта тэрыторыя Магілёўшчыны, ваколіцы Воршы. Я ўвесь час шукаю зьвесткі пра гэты край. На жаль, там нічога ўжо не засталося. Але можа нейкія фрагмэнты інфармацыі знойдуцца.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Артур Клніаў

Кнігі на тэмы, зьвязаныя з гісторыяй Беларусі выстаўлены і на стэндах польскіх выдавецтваў. Тут я сустрэў беларускага мастака і літаратара Артура Клінава. Ён прыехаў з Вроцлава, дзе знаходзіцца на навуковай стыпэндыі. На Варшаўскі кніжны кірмаш спадар Клімаў даўно марыў трапіць. Мастак лічыць, што палякам варта зь беларускай мовы перакладаць і выдаваць больш твораў.

Артур Клінаў: Хацеў бы ў гэты прыезд пазнаёміцца з выдаўцамі, паразмаўляць, паспрабаваць іх намовіць на супрацоўніцтва. У Беларусі цяпер адбываецца шмат цікавага ў літаратуры, ёсьць вельмі клясныя аўтары. Калі б у нас быў нейкі застой, то можна было б зразумець, што няма чаго друкаваць. Але ж друкаваць ёсьць што!

Адна з найцікавейшых навінак кірмашу — альбом партрэтаў Тышкевічаў зь іх былой рэзыдэнцыі у Лагойску. Палац Тышкевічаў не захаваўся. А 36 выяў галоўных прадстаўнікоў знакамітага роду з 1933 году захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве. Толькі цяпер іх адрэстаўрыравалі спэцыялісты Акадэміі прыгожых мастацтваў.


Партрэты
Партрэты Тышкевічаў з альбома „Sarmacka stylizacja wizerunków Tyszkiewiczów w portretach z Łohojska” (Варшава, 2017)

Марыля Сьцібар Мархоцка, Акадэмія прыгожых мастацтваў у Варшаве: Гэта праца пад рэдакцыяй прафэсара Яанны Шпор „Сармацкая стылізацыя адлюстраваньняў Тышкевічаў у партрэтах з Лагойску”. Так, з Лагойску ў Беларусі! Гэта ўнікальны збор партрэтаў Тышкевічаў. Мяркую, што варта ўбачыць тое, што ацалела.

Варта таксама зазірнуць на экспазыцыі іншых польскіх выдавецтваў. Напрыклад, на стэндзе часопісу „Więź” можна набыць дзёньнікі ўраджэнца Менску, грамадзка-палітычнага дзеяча Польшчы Ежы Гедройця. Выдавецтва Сэйму Польшчы прапануе набыць кнігі пра гісторыю беларусаў і іншых нацыянальных меншасьцей Польшчы. Выдавецтва Інстытуту нацыянальнай памяці ўсяго за 39 злотых (9 эўра) прадае тоўсты том Гжэгажа Ранкоўскага „Kresowe rezydencje”, у якім зьмешчана інфармацыя пра ўсе маёнткі арыстакратыі на тэрыторыі даваеннага Віленскага ваяводзтва Польшчы.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Альбом „Іканапіс Беларусі” у букіністычным аддзеле

У букіністычным аддзеле таксама ёсьць беларускія кнігі. Напрыклад, альбом „Іканапіс Беларусі”, выдадзены на пачатку 1990-х гадоў або даведнік па Вільні 1930-х гадоў з фотаздымкамі ўраджэнца Беларусі Яна Булгака.

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Андрэй Масквін са сваёй новай кнігай

Бадай самая сьвежая кніжная навінка, якую можна набыць на Варшаўскім кніжным кірмашы — праца супрацоўніка катэдры міжкультурных дасьледаваньняў Цэнтраль-Ўсходняй Эўропы факультэту прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту Андрэя Масквіна, прысьвечаная беларускім чаоспісам „Пагоня”, „Сакавік” і „Наперад!”, якія выходзілі на эміграцыі пасьля 1945 году.

Андрэй Масквін: Гэта матэрыялы, якія ня ўключаны ў падручнікі, у гісторыю літаратурнага працэсу. Але бязь іх мы ня будзем мець поўнага ўяўленьня пра тое, што адбывалася ў беларускай літаратуры.

Кніга Андрэя Масквіна выйшла тыражом 100 экзэмпляраў. І ўжо можа лічыцца бібліяграфічнаю рэдкасьцю. Але вы яе зможаце набыць, калі завітаеце на Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнды беларускіх выдавецтваў тут будуць працаваць да паўдня 20 траўня.

Віктар Корбут

Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Рэспублікі Беларусь. Зьлева направа: І. Юрэвіч, Л. Быкава

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Кнігі зь лістамі ўраджэнца Менску Ежы Гедройця на стэндзе часопісу „Więź”

17
17 траўня 2018 г. Варшаўскі кніжны кірмаш. Стэнд Сэйму Рэспублікі Польшча. Выданьні пра нацыянальныя меншасьці — беларусаў і літоўцаў
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт