Logo Polskiego Radia
Print

Касьцюшка аб'ядноўвае беларусаў і палякаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 15.05.2018 17:11
Кіраўніка паўстаньня 1794 году шануюць прадстаўнікі абодвух народаў былой Рэчы Паспалітай.
Варшава. 25 сакавіка 2018 г. Мітынг у гонар 100-годзьдзя БНР ля помніка Т. Касьцюшку.
Фота Віктара Корбута/radyjo.net.Варшава. 25 сакавіка 2018 г. Мітынг у гонар 100-годзьдзя БНР ля помніка Т. Касьцюшку. Фота Віктара Корбута/radyjo.net.Фота Віктара Корбута/radyjo.net

Сёлета 12 траўня ў Мерачоўшчыне, што ў Берасьцейскай вобласьці, быў устаноўлены помнік Тадэвушу Касьцюшку. Гэта трэці па ліку манумэнт нацыянальнаму герою Польшчы, якія існуе сёньня ў Беларусі. Два іншыя знаходзяцца на тэрыторыі пасольства ЗША ў Менску і ў былым радавым маёнтку Касьцюшак у Вялікіх Сяхновічах Жабінкаўскага раёну.

У Мерачоўшчыне Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся. Тут, у адноўленым шляхецкім доме, створаны музэй кіраўніка паўстаньня 1794 году. Газэта Rzeczpospolita піша пра тое, што зьяўленьне тут помніка палкаводцу — надзвычайная падзея.

Журналіст Руслан Шошын напамінае, што Мерачоўшчына — гэта вёска, дзе ўжо няма мясцовых жыхароў. А прыяжджаюць сюды толькі турысты — каб пабачыць месца нараджэньня Касьцюшкі.

На помніку Касьцюшку выбіты надпіс: “Выдатнаму сыну Беларусі ад удзячных нашчадкаў”. У адкрыцьці манумэнту прымалі ўдзел польскія, амэрыканскія, украінскія, а таксама расейскія дыпляматы. Прычым адбывалася гэта пад бела-чырвона-белымі сьцягамі, зь якімі прыехалі людзі з усёй Беларусі. І міліцыя не затрымлівалі іх.

На думку публіцыста газэты Rzeczpospolita, “постаць нацыянальнага героя Беларусі, пра якога яшчэ нядаўна ніхто не ўспамінаў, гэтым разам аб’яднала рэжым і яго праціўнікаў”. Аднак, як заўважае спадар Шошын, “помнік Тадэвушу Касьцюшку ня ўпісваецца ў ранейшыя беларускія рэаліі і яму будзе цяжка змагацца з сотнямі помнікаў і бюстаў Уладзімеру Леніну”.

На старонках газэты Rzeczpospolita гісторык Марак Корнат з Польскай акадэміі навук падкрэсьліў важнасьць зьяўленьня помніка Касьцюшку ў Беларусі намаганьнямі грамадзянскай супольнасьці, а не “антыпольскай беларускай улады”. Дасьледчык выказаў спадзяваньне, што тыя, хто стваралі манумэнт, рабілі гэта “з усьведамленьнем супольнага мінулага, або таго, што нас аб’ядноўвае”.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт