Logo Polskiego Radia
Print

73 гады таму Чырвоная Армія вызваліла нямецкі канцлягер Равэнсбрук

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 30.04.2018 14:34
  • Ravensbrueck.mp3
На працягу 1939-1945 тут былі зьняволены 130 тысяч жанчын і дзяцей.

Сярод вязьняў канцлягера Равэнсбрук (Ravensbrück), што знаходзіўся на поўнач ад Бэрліна, было 40 тысяч палячак. Вызваленьня дачакаліся толькі 8 тысяч зь іх. Сёньня пра трагедыю ўспамінаюць былыя вязьні ва ўсёй Польшчы. Тыя, хто яшчэ мае сілы, прыехалі ў Равэнсбрук, каб запаліць лямпадкі ў памяць пра замардаваных.

Яшчэ ў лістападзе 1938 году на загад Гайнрыха Гімлера пачалося будаўніцтва спэцыяльнага канцлягера для жанчын у Равэнсбруку. Зьняволеныя былі заняты на прымусовых работах для нямецкіх фірм, сярод якіх вядомая дагэтуль карпарацыя Siemens. Таксама тут праводзілі псэўдамэдыцынскія экспэрымэнты на жанчынах.

Калі 30 красавіка 1944 году лягер вызвалілі савецкія салдаты, то многія вязьні нават не здагадваліся, што прыйшла свабода.

Крыстына Космаль, былы вязень канцлягера Равэнсбрук: Мы былі непрытомныя і ня ведалі, што вакол нас ужо няма немцаў. ...Затрымаўся вайсковы аўтамабіль. Выскачыў салдат. А калі нас убачыў, то страшна закрычаў і ўцёк назад да машыны. Ён нас спалохаўся. Ён падумаў, што да яго выйшлі нейкія пачвары з-пад зямлі. Я маліла Бога аб сьмерці... Мне было так усё роўна...

Свабоды дачакаліся толькі тры тысячы чалавек. У нацысцкім лягеры Равэнсбрук людзі паміралі ад голаду, холаду, хвароб. Існавалі яшчэ дадатковыя лягеры па суседзтве, дзе нацысты трымалі 20 тысяч мужчын. Большасьць зь іх не дажыла да вызваленьня — загінулі ў крэматорыях.

Ян Каспшык, кіраўнік упраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсіраваных асоб: Праз Равэнсбрук прайшлі 132 тысячы жанчын. Кожная трэцяя зь іх была палячкай. 90 тысяч жанчын, спаленых у крэматорыі, спачываюць у мясцовым возеры.

Пра тое, як нацысты зьнішчалі вязьняў, памятае Камільля Яновіч-Сыч. Яна выжыла ў канцлягеры. Нават была членам тайнага скаўцкага атрада „Mury” (“Муры”). Скаўты дапамагалі па-магчымасьці іншым вязьням.

Камільля Яновіч-Сыч, былы вязень: Я працавала ў лягеры. І бачыла, як высыпалі попел ад спаленых людзей у возера. Не пасьпявалі спальваць у крэматорыях... А я бачыла гэты жах, калі выгружала караблі, рамантавала дарогі, рабіла на розных цяжкіх працах.

Лягер Равэнсбрук стаў месцам, дзе былі зьняволены жанчыны, якія ўдзельнічалі ў польскім руху Супраціўленьня.

Ян Каспшык: У Равэнсбрук была канваіравана вялікая група жанчын, якія ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстаньні. Раней сюды таксама траплялі жанчыны, якія змагаліся ў структурах Польскай падпольнай дзяржавы.

Адной з тых патрыётак, якія трапілі ў Равэнсбрук, была Аліцыя Кубэцка. Яна ўдзельнічала ў Варшаўскім паўстаньні ў 1944 годзе. За гэта і трапіла за краты. Яна дагэтуль ня можа забыць, як нацысты рознымі спосабамі зьдзекаваліся зь вязьняў.

Аліцыя Кубэцка, былы вязень: Ці была зіма, ці была вясна — усё адно. Па некалькі гадзін стаялі на праверцы, а немцы прыходзілі і нас лічылі. І калі кагосьці не далічваліся, то ня верылі, што нехта загінуў. Яны выкурвалі цыгарэты, і зноў нас лічылі.

Ян Каспшык падкрэсьлівае, як важна цяперашняму пакаленьню зрабіць належныя вывады з той трагедыі, якая адбылася ў Равэнсбруку і ў іншых нацысцкіх месцах зьняволеньня і зьнішчэньня людзей.

Ян Каспшык: Ніколі яшчэ ў гісторыі сьвету не было такога, каб такім чынам так шмат жанчын пацярпела ад шалёнай ідэалёгіі, якой быў нямецкі нацыянал-сацыялізм.

Псэўдамэдыцынскія вопыты на жанчынах былі адным з тым злачынстваў, за якое Нюрнбэрскі трыбунал асудзіў шмат ахоўніц і функцыянэраў канцлягера, у тым ліку на пакараньне сьмерцю. Аднак некаторыя са злачынцаў былі вызвалены празь пяць гадоў. А ўрач Гэрта Обэрхойзэр нават атрымала ад нямецкіх улад дазвол далей займацца прафэсійнай дзейнасьцю.

Цяпер польскі Інстытут нацыянальнай памяці вывучае генацыд у Равэнсбруку, шукае былых вязьняў.

Штогод у Равэнсбрук прыяжджаюць многія людзі, каб ушанаваць памяць ахвяр.

Аліцыя Кубэцка: Тыя дзяўчаты, якія засталіся тут, просяць нас: прыедзьце раз у год, запаліце агонь і не забывайце пра нас, пакуль будзеце жывыя. І я таму сюды прыяжджаю.

Сёньня ў варшаўскім касьцёле Сьвятога апостала Якуба адбудзецца спэцыяльны канцэрт у памяць пра ахвяр канцлягера Равэнсбрук — „Siła Miłości” (“Сіла Любві”). Сярод удзельніц канцэрту будуць яшчэ жывыя былыя вязьні, сярод іх — Ванда Пултаўска, на якой немцы праводзілі псэўдамэдыцынскія экспэрымэнты. Яна пакутавала ў зьняволеньні з 1941 году. Тое, што давялося перажыць, апісала ў кнізе „I boję się snów” („І баюся сноў”).

Пасьля вайны спадарыня Пултаўска, дарэчы, сябравала з Каралем Вайтылам — будучым папам рымскім Янам Паўлам Другім.

Ванда Пултаўска, былы вязень: Задача канцэрту — захаваць і перадаць гістарычную памяць. Нельга забываць пра тое, што ў Равэнсбруку былі зьняволены дзяўчаты, якія ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстаньні і былі расстраляны за любоў да Бацькаўшчыны.

У сёньняшнім канцэрце возьмуць удзел больш за 20 выканаўцаў. Праграму вечара распрацаваў Анджай Руг, актор і рэжысэр з Кракава. Польскае радыё зьяўляецца інфармацыйным спонсарам урачыстасьці.

Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаны файл.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт