Logo Polskiego Radia
Print

ЗША могуць павялічыць колькасьць сваіх войск у Польшчы

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 27.04.2018 13:37
  • Візыт М. Блашчака ў ЗША.mp3
Вынікі візыту міністра нацыянальнай абароны Мар'юша Блашчака ў Вашынгтон.
Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Мар'юш Блашчак (другі зьлева). Фота PAP/Marcin Obara Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Мар'юш Блашчак (другі зьлева). Фота PAP/Marcin Obara PAP/Marcin Obara

27 красавіка завяршаецца двухдзённы візыт міністра нацыянальнай абароны Польшчы Мар'юша Блашчака ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Адбыліся сустрэчы ў Белым доме, Пэнтагоне і Кангрэсе. Ляйтматывам перагавораў стала пацьвярджэньне факту, што Амэрыка застаецца галоўным саюзьнікам Польшчы.

Міністар Блашчак наведвае Вашынгтон ужо другі раз сёлета. Папярэдні візыт адбыўся ў студзені. Тады вяліся перагаворы з тагачасным дарадцам Прэзыдэнта ЗША па справах бясьпекі генэралам Гэрбэртам Раймандам МакМастэрам.

Учора кіраўнік абароннага ведамства Польшчы бачыўся з новым дарадцам амэрыканскага лідара — Джонам Болтанам.

Польшча, такім чынам, стала першай сярод краін НАТА, зь якой вёў перагаворы новы дарадца Дональда Трампа.

Мар’юш Блашчак, міністар нацыянальнай абароны Польшчы: Я задаволены тым, што сустрэча працягвалася даўжэй, чым было прадугледжана. Гэтым можам быць задаволены мы ўсе ў Польшчы. Бо Злучаныя Штаты вельмі сур’ёзна ўспрымаюць нашы адносіны.

Мар’юш Блашчак абмеркаваў магчымасьць павелічэньня колькасьці амэрыканскіх салдат у Польшчы. Дэталі гэтай ініцыятывы яшчэ будуць прапрацоўвацца.

Падчас размоў польскага міністра і амэрыканскіх высокапастаўленых чыноўнікаў разглядалася таксама пытаньне пра пагрозы з боку Расеі.

Паводле міністра нацыянальнай абароны Польшчы, Варшава і Вашынгтон маюць аднолькавыя погляды па асноўных праблемах бясьпекі.

Мар’юш Блашчак: Адміністрацыя Прэзыдэнта Трампа адназначна ацэньвае сытуацыю ў Эўропе. І гэтыя ацэнкі супадаюць з польскімі ацэнкамі — ураду “Закону і справядлівасьці”. І я гэтаму вельмі рад.

Праблемы бясьпекі закраналіся таксама падчас сустрэч з членамі камісіі па абароне Палаты прадстаўнікоў і Сэнату.

Асаблівую ўвагу міністар Блашчак надаў сустрэчы ў Пэнтагоне зь міністрам абароны Джэймсам Мэтысам.

Мар’юш Блашчак: Сам факт, што падчас майго двухдзённага візыту адбыліся размовы з абодвума палітыкамі, якія адказваюць за бясьпеку [Дж. Болтанам і Дж. Мэтысам], сьведчыць пра тое, што наш галоўны саюзьнік успрымае Польшчу вельмі сур’ёзна.

З дапамогай Амэрыкі Польшча працягвае рабіць крокі па ўдасканальваньні сыстэмы нацыянальнай абароны.

Мар’юш Блашчак напомніў, што 28 сакавіка быў падпісаны кантракт на набыцьцё Варшавай ракет Patriot. Падчас перамоў у Вашынгтоне разглядалася магчымасьць наступных закупак узбраеньня.

Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаны файл.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт