Logo Polskiego Radia
Print

Сакавік-68 павінен выклікаць у палякаў гонар

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 08.03.2018 15:45
  • Сакавік-68.mp3
Гэта быў момант грамадзкага ўздыму ды салідарнасьці з ахвярамі рэпрэсій, заявіў польскі прэм'ер.
Foto: PAP/Radek Pietruszka

У сераду ў Варшаўскім унівэрсытэце прайшла дыскусія «Сакавікʼ68. Агульнапольскі грамадзкі рух супраць камунізму». Мерапрыемства было прысьвечанае ўшанаваньню 50-й гадавіны студэнцкіх пратэстаў сакавіка 1968 года. Пратэсты выклікала кампанія па выдаленьні з ВНУ студэнтаў габрэйскага паходжаньня. Аднымі з першых пратэст у падтрымку выдаленых калег – Адама Міхніка ды Генрыха Шляйфэра – пачалі студэнты Варшаўскага ўнівэрсытэту. Падзеі 50-гадовай даўніны ўзгадвалі ўдзельнікі, дасьледнікі ды палітыкі.

Так, адна з ініцыятарак пратэстаў Сакавікаʼ68 Ірэна Лясота заявіла, што пратэсты студэнтаў мелі характар сацыяльнай салідарнасьці ды атрымалі шырокую грамадзкую падтрымку.

Ірэна Лясота: Спачатку, я б хацела зазначыць, што не я адна заслугоўваю на вітаньні. Амаль кожны сівавалосы прысутны ў залі браў удзел у падзеях Сакавікаʼ68. Часта, калі апавядаюць пра тыя падзеі, забываюць сказаць, што ў пратэстах бралі ўдзел тысячы чалавек. Да таго ж, была шырокая падтрымка з боку варшавян. Сапраўдны Сакавікʼ68 – гэта тыя людзі, якія салідарна выйшлі ў падтрымку пратэстуючых студэнтаў.

Адзін з вядучых у Польшчы дасьледнікаў пратэстаў 1968 года прафэсар Ежы Эйсьлер падкрэсьліў, што Сакавікʼ68 быў бунтам пасьляваеннага пакаленьня палякаў.

Ежы Эйсьлер: Сакавікʼ68 і сьнежаньʼ70 - гэта быў бунт таго самага пакаленьня. Першага пакаленьня, што нарадзілася й вырасла ў народнай Польшчы. Калі Гамулка казаў тым людзям, што ў яго да вайны было дзьве кашулі, а ў іх чатыры, яны сьмяяліся з яго. Матывацыя галечай з 1930 гадоў, якую разумеў Гамулка ды старэйшае пакаленьне, не ўзьдзейнічала на 20-гадовых. Яны глядзелі на Захад, які прадстаўляўся з фільмаў і з расказаў тых, хто там быў, як лепшае месца. Нават лепшае, чым было насамрэч.

У сваю чаргу сацыёляг, які займаецца вывучэньнем грамадзкіх рухаў Матэвуш Фалькоўскі дадаў, што пратэсты 1968 у Польшчы сталі праявай самаарганізацыі тагачаснага польскага грамадзтва.

Матэвуш Фалькоўскі: Грамадзкі рух Сакавікаʼ68 прынёс шмат культурных інавацыяў. Гэта быў рух зьнізу, ад людзей, ён быў самаарганізаваным. Сытуацыя сумеснага дзеяньня змусіла грамадзтва знайсьці адказ на пытаньні, што іх непакоілі ды выпрацаваць супольныя мэты. Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што тады паўстаў у Польшчы першы грамадзкі рух.

Падзеі Сакавікаʼ68 павінны выклікаць у палякаў не пачуцьцё сораму, а гонару, заявіў польскі прэмʼер Матэвуш Маравецкі на пачатку дыскусіі. Польскі народ у 1968 годзе падтрымаў сваіх суграмадзян габрэйскага паходжаньня, якія сталі ахвярай рэпрэсій камуністычнага рэжыму.

Матэвуш Маравецкі: Cакавікʼ68 для Польшчы і палякаў, якія змагаліся за свабоду, павінен быць падставай, каб ганарыцца, а не прычынай саромецца. У сакавіку 1968 г. польская дзяржава не была сувэрэннай, а дзейнічала па загадзе з Масквы. Студэнцкія пратэсты мелі антыўрадавы характар, і таксама былі праявай салідарнасьці да нашых братоў і сясьцёр габрэйскага паходжаньня. Яны не былі для палякаў чужынцамі. Яны былі сваімі, хто 800 гадоў жыў, тварыў, працаваў, гандляваў у міры. 800 гадоў на польскай зямлі.

У дыскусіі «Сакавікʼ68. Агульнапольскі грамадзкі рух супраць камунізму» узялі ўдзел старшыня Інстытуту на карысьць дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе Ірэна Лясота, прафэсар Войцех Рашкоўскі, дырэктар варшаўскага аддзела Інстытута нацыянальнай памяці прафэсар Ежы Эйсьлер, Дарыюш Гавін з Інстытута сацыялёгіі ды філязофіі Акадэміі навук Польшчы і сацыёляг з Інстытут палітычных навук ПАН Матэвуш Фалькоўскі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт