Logo Polskiego Radia
Print

Падзеі сакавіка 1968 году аказалі вялікі ўплыў на жыцьцё палякаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.03.2018 11:45
  • сакавік'68.mp3
Польскае радыё наладзіла адмысловы інтэрнэт-сайт, прысьвечаны гэтым старонкам нацыянальнай гісторыі.
Памятная дошка ў памяць аб тых, хто быў прымушаны пакінуць Польшчу ў 1968 годзе: "Тут яны больш пакінулі пасьля сябе, чым мелі".  Памятная дошка ў памяць аб тых, хто быў прымушаны пакінуць Польшчу ў 1968 годзе: "Тут яны больш пакінулі пасьля сябе, чым мелі". Wikipedia.org/Adrian Grycuk/CC0 Creative Commons

Роўна 50 гадоў таму ў Польшчы адбываліся падзеі, якія аказалі значны ўплыў на палітыку краіны і жыцьцё тысяч яе жыхароў. У сьвядомасьці палякаў тыя здарэньні да сёньняшняга часу засталіся ў памяці пад паняцьцем «сакавік 1968 году». Польскае радыё наладзіла адмысловы інтэрнэт-сайт, прысьвечаны гэтым старонкам нацыянальнай гісторыі.

Падзеі сакавіка 1968 году насілі шматвэктарны характар. З пэрспэктывы дзесяцігодзьдзяў, якія прайшлі з таго часу, можна сказаць, што гэта быў сур’ёзны палітычны крызіс у дзяржаве, які пачаўся з разгону студэнцкіх дэманстрацый у многіх гарадах Польшчы, між іншым у Варшаве, Гданьску, Лодзі, Познані. Імпульсам стала забарона паказу спэктаклю «Дзяды» паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. П’еса не спадабалася камуністычнаму кіраўніцтву Польшчы, якое ўспрыняло яе як антыкамуністычны маніфэст. Але прычыны пратэстаў былі шырэйшыя. Моладзь актыўна ўключалася ў палітычнае жыцьцё, паўставалі дыскусійныя клюбы, што не магло падабацца аўтарытарным уладам. Многія правадыры пратэстаў былі габрэямі па паходжаньні.

Іншы вэктар гістарычнага фону тых падзей – антысэміцкія настроі, зьвязаныя з унутранай барацьбой ва ўладных структурах дзяржавы. Нагадаем, гэта было неўзабаве пасьля ізраільска-арабскага канфлікту, гэтак званай шасьцідзённай вайны, у якой улады СССР падтрымалі арабскі бок, адпаведна, тое ж самае была прымушаная зрабіць Польшча, антыізраільскія і антыгабрэйскія настроі нарасталі, чым скарысталася адна з фракцый ва ўладных структурах Польшчы, каб перамагчы іншую. Тысячы габрэяў былі прымушаныя іміграваць з Польшчы.

Гістарычныя падзеі вырашыла прыгадаць Польскае радыё, ствараючы адмысловы сайт, прысьвечаны сакавіку 1968 году. Падзеі тых дзён прадстаўленыя ў выглядзе гукавога календара, – кажа адзін са стваральнікаў сайта Бартламей Макоўскі.

Б. Макоўскі: Гэта спроба прадставіць кароткі нарыс асноўнай інфармацыі на тэму падзей, якія мелі месца 50 гадоў таму. Мы паставілі перад сабой мэту прадставіць хроніку сакавіцкіх падзей з самага пачатку – гэта значыць, з моманту забароны паказу «Дзядоў». І да самага канца – да наступстваў, якія прынесьлі гэтыя падзеі, гэта значыць, антысэміцкага перасьледу. Нагадаем, у выніку гэтага перасьледу з Польшчы былі прымушаныя выехаць амаль 20 тыс. асоб габрэйскага паходжаньня.

На сайце Польскага радыё ёсьць магчымасьць таксама паслухаць гуказапісы з выказваньнямі ўдзельнікаў падзей сакавіка 1968 году, – адзначае Бартламей Макоўскі.

Б. Макоўскі: Мы апыталі ўдзельнікаў тых падзей, студэнцкага бунту. Напрыклад, нашым суразмоўцам быў Генрык Вуец, адзін з удзельнікаў студэнцкіх маніфэстацый. Мы гутарылі таксама з Ірэнай Лясотай, якая таксама ўдзельнічалі ў пратэстах студэнтаў, а пазьней падвяргалася рэпрэсіям. Не маглі мы, канешне, прамінуць выказваньні гісторыкаў, якая тлумачаць прычыны і вынікі польскага сакавіка’68.

На сайце Польскага радыё, прысьвечаным падзеям, якія адбыліся 50 гадоў таму, можна паслухаць выказваньні эмігрантаў, якія былі прымушаныя зьехаць з Польшчы ў выніку тых падзей.

Б. Макоўскі: На партале мы прадстаўляем таксама магчымасьць паслухаць запісы асоб габрэйскага паходжаньня, якія пачынаюцца са словаў «Я выехаў з Польшчы, бо..». Гэта архіўныя запісы выказваньняў габрэяў, якія былі прымушаныя пакінуць сваю айчыну. Гэта вельмі эмацыйныя выказваньні, якія вобразна паказваюць тыя падзеі з пункту гледжаньня асоб, якія былі найбольш пацярпелымі ахвярамі гэтых гістарычных здарэньняў.

Гістарычны каляндар, прадстаўлены на сайце Польскага радыё, ілюстраваны гукавымі запісамі з архіваў Польскага радыё і радыё Свабодная Эўропа. Такім чынам слухач сам можа параўнаць афіцыйныя навіны тагачаснай польскай прапаганды з архіўнымі выказваньнямі ўдзельнікаў падзей, якія гучалі ў эфіры незалежнай радыёстанцыі.

Па словах гісторыкаў, наступствам сакавіка 1968 году стала паяўленьне ў Польшчы новага пакаленьня, якое на ўласнай скуры даведалася, што значыць камуністычны таталітарызм. Удзельнікі падзей адыгралі важную ролю ва ўсіх пазьнейшых апазыцыйных рухах, якія змагаліся з уладамі Польскай Народнай Рэспублікі. Пасьля гэтых падзей улады правялі чысткі сярод прафэсараў ВНУ, звольнілі непакорлівых, а на іх месца прызначылі ляяльных, з вучобы былі адлічаныя многія актыўныя студэнты. У выніку рэпрэсій значна аслабла польская навука, асабліва гуманітарныя напрамкі.

Адрас старонкі, прысьвечанай тым падзеям: marzec68.polskieradio.pl.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт