Сямёра школьнікаў зь Беларусі будзе ўдзельнічаць у Міжнароднай алімпіядзе па польскай мове і літаратуры ў Польшчы. Гэта ўзнагарода за іх добрыя вынікі на 26-ай Алімпіядзе па польскай мове, якая адбылася ў Горадні.
У моўна-літаратурных спаборніцтвах удзельнічалі вучні з розных гарадоў Беларусі, галоўным чынам з яе заходняй часткі, дзе пражывае шмат асобаў з польскімі каранямі, але таксама з іншых рэгіёнаў краіны. Агулам было 25 удзельнікаў – з Ваўкавыску, Горадні, але таксама з Віцебска, Магілёва.
Першае месца на алімпіядзе ў Беларусі заняў Арсен Радкевіч, вучань 10 клясу Школы з польскай мовай навучаньня ў Горадні. Па ягоных словах, першы этап быў адносна лёгкі, другі – ужо цяжэйшы.
А. Радкевіч: Я вырас у польскім асяродзьдзі. Тэсты першага этапу былі адносна простыя, а другі этап быў больш складаны. Прыйшлося мне крыху падумаць.
Дзеля ўдзелу ў алімпіядзе неабходна было прайсьці адборачны тур – першы этап праверкі ведаў па польскай мове і літаратуры, і толькі тады прыступіць да другога этапу. Спаборніцтва ладзіць арганізацыя Macierz Szkolna ў Беларусі, якая займаецца папулярызацыяй польскай мовы і літаратуры. Старшыня арганізацыі Станіслаў Сянкевіч кажа, што заданьні на другі этап алімпіяды былі падрыхтаваныя сапраўды даволі складаныя.
С. Сянкевіч: Складаны. На маю думку, узровень цяжкасьці пытаньняў у гэтым годзе значна вышэйшы, чым летась. Неабходна мець шырокія веды на тэму польскай літаратуры, добра ведаць таксама польскую мову. У гэтым годзе мы прапануем удзельнікам інтэрпрэтацыю даволі складаных вершаў. Як і ў папярэднія гады, можна заўважыць, што ўдзельнікі са школ з польскай мовай навучаньня прэзэнтуюць лепшыя веды, чым школьнікі, якія вучацца ў іншых школах. Акрамя таго, у малых мясцовасьцях няма добрых бібліятэк з польскай літаратурай.
А вось што казалі самі ўдзельнікі перад праверкай іх ведаў.
Вераніка Сайдак з Горадні: Я крыху хвалююся, але гэта цікава. З польскай літаратуры мая любімая кніжка – «Танга» Славаміра Мрожэка. Я б хацела выехаць вучыцца ў ВНУ ў Польшчу, можа, у Гданьск.
Марыя Шыманоўска: Я вучуся ў школе польскай мовы пры Саюзе палякаў у Беларусі. Гэтая алімпіяда – толькі чарговы этап майго разьвіцьця, праверка маіх ведаў. Мая любімая польская пісьменьніца – Эліза Ажэшка, а паэтэса – Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска. Я б хацела вывучаць міжнародныя адносіны ў Варшаўскім унівэрсытэце.
Прафэсар Анна Кежунь зь Беластоцкага ўнівэрсытэту спадзяецца, што ўдзельнікі зь Беларусі возьмуць высокія месцы падчас міжнароднай алімпіяды ў Варшаве.
А. Кежунь: Энтузіязм іх захоўваецца, я не заўважыла, каб яго было менш. Кожны год ёсьць значная група ўдзельнікаў зь Беларусі, меншая ці большая, але заўсёды яны прымаюць удзел у алімпіядзе. А ў гэтым годзе ў нас быў 41 удзельнік першага этапу адборачнага конкурсу.
41 чалавек удзельнічаў у першым этапе алімпіяды па польскай мове і літаратуры, якая адбылася ў Горадні два тыдні таму, а ў мінулыя выходныя прайшоў другі этап конкурсу, у якім прынялі ўдзел 24 асобы, што атрымалі найлепшыя вынікі падчас першага этапу. Дарэчы, сёлета на першы этап алімпіяды ўпершыню прыбыла каманда зь Віцебска. Аказалася, што не заўсёды першы блін комам, паколькі двое ўдзельнікаў з Віцебска выйшлі ў фінал.
А цяпер маладыя палякі зь Беларусі, між іншым пераможца другога этапу Арсен Радкевіч з Горадні будуць прадстаўляць сваю дзяржаву на Міжнароднай алімпіядзе польскай мовы і літаратуры ў Варшаве, даказваючы сьвету, што польская моладзь у Беларусі не забывае мовы сваіх продкаў, старанна вывучае польскую мову і літаратуру.
Уладзімер Пац/нг