На трампліне ў Пхёнчхане Мацей Кот, Стэфан Гуля, Давід Кубацкі ды Каміль Стох занялі трэцяе месца саступіўшы нарвэжцам (залаты мэдаль) ды немцам. Апошнія ўзялі срэбра, апярэдзіўшы палякаў на 3,3 пункта.
Польскія скакуны на лыжах вярнуліся ў краіну пасьля 10 гадзіннага падарожжа. У аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна іх чакалі сотні заўзятараў са сьцягамі ды морам пазытыўнай энэргіі. Польскія заўзятары дзякавалі спартоўцам за дасягненьні: упершыню палякі прывезьлі бронзавы мэдаль у камандным спаборніцтве па скоках на лыжах. Да гэтага Каміль Стох захаваў тытул алімпійскага чэмпіёна на вялікім трампліне. На сярэднім ды меншым трампліне палякі занялі 4 і 5 месца. Скакунам падзякаваў старшыня Польскага алімпійскага камітэта Анджэй Красіньскі.
Анджэй Красіньскі: Алімпійцы, мы рады за вашы посьпехі. Ад імя ўсёй алімпійскай сям’і я рады вітаць Вас усіх: спартоўцаў ды трэнэраў, лекараў ды масажыстаў, усіх, хто прычыніўся да дадзенага посьпеху. Сардэчна віншую, мы рады, што Вы з намі.
Таксама спартоўцаў падтрымаў міністар спорту Вітальд Банька.
Вітальд Банька: Шаноўныя скакуны, трэнэры, заўзятары, я хацеў бы вельмі сардэчна падзякаваць за ваша стаўленьне, за сапраўднае змаганьне, за тое, што вы зрабілі для Польшчы, за мэдалі, за ваш прыклад прафэсіяналізму, змаганьня ды вернасьці да бела-чырвоных колераў. Дзякуй Вам за гэта ад імя польскай дзяржавы. Польшча ганарыцца Вамі, вы героі!
Пасьля прывітаньня слова перадалі спартоўцам. Да сабраных зьвярнуліся ўсе чальцы польскай каманды.
Стэфан Гуля: Дзякуй вялікі ўсім прысутным, заўзятарам, у першую чаргу за тое, што вы верыце ў нас, падтрымліваеце нас у лепшыя ды горшыя моманты. Гэта найлепшае. Мы будзем далей аддаваць сябе цалкам, змагацца да канца, імкнуцца прадстаўляць нашую краіну з як найлепшага боку. Пакуль што мы задаволеныя нашымі дасягненьнямі. Яшчэ раз дзякуй!
Скакун Мацей Кот зазначыў, што гэта не канец і скакуны пачынаюць падрыхтоўку да наступных спаборніцтваў
Мацей Кот: Мы хацелі б дасягнуць большага посьпеху. Гэта не канец, а толькі этап на нашым шляху. Мы хочам далей працаваць над сабой. Гэта для нас матывацыя, каб больш прыкладаць высілкаў у наступныя гады. Гэта першы наш камандны мэдаль у гісторыі, але я веру, што не апошні. Яшчэ мы пакажам, на што мы здольныя. У нас ёсьць патэнцыял, будзем працаваць, каб ня раз прынесьці радасьць сабе ды ўсім заўзятарам. Дзякуй Вам за гэты прыемны сюрпрыз, за тое, што вы прыйшлі нас павітаць, падзякаваць. Мы ўсім удзячныя.
У сваю чаргу спартовец Давід Кубацкі падкрэсьліў, што польскія скакуны выступілі вельмі добра як каманда.
Давід Кубацкі: Пасьля прызямленьня мы моцна ўзрадаваліся за тое, што мы зрабілі. Эмоцыі не ападалі да канца спаборніцтваў, да апошняга ўдзельніка. Мы – выступілі на 100% як каманда. Я вельмі задаволены нашым вынікам і ганаруся ім. Лёгка не было, але мы працавалі да самага канца. Дзякуючы гэтаму мы вярнуліся дадому з мэдалямі.
Апошнім узяў слова алімпійскі чэмпіён Каміль Стох.
Каміль Стох: Не заўсёды выходзіць ізалявацца цалкам ад усяго, здараюцца горшыя моманты і эмоцыі перашкаджаюць. На шчасьце мы добра падрыхтаваліся да гэтага сэзону. Здараюцца невялікія памылкі, але мы ў стане дабівацца шмат. Я хацеў бы падзякаваць заўзятарам за падтрымку, за цёплыя словы. Гэта нам усім дапамагло не падацца. Дзякую трэнэрам, калегам па камандзе за іх высілкі. Я рады, што мы змаглі з Вамі сустрэцца.
Выступы польскіх скакуноў высока ацэньваюць спэцыялісты. Яны складаюць аснову польскай алімпійскай дэлегацыі падчас зімовых гульняў. Рэшта польскай алімпійскай каманды вернецца ў краіну пасьля завяршэньня зімовых алімпійскіх гульняў. Цырымонія закрыцьця адбудзецца ў нядзелю.
Міхал Фэдусё/Пераклаў Юры Ліхтаровіч